Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Берасьце 6 верасьня заявіў, што «пабачыў парушэньні» на будаўніцтве акумулятарнага заводу iPower, піша БелТА. Пратэсты супраць гэтых парушэньняў трываюць ад пачатку 2018 году.
«Думаю, ня буду вельмі арыгінальным у сваім меркаваньні: я, вядома, на баку людзей, — сказаў Лукашэнка пра акумулятарны завод. — Тут зьявіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны зьявіліся тады, калі ўся інфармацыя стала здабыткам прэзыдэнта».
Лукашэнка заявіў, што як толькі да яго паступіла інфармацыя аб праблемах, зьвязаных з будаўніцтвам акумулятарнага завода, яе сталі старанна пераправяраць. Але «не разабраўшыся ў сытуацыі, махаць мячом непрымальна», падкрэсьліў ён.
«Калі я пераправерыў інфармацыю, я ўбачыў, што тут людзі, якія перажываюць за экалёгію, сваё жыцьцё, жыцьцё дзяцей, у асноўным маюць рацыю, — дадаў Лукашэнка. — І я ўбачыў правапарушэньні — з боку і асобных дзяржаўных службоўцаў, і асобных дзяльцоў, якія паабяцалі пабудаваць наогул жа патрэбны нам аб'ект».
Але будаўніцтва заводу не скасавалі
Лукашэнка дадаў, што калі акумулятарны завод у Берасьці і запускаць, то ён мусіць адпавядаць экалягічным стандартам. Ён адзначыў, што ў Беларусі яшчэ не было акумулятарнага заводу, а праект берасьцейскага быў добрым.
«Але гэта таго ня варта, каб гнабілі людзей і гадзілі экалёгію, — сказаў Лукашэнка пра праект заводу. — Мы пачынаем вычышчаць, вымываць краіну, і на табе — лыжка дзёгцю.
Таму я бачыў там крымінальныя справы і жорстка даручыў адпаведным службовым асобам заняцца гэтым пытаньнем. Калі зразумелі, што прэзыдэнт трымае на кантролі, рукамі разьвялі і адправілі ў месцы не такія аддаленыя некалькі чалавек. Астатнія ва ўцёках — шукаем. Дакладней, мы ведаем, дзе яны — прывязем дадому, гэта не пытаньне. І спытаем на ўсю катушку».
Лукашэнка дадаў, што мясцовым жыхарам трэба даць правесьці ўласную экспэртызу заводу, і «толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод».
Але таксама Лукашэнка адзначыў, што праз пратэсты супраць заводу «нехта палітычна хоча пагрэць рукі: ужо ўладу мяняць будуць, бо завод кепскі». У разважаньнях пра гэта ён зьвязаў Чарнобыльскую катастрофу з ростам нацыяналізму, што, паводле Лукашэнкі, «гэта прывяло да развалу Савецкага Саюзу і шмат-шмат бедаў прынесла народам, асабліва беларусам».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.