У эканамічным судзе Берасьцейскай вобласьці 17 сьнежня адбылося папярэдняе пасяджэньне суду па пазове Берасьцейскага аблвыканкаму да акумулятарнага заводу «АйПауэр» аб вяртаньні грошай інавацыйны фонд, паведамляе БелаПАН.
Берасьцейскі аблвыканкам папрасіў суд спагнаць з ТАА «АйПауэр» 5 мільёнаў 725 тысяч 164,25 рубля ў інавацыйны фонд, бо кампанія ня выканала свае абавязацельствы па дамове, заключанай у 2016 годзе. Паводле дамовы, грошы на будаўніцтва завода вылучаліся з інавацыйнага фонду аблвыканкаму, яго павінны былі пабудаваць і запусьціць у эксплюатацыю да 31 ліпеня 2019 году, аднак праект ня быў рэалізаваны ў тэрмін.
Прадстаўнік заводу не пагадзіўся з пазыцыяй аблвыканкаму, спаслаўшыся на іншую інвэстыцыйную дамову, заключаную ў 2017 годзе, якую ён лічыць асноўнай. Паводле гэтай дамовы, крайні тэрмін уводу завода ў эксплюатацыю — другі квартал 2020 году, распавёў праваабаронца Раман Кісьляк, які прысутнічаў на паседжаньні.
Паводле Кісьляка, аблвыканкам заявіў хадайніцтва аб разглядзе пазову ў закрытым судовым пасяджэньні, але судзьдзя адмовіў у хадайніцтве. Як адзначыў праваабаронца, «такая пазыцыя аблвыканкаму абуральная», бо «мы маем права на атрыманьне інфармацыі аб тым, як трацяцца народныя грошы».
Асноўнае судовае паседжаньне па пазове прызначана на 14 студзеня.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.