Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак у 1999 годзе ўзначальваў грамадзкую камісію расьсьледаваньня зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, апазыцыянэра Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага. Што праваабаронца думае пра аповед экс-«собраўца» Юрыя Гараўскага?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. СьціслаРасстрэльны пісталет і выкраданьні
На думку Алега Воўчака, суразмоўца «Нямецкай хвалі» Юры Гараўскі пацьвярджае зьвесткі пра расстрэльны пісталет, вядомыя са словаў Алега Алкаева, а таксама былых супрацоўнікаў пракуратуры і і Петрушкевіча. «Яны давалі паказаньні яшчэ ў 2001 годзе, і ўсё паводле пасьлядоўнасьці супадае. Што быў такі адмысловы пісталет, што ён быў выкарыстаны ў дні, калі выкралі Захаранку, а потым гэтаксама выкралі Ганчара і Красоўскага і зноў выкарысталі пісталет. Гараўскі гэта засьведчыў. Мы ў грамадзкай камісіі знайшлі сьведак, якія пацьвердзілі тыя выкраданьні, і цяпер Гараўскі гэта апісаў падобным чынам. І пра тое, што пад Бегамляй быў закапаны джып Красоўскага. Праўда, тады Навумаў казаў, што выехалі туды і шукалі, ды не знайшлі, але цяпер зразумела, што маглі зьнішчыць ці перахаваць, таму нічога нібыта і не знайшлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўлічэнка адказаў на абвінавачаньне ў забойстве апанэнтаў Лукашэнкі
Таксама шмат іншых супадзеньняў. Хадзіла вэрсія, што целы адвезьлі ў крэматорый і на Паўночных могілках пахавалі — тое самае і тут пра цела Захаранкі, толькі іншая вэрсія наконт Ганчара і Красоўскага. Але ёсьць пэўныя сьведчаньні, хто карыстаўся расстрэльным пісталетам: гэта быў нібыта Паўлічэнка. І гэта блізкая тэма, калі згадаць успамін Алега Алкаева пра тое, што Паўлічэнка прысутнічаў на выкананьні сьмяротных прысудаў на «Валадарцы» і вучыўся, як гэта робіцца.
Захоп Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага каля лазьні на вуліцы Фабрычнай
Праваабаронца ўбачыў у аповедзе Юрыя Гараўскага падобныя абставіны выкраданьня Ганчара і Красоўскага. «Гэта вельмі супадае з нашай вэрсіяй, якую мы разам з Уладзімерам Барадачом агучылі праз тры дні пасьля здарэньня паводле нашага агляду месца захопу і паводле паказаньняў сьведак. Мы тады разьвесілі аб’явы, і знайшліся людзі, 5 ці 6 чалавек, якія бачылі, як гэта адбывалася. Шмат што супадае таксама па выніках агляду: чырвоная фарба ад аўтамабіля на дрэве — а Гараўскі кажа менавіта пра чырвоны BMW, на якім езьзіў з Паўлічэнкам. Разьбітае шкло. Кавалкі задняй фары ад джыпа Красоўскага каля дрэва. Кроў на асфальце там, дзе былі дзьверы пасажырскага сядзеньня, дзе сядзеў Ганчар. Такім чынам, і тут малюнак захопу збольшага супадае з нашай вэрсіяй», — мяркуе Алег Воўчак.
Ці падобная сытуацыя ў «СОБРы», апісаная Гараўскім, на рэальную?
Гараўскі казаў, што байцы групы «СОБРу», якую потым назвалі «эскадронам сьмерці», ніколі не задавалі пытаньняў пра заданьні, якія выконвалі. У тым ліку і пра ўдзел у забойствах. Ці такое магчыма? На думку Алега Воўчака, гэта таксама адпавядае абстаноўцы, якая склалася ў грамадзтве ў канцы 1990-х гадоў.
«Гэта былі 18-гадовыя хлопцы. Хто быў у войску, пагодзіцца, што вельмі ўсё падобна. Не разважаюць, не пытаюцца ні пра што, выконваюць усякі загад, бо баяцца, што іх пакараюць. Мяне ў войску запалохвалі штрафбатам, крымінальнай адказнасьцю. Страх быў, гэта верагодна. Іх памазалі крывёй», — мяркуе Алег Воўчак. Але чаму ніхто не задумваўся пра тое, што яны робяць злачынства?
«Тады яшчэ не было інтэрнэту. Ім сказалі, што гэта ворагі, яны паверылі і выканалі загад. Тым больш што да апазыцыянэраў яны забівалі крымінальнікаў і ў нікога не здрыганулася рука, яны былі ўпэўненыя, што так і трэба», — мяркуе Алег Воўчак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік унутраных войскаў назваў укідам прызнаньні экс-байца «СОБРу»А як быць з тым, што Гараўскі, зь ягоных словаў, ведаў, што чалавек, за якім яны сачылі два дні, а потым выкралі і забілі, быў былым міністрам унутраных справаў Захаранкам? «Дзейнічае калектыўны страх. Ніхто не пярэчыць, усе моўчкі выконваюць, значыць, і мне трэба гэтак рабіць, інакш будуць наступствы», — думае былы сьледчы Алег Воўчак. Пры гэтым Воўчак лічыць, што Юры Гараўскі не адзіны былы службовец вайсковай часткі 3214, гатовы даць прызнаньні наконт удзелу у справах зьніклых.
Што варта рабіць далей?
Паводле праваабаронцы Алега Воўчака, для прасоўваньня расьсьледаваньняў аб зьнікненьні Захаранкі, а таксама Ганчара і Красоўскага вельмі важная пазыцыя, якую мусіць заняць Эўразьвяз.
"Ужо можна казаць, што ёсьць падставы аднавіць папярэдняе расьсьледаваньне. Мяркую, Эўразьвяз мусіць запратакаляваць паказаньні Гараўскага і зьвярнуцца ў пракуратуру Рэспублікі Беларусі па афіцыйную ацэнку гэтых паказаньняў. У сьнежні 2018 году расьсьледаваньне прыпынілі — нібыта таму, што ня вызначылі асобаў, датычных да выкраданьняў Ганчара і Красоўскага. Але справу мусяць аднавіць. І гэта ж тычыцца справы Юрыя Захаранкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьніклі апанэнты Лукашэнкі. ВІДЭА