Па вэрсіі ўладаў, кампанія Ўладзімера Лемяшэўскага атрымала зь дзяржаўнага бюджэту сродкі на будаўніцтва акумулятарнага заводу, аднак не запусьціла аб’ект.
Інфармацыя пра прэтэнзіі да кампаніі «Ай Пауэр» з боку берасьцейскіх уладаў зьявілася ў жніўні 2019 году. Прыкладна празь месяц стала вядомая сума — больш за 5,5 мільёна беларускіх рублёў. Яны выдзяляліся пад будаўніцтва скандальнага акумулятарнага заводу каля вёскі Тэльмы пад Берасьцем.
Паводле берасьцейскага аблвыканкаму, «Ай Пауэр» павінна была запусьціць прадпрыемства летам 2019 году. Гэтага не адбылося, таму выканкам лічыць умовы дамовы паміж дзяржавай і прыватнай кампаніяй парушанымі. А значыць, «Ай Пауэр» павінна вярнуць грошы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя адмовіўся закрываць суд Берасьцейскага аблвыканкаму супраць акумулятарнага заводу
«Аншляг такі?»
Папярэдняе паседжаньне па гэтай справе адбылося 17 сьнежня, дамовіцца на ім бакі не змаглі. Юрысты «Ай Пауэр» спрабавалі дамагчыся вядзеньня працэсу ў закрытым рэжыме, аднак судзьдзя такое хадайніцтва адхіліў. 14 студзеня пачаўся непасрэдны разгляд справы.Уладальнік «Ай Пауэр» Віктар Лемяшэўскі, якога выпусьцілі з-пад варты ў СІЗА КДБ 31 сьнежня пад падпіску аб нявыезьдзе, на суд не прыйшоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага за хабар уладальніка акумулятарнага завода выпусьцілі з турмыІнтарэсы кампаніі, якая пабудавала скандальны акумулятарны завод, прадстаўляла адвакатка. З боку аблвыканкаму прысутнічалі дзьве юрысткі. У якасьці трэцяга боку — прадстаўніца Міністэрства фінансаў. На суд таксама прыйшлі каля дзясятка актывістаў, якія выступаюць супраць будаўніцтва заводу. У выніку невялічкая заля запоўнілася цалкам.
«Аншляг такі сёньня? — зьдзівілася судзьдзя Драчук, калі зайшла ў залю паседжаньня. — Слухачы?» — «Людзі», — адказалі ёй актывісты. «Бачу, што людзі», — пажартавала ў адказ судзьдзя і прапанавала бакам выказаць свае пазыцыі. Тут жа выявілася, што «Ай Пауэр» выступіў з пазовам у адказ да аблвыканкаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праціўнікі акумулятарнага заводу ў цэнтры Берасьця патрабавалі сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі-ўладальнцы
«Калі дамова была заключаная, то яе трэба выконваць»
Па вэрсіі прадстаўнікоў кампаніі Лемяшэўскага, інвэстыцыйная дамова, згодна зь якой «Ай Пауэр» атрымала зь дзяржаўнага бюджэту 5 мільёнаў 725 тысяч 164 рублі і 25 капеек, увогуле не прадугледжаная заканадаўствам. І ўсе сродкі можна было выдзеліць паводле ўказу 357 кіраўніка краіны, які апісвае працэдуру выдзяленьня прыватным прадпрыемствам сродкаў зь дзяржаўнага бюджэту. Адпаведна, усе прэтэнзіі аблвыканкаму, заснаваныя на прапісанай у гэтай дамове даце здачы заводу, неабгрунтаваныя.
На дадатак адвакатка «Ай Пауэр» падала хадайніцтва з просьбай прадставіць суду пратакол паседжаньня экспэртнай камісіі, якая ў 2016 годзе дазволіла аблвыканкаму выдзеліць грошы на будаўніцтва акумулятарнага заводу «Ай Пауэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейцы працягваюць ладзіць сустрэчы, каб не дапусьціць дзейнасьці акумулятарнага заводуПрадстаўніцы аблвыканкаму з такой пазыцыяй прыватнай кампаніі ня згодныя. Яны настойваюць, што суд павінен грунтавацца менавіта на дамове паміж «Ай Пауэр» і берасьцейскім аблвыканкамам, паводле якой акумулятарны завод належала здаць у ліпені 2019 году.
«Калі дамова была заключаная, то яе ўсё ж трэба было выконваць», — падтрымала на паседжаньні пазыцыю аблвыканкаму прадстаўніца Міністэрства фінансаў. Усьлед за гэтай заявай з залі пасыпаліся воклічы ад актывістаў, адрасаваныя прадстаўнікам кампаніі Віктара Лемяшэўскага. «Вярніце грошы! — амаль крычалі прысутныя. — Вы атрымалі іх з нашых падаткаў!»
Судзьдзя выслухала ўсе бакі і пастанавіла зрабіць перапынак у паседжаньні да пятніцы 17 студзеня. Да гэтага часу бакі павінны азнаёміцца з хадайніцтвамі, а аблвыканкам — прадставіць у суд пратакол паседжаньня экспэртнай камісіі, якая вырашыла выдзеліць на акумулятарны завод амаль 6 мільёнаў дзяржаўных рублёў.
Справу павінны разгледзець да 19 лютага.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.