Аляксандар Лукашэнка 24 студзеня наведаў Шклоў. Падчас візыту на шклоўскі завод газэтнай паперы ён абурыўся нафтавым канфліктам з Расеяй. Кадры гэтага паказаў дзяржаўны тэлеканал СТВ.
«Выбачайце, нас ракам паставілі па вуглевадародах, і ніхто на гэта не паглядзеў, — пляваць на ўсе саюзы і іншае. А мы дрыжым, баімся сваю краіну абараніць», — сказаў Лукашэнка.
«Хопіць глядзець па баках і быць пухнатымі і белымі. У нас ёсьць свае інтарэсы, свая дзяржава і свой народ, і мы павінны іх абараніць, чаго б нам гэта ні каштавала», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хацеў схадзіць на шклоўскі дрэваапрацоўчы завод, а той збанкрутаваўМяркуючы па відэа, яго выказваньне пра вуглевадароды слухаў дырэктар заводу газэтнай паперы Юры Лука.
Што папярэднічала абурэньню сытуацыяй з вуглевадародамі, на відэа СТВ ня трапіла. Але пасьля Лукашэнка абураўся тым, што «дзяваць няма куды» прадукты харчаваньня і прадукцыю дрэваапрацоўкі:
«У нас нейкія „Кранашпаны“ палітыку ажыцьцяўляюць і дыктуюць. Забудзьце!»
Kronospan — міжнрародная дрэваапрацоўчая кампанія родам з Аўстрыі і штаб-кватэрай у Чэхіі. Мае завод у Смаргоні і Магілёве, які працуе з 2012 году, вырабляе драўляныя пліты і падлогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Беларусь дамаўляецца пра пастаўкі нафты з ЗША, Саудаўскай Арабіяй і Эміратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра канфлікт з Расеяй: «Я не хачу быць апошнім прэзыдэнтам Беларусі»Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі