У эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці 5 лютага вынесьлі рашэньне па пазове Берасьцейскага аблвыканкаму да кампаніі «АйПауэр», якая займаецца будаўніцтвам акумулятарнага заводу ў Берасьці, паведамляе БелТА.
Суд задаволіў патрабаваньні Берасьцейскага аблвыканкаму, які прасіў суд спагнаць з ТАА «АйПауэр» 5 мільёнаў 725 тысяч 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія ня выканала свае абавязацельствы па дамове, заключанай у 2016 годзе.
Паводле дамовы, грошы на будаўніцтва завода вылучаліся з інавацыйнага фонду аблвыканкаму, яго павінны былі пабудаваць і запусьціць у эксплюатацыю да 31 ліпеня 2019 году, аднак праект ня быў рэалізаваны ў тэрмін.
Прадстаўнікі заводу на судзе казалі, што інвэстыцыйная дамова, згодна зь якой «Ай Пауэр» атрымала зь дзяржаўнага бюджэту 5 мільёнаў 725 тысяч 164 рублі і 25 капеек, увогуле не прадугледжаная заканадаўствам. І ўсе сродкі можна было выдзеліць паводле ўказу 357 прэзыдэнта, які апісвае працэдуру выдзяленьня прыватным прадпрыемствам сродкаў зь дзяржаўнага бюджэту. Адпаведна, прэтэнзіі аблвыканкаму, заснаваныя на прапісанай у гэтай дамове даце здачы заводу, неабгрунтаваныя.
Таксама яны спасылаліся на іншую інвэстыцыйную дамову, заключаную ў 2017 годзе, якую лічаць асноўнай і паводле якой крайні тэрмін уводу завода ў эксплюатацыю — другі квартал 2020 году.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Інфармацыя пра прэтэнзіі да кампаніі «Ай Пауэр» з боку берасьцейскіх уладаў зьявілася ў жніўні 2019 году. Прыкладна празь месяц стала вядомая сума — больш за 5,5 мільёна беларускіх рублёў. Яны выдзяляліся пад будаўніцтва скандальнага акумулятарнага заводу каля вёскі Тэльмы пад Берасьцем.