Напачатку наступнага году Беларусь зьбіраецца наведаць кіраўніцтва групы Эўрапейскага парлямэнту для кантактаў зь Беларусьсю. Група створаная ў 1994 годзе і вядзе дыялёг з прадстаўнікамі палітычных сілаў, няўрадавых арганізацыяў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Усяго ў групе 19 эўрадэпутатаў з розных краін ЭЗ. На чале групы паляк Робэрт Бедрань з сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту. Пра дзейнасьць дэлегацыі і пляны сустрэчаў у Беларусі палітык расказаў у інтэрвію Радыё Свабода.
Хто такі Робэрт Бедрань
- Нарадзіўся ў 1976 годзе. Паводле адукацыі ён палітоляг, ведае пяць моваў.
- У 2011 годзе ён стаў першым дэпутатам польскага парлямэнту — адкрытым геем.
- Быў мэрам Слупску. Адмовіўся ад службовага аўтамабіля і на працу езьдзіў роварам ці грамадзкім транспартам. Акрамя таго, зьменшыў заробкі ўсім гарадзкім чыноўнікам і сам меў найменшы сярод усіх польскіх мэраў заробак. Праводзіў рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі гораду, запрашаючы іх да размовы на канапу, пастаўленую адмыслова для гэтага на галоўным пляцы.
- Заснаваў сёлета сацыял-дэмакратычную партыю «Вясна», якая на выбарах у Эўрапарлямэнт атрымала 6,06% галасоў.
«Я не ўяўляю Эўропы безь Беларусі»
— Беларусь не належыць да ЭЗ, не зьбіраецца туды ўступаць. Беларусь нават ня сябра Рады Эўропы. Што прымушае Эўрапарлямэнт цікавіцца Беларусьсю?
— Беларусь — гэта частка Эўропы, а беларускае грамадзтва — яе інтэгральная частка. У Беларусі — эўрапейскі дух, эўрапейская гісторыя, ідэнтычнасьць і каштоўнасьці. Я не ўяўляю Эўропы безь Беларусі і не ўяўляю, каб мы ў Эўразьвязе ігнаравалі факт, што за нашай усходняй мяжой ёсьць беларуская дзяржава. Нягледзячы на тое, што ў нас няма афіцыйных дачыненьняў зь беларускім парлямэнтам, для Эўрапейскага Парлямэнту Беларусь — важны партнэр. Нам важна падтрымліваць дыялёг, асабліва ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону. Эўрапейскі Парлямэнт і Рада Эўропы часта ў сваёй працы закранаюць беларускія пытаньні. Таму відавочна, што Беларусь для нас істотная.
— У самім ЭЗ, ня кажучы ўжо пра краіны па-за ім, шмат хто крытыкуе Эўрапарлямэнт, маўляў, ён насамрэч нічога не вырашае. Дык што тады ён можа даць Беларусі?
— Роля ЭП штогод павялічваецца. Возьмем, напрыклад, бюджэт Эўразьвязу. Я ведаю, пра што кажу, бо ўваходжу ў бюджэтную камісію. Эўрапарлямэнт прымае бюджэт ЭЗ. І сродкі, якія Эўразьвяз вылучае для Беларусі, а гэта некалькі дзясяткаў мільёнаў эўраў штогод, падтрымліваюць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Гэтае рашэньне прымае Эўрапарлямэнт. Таму варта мець зь ім добрыя кантакты.
Калі казаць пра замежную палітыку Эўразьвязу, то менавіта ЭП запачаткоўвае шмат карысных ініцыятываў, якімі пазьней карыстаецца ў сваёй працы найвышэйшы прадстаўнік ЭЗ у замежных справах. Падыход Эўрапарлямэнту да Беларусі адбіваецца на падыходзе ўсяго Эўразьвязу. У ЭП вельмі шмат сяброў Беларусі, якія зь вялікай увагай цікавяцца гэтай краінай і падтрымдіваюць грамадзянскую супольнасьць. У нашу групу ўваходзяць некалькі дзясяткаў чалавек з розных краін. Гэта сьведчыць, што Беларусьсью цікавяцца ня толькі палякі і літоўцы. Гэтая зацікаўленасьць — ад Варшавы да Лісабону, ад Хэльсынкі да Ля-Валеты.
«Беларусь у сваёй гісторыі імкнулася да хаўрусаў з краінамі Захаду»
— Чым будзе займацца група пад вашым кіраўніцтвам?
— Мы будзем рэалізоўваць палітыку, якую распрацаваў Эўразьвяз. Яна называецца «крытычнае ўзаемадзеяньне». То бок мы будзем крытычна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Я маю на ўвазе праблемы з дэмакратыяй, правамі чалавека, грамадзянскай супольнасьцю. Але ў той жа час мы будзем шукаць усякую магчымасьць, каб супрацоўнічаць з уладай на карысьць паляпшэньня сытуацыі. Дзеля гэтага будзем працаваць і з уладай, і зь няўрадавымі арганізацыямі, СМІ ды апазыцыяй.
Нашай групай ужо шмат гадоў кіруюць палякі, і гэта мае вялікае значэньне. Гістарычна мы моцна цікавімся сытуацыяй у Беларусі і падтрымліваем дэмакратычныя і незалежніцкія памкненьні беларусаў. Я зраблю ўсё, каб нашыя грамадзтвы сталі бліжэйшыя, каб эўрапейцы зразумелі, чаму Беларусь у такой, а ня іншай сытуацыі. А сытуацыя неадназначная.
Для нас важна, каб Беларусь была ўсё бліжэйшай да эўрапейскае супольнасьці. Стратэгічна і цывілізацыйна Беларусь у сваёй гісторыі імкнулася да хаўрусаў з краінамі Захаду. Варта ўзгадаць хаця б Люблінскую унію, зьвяз з Польшчай, гісторыю Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Важна, каб мы шукалі якую-хаця магчымасьць для дыялёгу.
— А ці гатовыя вы праводзіць гэты дыялёг непасрэдна ў Беларусі, з уладамі?
— Так. У канцы лютага кіраўніцтва нашай групы зьбіраецца наведаць Беларусь. Будзем мець сустрэчы ня толькі з уладамі. Сустрэчы з дэпутатамі будуць неафіцыйнымі, бо мы не прызнаем вынікі апошніх парлямэнцкіх выбараў. Сустрэнемся з апазыцыяй, незалежнымі СМІ, дзеячамі культуры і прадстаўнікамі мясцовага самакіраваньня. Плянуем наведаць Горадню і сустрэцца там зь мясцовымі ўладамі, каб абмеркаваць, як беларускія мясцовыя ўлады маглі б супрацоўнічаць з самакіраваньнем Эўразьвязу. Я сам быў мэрам польскага гораду Слупску. І нашым горадам-партнэрам ёсьць Горадня. Гэтая супраца ёсьць, і трэба яе працягваць.
— А якім будзе ўзровень найважнейшай сустрэчы?
— Пакуль невядома, бо мы ў гэты момант дамаўляемся наконт датаў. Хочам сустрэцца з прадстаўнікамі МЗС, асобамі, адказнымі за СМІ, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Дакладнага раскладу пакуль няма, бо толькі тыдзень таму мы атрымалі дазвол на выезд ад старшыні Эўрапейскага Парлямэнту. І цяпер пачынаем перамовы зь беларускім бокам. Спадзяемся, што ў нас ня будзе ніякіх праблемаў. Аляксандар Лукашэнка нядаўна казаў, што хацеў бы, каб дыялёг з ЭЗ быў лепшым. Вось і канкрэтная нагода.
«Мы не прызнаем парлямэнт Беларусі, але гатовыя сустрэцца»
— Вы згадалі, што ў ЭП няма афіцыйных стасункаў з парлямэнтам Беларусі. Але ў той жа час кажаце пра дыялёг. Ці бачыце вы магчымасьць зьмены падыходу?
— На парлямэнцкіх выбарах у Беларусі не было назіральнікаў з Эўрапарлямэнту, бо ўжо сама падрыхтоўка да выбараў выклікала шмат пытаньняў. Была АБСЭ, якая падрыхтавала вельмі крытычную справаздачу. А гэта значыць, што цягам наступных чатырох гадоў мы ня будзем прызнаваць беларускі парлямэнт і ніякіх афіцыйных кантактаў паміж ЭП і ім ня будзе. Але мы будзем шукаць іншыя спосабы дыялёгу, каб паспрыяць дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі. Хутчэй за ўсё сустрэнемся зь беларускімі дэпутатамі, якіх мы не прызнаем як парлямэнтароў, і будзем намагацца весьці дыялёг. Ня думаю, што гэта будзе проста.
— Ці сустракаліся вы ўжо з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі?
— Мы правялі пакуль дзьве сустрэчы нашай групы, дзе падымалі пытаньне правоў чалавека ў Беларусі. Анаіс Марэн з Рады правоў чалавека ААН выявіла нам сутацыю, мы размаўлялі і з кіраўніцай назіральніай місіі АБСЭ ў Беларусі. На чарговыя сустрэчы плянуем запрасіць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Нашыя калегі з краінаў Балтыі, асабліва Літвы, зьвяртаюць увагу на пытаньне бясьпекі АЭС у Астраўцы, кантроль расейскіх уладаў над ёй, таму і гэтае пытаньне бліжэйшымі тыднямі зьявіцца падчас нашых сустрэчаў у Эўрапарлямэнце.
— Калі б падчас візыту ў Менск вы атрымалі б запрашэньне ад Аляксандра Лукашэнкі, то ці прынялі б яго?
— Сёньня я пакуль не магу ўявіць такой сустрэчы без падрыхтоўкі. Калі б мы сустракаліся з прэзыдэнтам Лукашэнкам, то я чакаў бы ад яе нейкіх канкрэтных высноваў. Тэмаў для такіх высноваў, якія можна было б узгадніць перад сустрэчай, хапае. Для нашай групы гэта было б складанае спатканьне. Таму яно мае быць вельмі добра падрыхтавана.
«Лукашэнка не да канца разумее, што такое ЛГБТ»
— Вы вядомы дзяяч на карысьць руху ЛГБТ. Ці ведаеце вы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт геяў? Іх шмат хто называе гамафобскімі. Ці гэтае пытаньне знойдзецца ў пляне дзейнасьці вашай групы?
— На жаль, я ведаю выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Шчыра прызнаюся, што гэта адна з прычынаў, дзеля якіх я акурат хацеў бы зь ім сустрэцца. Я хацеў бы зьнішчыць яго стэрэатыпы наконт асобаў ЛГБТ. Як бачу, ён не да канца разумее, хто гэтыя людзі і што такое ЛГБТ. Нашай групе вядомая сытуацыя ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі, мы знаёмыя з заявамі чыноўнікаў на гэты конт і назіраем за сытуацыяй. Гэтае пытаньне будзе ўзьнятае і падчас нашага візыту ў Беларусь.
Зрэшты, з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў ЛГБТ мы таксама зьбіраемся сустракацца. Але ня толькі: і з жаночымі арганізацыямі, і з асобамі з абмежаванымі магчымасьцямі.
— Ці бачылі вы, дарэчы, дасьледаваньне Ўсясьветнага эканамічнага форуму, дзе Беларусь у рэтыйнгу жаночай роўнасьці апынулася вышэй за Польшчу? Сярод іншага, у беларускім парлямэнце жанчын больш, чым у польскім Сэйме.
— Я цешуся, калі жанчыны займаюць высокія пасады, гэта добры знак. Але што з таго, што ў беларускім парлямэнце шмат жанчын, калі гэты парлямэнт выбірае не беларускае грамадзтва, а Аляксандар Лукашэнка. Сумна, што і жанчыны і мужчыны ў Беларусі маюць кепскую сытуацыю з правамі чалавека.
— Эўрапейскія СМІ надзвычай рэдка пішуць пра Беларусь, польскія СМІ паведамляюць пераважна пра арышты актывістаў, скандальныя заявы ўлады. Чытач можа пасьля такога пабаяцца паехаць у Беларусь. Адкуль вы атрымліваеце інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі?
— Гэта праўда, што калі пішуць пра Беларусь, то пераважна пра нэгатыў. Я хацеў бы паказваць іншы бок Беларусі — празь мясцовае самакіраваньне, культуру, няўрадавыя арганізацыі і цікавыя ініцыятывы. Хачу паказаць Беларусь як частку Эўропы, як краіну, якая разьвіваецца. Гэта сучасная дзяржава, у якой, на жаль, ёсьць праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека. Для мяне як для кіраўніка групы вельмі важна, каб не замацоўваць нэгатыўных стэрэатыпаў наконт Беларусі і паказваць Беларусь такой, якой яна ёсьць. Гэта цудоўнае грамадзтва, і яго імідж не павінен быць чорна-белы.
— А зь якіх СМІ вы даведваецеся інфармацыю наконт падзеяў у Беларусі?
— З розных. На шчасьце, па-за Беларусьсю «Хартыя» не заблякаваная. На шчасьце, працуе Радыё Свабода ды іншыя радыёстанцыі. Польскія СМІ таксама часта пішуць пра Беларусь. Я шмат чытаю, стараюся атрымліваць інфармацыю і ад няўрадвых арганізацыяў, зь якімі гадамі супрацоўнічаю. Беларусьсю я займаюся досыць даўно, спачатку як дэпутат Сэйму Польшчы, пазьней як сябра ПАРЭ, кангрэсу лякальных уладаў Рады Эўропы. Таму досьвед маю.
«Нам не патрэбны ніякі пераварот»
— Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што заходнія спэцслужбы выкарыстоўваюць апазыцыю, каб яго зрынуць. Што б вы яму адказалі?
— Нам не патрэбны ніякі пераварот. Трэба шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, а гэта супольныя каштоўнасьці. Беларусь — адзіная краіна Эўропы, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне. Праз гэта Беларусь ізаляваная на міжнароднай арэне і ня можа быць сябрам Эўропы і некалі — у будучыні — Эўразьвязу, хаця гэта досыць далёкая пэрспэктыва. Беларусь шмат што на гэтым губляе і ўсё больш робіцца залежнай ад Расеі. Пагатоў я не заўважыў, каб Аляксандар Лукашэнка вяртаў тыя мільёны эўраў, якія Беларусь атрымлівае ад ЭЗ. Асабіста я цешуся, што гэтыя грошы Беларусь прымае і што яны ідуць на карысьць грамадзтву.
— Ёсьць таксама думка, што ня варта асабліва шмат інвэставаць у супрацу з ЭЗ, бо гэтая арганізацыя і так на мяжы распаду. Першы званочак — Brexit, а потым знойдуцца і іншыя. А Расея, маўляў, пад бокам, у яе шмат газу і нафты.
— Тады чаму апошнія дасьледаваньні Акадэміі навук Беларусі сьведчаць, што толькі некалькі працэнтаў беларусаў хочуць уступіць у склад Расеі? Беларусы — вельмі праэўрапейскія і бачаць будчыню з ЭЗ. Brexit даказаў нам, што аддаленьне ад ЭЗ не прынясе нічога карыснага. Вялікая Брытанія ўжо некалькі гадоў плаціць за гэта вельмі высокую цану.
Беларусь, зразумела, сама павінна вырашаць свой лёс, але калі мы параўнаем дабрабыт Польшчы і Беларусі, то розьніца відавочная. Гэта сьведчыць, што рашэньне Польшчы далучыцца да Эўразьвязу было слушным і пайшло на карысьць полькам і палякам. Мы стартавалі з падобных умоваў, а сёньня мы ў розных сытуацыях. Відаць, рашэньні, якія прымалі беларускія ўлады, аказаліся не да канца карыснымі для беларусаў.
— Ці будзеце вы кіраваць групай да канца тэрміну паўнамоцтваў, ці мо станеце польскім прэзыдэнтам? Пра вас шмат кажуць як пра магчымага кандыдата.
— (Сьмяецца) Я ўжо быў прэзыдэнтам Слупску (у Польшчы мэраў называць прэзыдэнтамі гораду. — РС) і больш не хачу быць прэзыдэнтам. Пакуль ня ведаю, ці застануся да канца тэрміну. У мяне вельмі шмат плянаў, я займаюся ня толькі Беларусьсю. Але дзе б я ні быў, буду рабіць усё, каб беларусам жылося як мага лепш, каб мае сябры і сяброўкі ў Беларусі адчувалі сувязь з Эўропай і ведалі, што мы разам зь імі.