Аляксандар Лукашэнка 24 студзеня наведаў Шклоў. Падчас размовы з калектывам шклоўскага заводу газэтнай паперы ён згадаў тэму сувязі і смартфонаў у прыватнасьці.
«Можа, гэта і кепска: у мяне нават няма мабільнага тэлефону, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — Гляджу: мае калегі-прэзыдэнты сядзяць, тыкаюць у гэтыя „айфоны“ і іншае. Я гэтым не займаюся. Я ведаю, што такое бясьпека. Справа нават ня ў гэтым: у мяне ёсьць каму гэтым займацца».
Ён дадаў, што калі камусьці тэлефануе праз мабільны тэлефон, то «ад'ютант яго прыносіць», але такім відам сувязі карыстаецца рэдка. Акрамя таго, ён заявіў, што радыёхвалі нібыта кепска ўплываюць на здароўе чалавека (адносна тэлефонаў такая тэорыя выклікае вялікія сумневы ў мэдыкаў і навукоўцаў, але не абвергнутая канчаткова), і згадаў пра «магчымую небясьпеку штучнага інтэлекту».
«Цяпер гэтыя гаджэты ў вас у кішэні, і, дзе б вы ні былі, вас бачаць тыя, хто трэба, — адзначыў Лукашэнка. — Вам гэтага хочацца? Не».
Аляксандра Лукашэнку сапраўды ня бачылі з мабільным тэлефонам у руках на публічных мерапрыемствах. Нават у верталёце ён карыстаецца правадным тэлефонам. І нават калі яму дэманстравалі «смартфон КДБ», ён не пакруціў апарат у руках (прынамсі перад камэрай). На відэа прэзыдэнцкай прэс-службы з кабінэту Лукашэнкі манаблёк Apple iMac ні разу не ўключаўся і, падобна, не мяняўся з 2014 году, калі быў упершыню заўважаны. Але ягонага малодшага сына Мікалая заўважылі зь белым iPhone у 2010 годзе.
Расейскі калега Лукашэнкі Ўладзімір Пуцін таксама не карыстаецца мабільнымі тэлефонамі. Ягоны прэс-сакратар тлумачыў гэта тым, што «мець смартфон — гэта такі эксгібіцыянізм, добраахвотны прычым».
Украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі мае сучасны iPhone сэрыі X (мадэль 2017 або 2018 году), ды яго крытыкавалі за тое, што на гэтым смартфоне ўсталяваная расейская праграма «Яндекс.Диск», да зьвестак у якой тэарэтычна могуць атрымаць доступ расейскія спэцслужбы.
У старшыні КДБ iPhone 6, у былога ахоўніка Лукашэнкі Huawei Mate 8
Два тыдні таму Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, апублікаваў фота двух высокапастаўленых чыноўнікаў са смартфонамі.
Тады Tut.by пазнаў мадэлі апаратаў. У старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка — iPhone 6 або 6s (мадэль 2014 або 2015 году), у міністра спорту і былога ахоўніка Лукашэнкі Сяргея Кавальчука — Huawei Mate 8 (флягманская мадэль 2015 году).
А «смартфон КДБ» пасьля прэзэнтацыі Лукашэнку яшчэ не заўважалі ў руках беларускіх чыноўнікаў.