Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэрыльная перадвыбарчая сустрэча Лукашэнкі: ніводнага вострага пытаньня


Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт
Аляксандар Лукашэнка падчас візыту ў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт

Відаць па ўсім, перадвыбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі пачалася. 13 сьнежня ён наведаў Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі. Сустрэча трансьлявалася ў мэдычныя ўнівэрсытэты ў Віцебску, Гомлі і Горадні. Ніводнага непрыемнага Лукашэнку пытаньня на сустрэчы не прагучала.

Сьцісла

  • Сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі была максымальна стэрыльнаю. Ніхто ніякіх вострых пытаньняў не задаваў.
  • Паводле Лукашэнкі, у беларускай мэдыцыне усё добра, а будзе яшчэ лепш. Трэба толькі трохі палепшыць, паглыбіць, павысіць і пашырыць.
  • Галоўную праблему беларускай мэдыцыны — недахоп мэдыкаў — Лукашэнка паспрабаваў як мага акарыкатурыць. Паводле ягонай вэрсіі, ва ўсім, як звычайна, вінаватыя незалежныя мэдыя.
  • Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі людзей садзяць за краты за ўжываньне наркотыкаў, і паабяцаў для такіх асуджаных пэрсанальныя амністыі.

Аўдыторыя была выбраная дакладана. Па-першае, мэдыцына, ахова здароўя турбуе усіх. Па-другое, студэнты, увогуле моладзь — ладная частка электарату.

Сустрэча з студэнтамі адбылася ў даволі напружаны палітычны момант. Толькі што прайшла парлямэнцкая кампанія, за якую Лукашэнка мусіў некалькі разоў апраўдвацца. Крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях ужо нэгатыўна адбіваецца на сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне, упершыню за шмат гадоў бюджэт на наступны год аказаўся дэфіцытным. Толькі што адбылася важная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Сочы, чакаецца новы раўнд перамоваў з кіраўніцтвам Расеі. Частка грамадзтва моцная занепакоена пэрспэктываю сувэрэнітэту Беларусі, і гэта вывела на вуліцы Менску 7–8 сьнежня сотні людзей.

Можна было чакаць, што вельмі актуальныя для грамадзтва пытаньні на гэтыя гарачыя тэмы будуць зададзены кіраўніку дзяржавы ці ён сам іх падыме. Але не. Сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі была максымальна стэрыльнай. Ніхто ніякіх вострых пытаньняў не задаваў. Студэнтаў цікавілі спорт, будаўніцтва помніка зьнішчанай у вайну вёсцы і інш. Лукашэнка з усяе змогі робіць выгляд, што ў краіне няма праблем. Магчыма, гэтая схема будзе дамінаваць у ходзе усёй выбарчай кампаніі дзейнага кіраўніка.

Цікава было паглядзець на новую тэхналягічную знаходку ўладаў у інфармацыйнай палітыцы — тэлеграм-канал «Пул Первого» з дэвізам «Тут тое, што не пакажуць у тэлевізары». Здавалася, менавіта падчас такіх захадаў гэты рэсурс дасьць інфармацыі больш, чым традыцыйныя дзяржаўныя мэдыя. Але аказалася ўсё наадварот. «Пул Первого» трансьляваў сустрэчу Лукашэнкі з студэнтамі яшчэ больш стэрыльна, чым нават БелТА і сайт прэзыдэнта. Як у вядомым анэкдоце: што ні канструюй, усё роўна атрымоўваецца аўтамат Калашнікава.

Цяпер уласна да зьместу выступу Лукашэнкі. У беларускай мэдыцыне усё добра, а будзе яшчэ лепш. Трэба толькі трохі палепшыць, паглыбіць, павысіць і пашырыць.

Галоўную праблему беларускай мэдыцыны — недахоп мэдыкаў — Лукашэнка паспрабаваў як мага акарыкатурыць. На сайце прэзыдэнта ў сюжэце на гэтую тэму кіраўнік дзяржавы, кажучы аб працоўнай эміграцыі дактароў, называе розныя лічбы. Паводле Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага году зь Беларусі зьехалі для працы за мяжой каля 200 лекараў, а летась — 158. Потым Лукашэнка кажа: «І некаторыя нашыя — 100 чалавек там — рванулі туды».

Насамрэч беларускіх мэдыкаў за мяжой працуе значна больш. Але Лукашэнка ўсяляк абмінае галоўную прычыну працоўнай эміграцыі, а менавіта нізкія заробкі. Паводле вэрсіі Лукашэнкі, ва ўсім, як звычайна, вінаватыя незалежныя мэдыя. «Ужо занадта цяпер раскручваецца праблема адтоку кадраў. Але вы хіба ня бачыце, што пад гэтым вялікая палітыка. Куды едуць пераважна? У Польшчу і Літву. І зараз разьдзімаецца гэтае пытаньне перш за ўсё ў апазыцыйных сродках масавай інфармацыі — яны ў Польшчы і Літве ўсе сядзяць. Чаму? Каб вас прыцягнуць туды. Шэнген, адзіная прастора — зь Літвы і Польшчы лекары рванулі ў Нямеччыну, Францыю, Вялікую Брытанію зарабіць грошай. І там сёньня бяда. Вось яны і баламуцяць наша грамадзтва, каб падштурхнуць вас да выезду», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ён паабяцаў: «Налета заробкі лекараў павінны вырасьці на 20%, а да 2025 году яны падвысяцца ўдвая». Перадвыбарчая «раздача сланоў» пачалася.

Яшчэ зьвяртае на сябе ўвагу заява пра пэрсанальныя амністыі асуджаным паводле «наркатычнага» артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу. Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі людзей садзяць за краты за ўжываньне наркотыкаў, што дастаткова рэдкая зьява ў сьвеце. У кожным разе, для эўрапейскай краіны гэта экзотыка. «Напэўна, мы недаацанілі тое, што ўжываньне наркотыкаў — гэта хвароба», — сказаў Лукашэнка. І прызнаў, што дзесьці можна саступіць — у выпадку тых, хто «трапіў у гэтую бяду ў пляне ўжываньня наркотыкаў».

Тэма адносінаў з Расеяй прагучала мімаходзь. Лукашэнка заявіў, што, «магчыма, трэба будзе яшчэ некалькі раўндаў перамоваў з Расейскай Федэрацыяй у балючых пытаньнях».

І больш ніякіх праблемаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG