На пытаньне карэспандэнткі Свабоды Аляксандры Дынько, калі стане вядома пра сутнасьць зьменаў у Канстытуцыю, Лукашэнка адказаў, што ён не абяцаў іх да прэзыдэнцкіх выбараў.
«Было б глупа з майго боку сёньня заявіць, што мы да прэзыдэнцкіх выбараў зьменім Канстытуцыю. Я абяцаў, што мы пачнем над гэтым працу. Што гэта будзе даручана клясным моцным спэцыялістам Канстытуцыйнага суду. Я зрабіў гэта», — адказаў Лукашэнка.
Цяпер, паводле Лукашэнкі, «на падставе шматлікіх прапановаў» юрыстаў Канстытуцыйнага суду можна пераходзіць да наступнага этапу — фармаваць больш шырокую групу спэцыялістаў, якія «паспрабуюць напісаць праект Канстытуцыі ў сырым выглядзе і прадставіць яго прэзыдэнту».
«Я ўжо, калі палічу патрэбным, прадстаўлю яе ўсяму грамадзтву. І трэці этап — гэта будзе, хутчэй за ўсё, абмеркаваньне грамадзтвам гэтай Канстытуцыі», — дадаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ніякіх канкрэтных тэрмінаў зьмены Канстытуцыі ставіць ён «ня мае намеру і не зьбіраецца».
«Будзе гатовы варыянт, пойдзем далей. Сьпешка тут не прымальная, гэта сур’ёзнае пытаньне: як будзе жыць і разьвівацца краіна ў будучыні», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ён сказаў, што «элемэнты новай Канстытуцыі з пункту гледжаньня Канстытуцыйнага суду» яму паказалі, і яго «зьдзівіла і ўзрадавала, што людзі не зьбіраюцца ламаць цяперашнюю Канстытуцыю».
Таксама, паводле Лукашэнкі, судзьдзі Канстытуцыйнага суду асабіста падпісвалі свае прапановы зьменаў у Канстытуцыю. «Пэрсанальная адказнасьць за лёс краіны; за тое, як яны будуць жыць у гэтай краіне, як дзеці іх будуць жыць», — сказаў Лукашэнка.
1 сакавіка 2019 году, адказваючы на пытаньне Свабоды падчас «Вялікай размовы», Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
Паводле яго, якраз над гэтым цяпер працуюць «граматныя юрысты» і судзьдзі Канстытуцыйнага суду, але нейкіх вынікаў ён яшчэ не атрымаў. Ламаць выбарчае заканадаўства цяпер, калі маюць адбыцца парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, немэтазгодна, лічыць ён. Але пасьля гэтых кампаній — цалкам магчыма. «Разам будзем думаць, які закон пакінуць нашым дзецям», — сказаў Лукашэнка.