Апазыцыйныя палітыкі раз за разам зьдзіўляюць нечаканымі заявамі. 21 сьнежня на пасяджэньні сойму Партыі БНФ цяпер ужо былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла пра адмову ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, калі сярод кандыдатаў будзе Аляксандар Лукашэнка. Між тым, 17 лістапада кіраўнік дзяржавы публічна заявіў пра тое, у чым і так ніхто не сумняваўся — што хоча і далей заставацца на прэзыдэнцкай пасадзе.
Сьцісла
- Анісім нечакана адмовілася ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.
- З адной і той жа партыі на адзінага кандыдата на прэзыдэнта прэтэндуюць двое актывістаў.
- Паасобку апазыцыянэры наўрад ці здольныя сабраць 100 тысяч подпісаў.
Цяжка зразумець мэты спадарыні Анісім. Яна яшчэ ўлетку адной зь першых заявіла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. А зараз дае задні ход. Магчыма, так на яе паўплывалі хада і вынік выбараў у Палату прадстаўнікоў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анісім ня пойдзе на прэзыдэнцкія выбары, калі ў іх возьме ўдзел ЛукашэнкаЗ дысцыплінай у апазыцыі складана
Праблема адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах усплыла чарговым разам. На супрацу пакуль публічна пагадзілася толькі Правацэнтрысцкая кааліцыя, якая ўключае ў сябе Абʼяднаную грамадзянскую партыю, аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і рух «За свабоду». Яшчэ 25 верасьня 2018 году гэтыя тры структуры абвесьцілі намер вылучыць адзінага кандыдата. Пазьней назвалі і трох прэтэндэнтаў: па адным ад кожнага субʼекта. Гэта адпаведна Мікалай Казлоў, Павал Севярынец і Юрась Губарэвіч. Дамовіліся правацэнтрысты і пра форму вызначэньня такога кандыдата — праз праймэрыз.
Але мінуў больш як год, а конкурс дагэтуль не адбыўся. Штораз знаходзіліся розныя прычыны не сьпяшацца. Апошні аргумэнт быў такі: дачакаемся выбараў у Палату прадстаўнікоў, паглядзім, хто трапіць у парлямэнт, і тады абавязкова вызначымся. Вынікі выбараў вядомыя — нікога з апазыцыі ў парлямэнт не прапусьцілі. Адбылося галасаваньне 17 лістапада. Значыць, ужо пяць тыдняў як зьнікла і гэтая перашкода. А праймэрыз як не было, так і няма.
Болей за тое, пра намер удзельнічаць у выбарах заявіла актывістка БХД Вольга Кавалькова. Адразу хочацца запытацца: а як жа з партыйнай і карпарацыйнай дысцыплінай? Так, правацэнтрысты дапускаюць да ўдзелу ў праймэрыз, акрамя трох згаданых лідэраў, і іншых асобаў з дэмакратычным бэкграўндам. Але калі яны ня могуць дамовіцца ўнутры адной партыі, то цяжка спадзявацца на агульную згоду ў шырэйшым фармаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Кавалькова: Я ўсур’ёз вылучаюся на прэзыдэнта, гатовая да самых жорсткіх сцэнараўЯк сабраць 100 000 подпісаў
Кожны, хто хоча ўдзельнічаць у выбарах, уключаючы дзейнага кіраўніка дзяржавы, мусіць сабраць у сваю падтрымку як найменей 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія маюць права галасаваць. Задача, як паказаў досьвед папярэдняй выбарчай кампаніі ў 2015 годзе, надзвычай складаная. Раней, і гэта фактычна не хавалася, зьбіральнікі подпісаў атрымлівалі за працу пэўны ганарар. У 2015 годзе Абʼяднаная грамадзянская партыя і партыя «Справядлівы сьвет» паспрабавалі зрабіць гэтую працу на чыстым энтузіязьме. У выніку ў падтрымку як Анатоля Лябедзькі, так і Сяргея Калякіна не сабралі і паловы неабходнай колькасьці подпісаў.
На мой погляд, і ў 2020 годзе, калі ня будзе адзінага кандыдата, а апазыцыя ўступіць у кампанію ў такім расьцярушаным выглядзе, неабходных подпісаў не зьбярэ ніхто. Чыста фізычных сілаў не хапае. А фінансавае становішча апазыцыі за апошнія гады не палепшылася. Хутчэй наадварот. Выглядае, што і чарговая кампанія адбудзецца бяз грошай. А гэта вельмі зручна ўладзе, бо яна атрымае магчымасьць сама выбіраць сабе ў супернікі кандыдата ад апазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец хоча балятавацца на прэзыдэнта ад БХДМожа, апазыцыянэры спадзяюцца паўтарыць сцэнар 2010 году, калі на фінішы выбарчай кампаніі аказаліся аж 10 кандыдатаў? Але тады і фінансавыя магчымасьці ў іх былі куды лепшыя, ды і ўлада, як дагэтуль лічаць многія экспэрты, сама выбрала такі сцэнар кампаніі. І таму ведамства спадарыні Ярмошынай заплюшчыла вочы на шматлікія падробкі ў падпісных лістах і зарэгістравала ўсіх ахвотных.
Як было раней
Адзіны кандыдат ці розныя калёны — гэта вечнае пытаньне беларускай апазыцыі. Двойчы, хоць і зь вялікім рыпам, але адзінага абіралі. У 2001 годзе ім быў Уладзімер Ганчарык. У 2006 — Аляксандар Мілінкевіч. Дарэчы, Мілінкевіч казаў, што ягонае абраньне праз Кангрэс дэмакратычных сілаў стала добрай мабілізацыяй для грамадзтва. У выніку ініцыятыўная група тады склала больш за 5 тысячаў чалавек.
Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?
Пра намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі таксама ўжо заявілі:
- Алег Гайдукевіч — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі;
- Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней;
- Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат;
- Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі (2001, 2006, 2010, 2015), за выключэньнем выбараў 1994 году, на якіх яго ўпершыню абралі прэзыдэнтам, не былі прызнаныя дэмакратычнымі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стэрыльная перадвыбарчая сустрэча Лукашэнкі: ніводнага вострага пытаньня