Справу, у межах якой быў арыштаваны былы ахоўнік Лукашэнкі і сакратар Савета Бясьпекі Андрэй Уцюрын, рыхтуюць для перадачы ў суд. Свабода паспрабавала ўведаць дэталі.
2 сьнежня КДБ паведаміў пра завяршэньне расьсьледаваньня шматлікіх фактаў атрыманьня і даваньня хабару пры пастаўках у Беларусь кампутараў, тэлекамунікацыйнай тэхнікі і праграмнага абсталяваньня.
Асноўны і самы вядомы фігурант справы — Андрэй Уцюрын, былы кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта, які на момант арышту займаў пасаду намесьніка дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі. У службе бясьпекі Лукашэнкі Ўцюрын адпрацаваў 20 гадоў, кіраваў гэтаю структураю з 2007 па 2014 гады. Пра яго арышт стала вядома 29 красавіка 2019 году, афіцыйная інфармацыя зьявілася празь некалькі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільённыя хабары, чыноўнікі, расейцы. Хто фігуруе ў справе экс-намесьніка сакратара Савету бясьпекі ЎцюрынаДоўгі час спэцслужбы не паведамлялі ніякіх падрабязнасьцяў справы, імёны іншых яе фігурантаў, а таксама назвы кампаніяў, замяшаных у злачынных схемах, якія сталі вядомымі толькі напачатку сьнежня. Як стала вядома Свабодзе, некаторыя зь іх надалей дзейнічаюць. А пастаўкі кампутарнай тэхнікі і электронікі, арганізаваныя з дапамогай злачынных схемаў, могуць закранаць нават Вярхоўны суд.
Акадэмія навук, Мытны камітэт
З паведамленьня КДБ, апублікаванага 2 сьнежня, вынікае, што акрамя Андрэя Ўцюрына былі арыштаваныя яшчэ 15 чалавек. 8 зь іх — за даваньне хабару, столькі ж (разам з самім Уцюрыным) — за яго атрыманьне. Сумы хабару фігуруюць розныя. Ад 9 тысяч даляраў, як у выпадку дырэктара ТАА «ТТ-Сувязьком» Уладзімера Томчанкі, да амаль мільёна. Столькі, паводле КДБ, выдаў на хабар кіраўнік таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Мабільны сэрвіс» Уладзімер Жылін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сергеенка замест Качанавай — змагар са шпіёнамі замест «добрай цётачкі»Кампанія ТАА «Мабільны сэрвіс» зарэгістраваная ў Менску 21 жніўня 2001 году. Паводле базы зьвестак kartoteka.by, яе заснавальнікамі сталі грамадзяне Беларусі Ліяна Шакун (доля 70%) і Аляксандар Кібішаў (30%). Спадарыня Шакун таксама доўгі час заставалася кіраўніцаю кампаніі — ад моманту заснаваньня да 6 кастрычніка 2015 году, калі яе на пасадзе замяніў Юры Ляўданскі. Імя Ўладзімера Жыліна ў агульнадаступных дакумэнтах, датычных ТАА «Мабільны сэрвіс», няма, у афіцыйным паведамленьні КДБ ён названы «фактычным кіраўніком» кампаніі.
Згодна з той жа базай kartoteka.by, асноўны від дзейнасьці кампаніі «Мабільны сэрвіс» — гуртовы гандаль электронным і камунікацыйным абсталяваньнем і яго часткамі. Сярод кліентаў выключна дзяржаўныя ўстановы. Акадэмія навук, Мытны камітэт, Вярхоўны суд, БДУІР, Белтэлерадыёкампанія, Міністэрства эканомікі, Вярхоўны суд і іншыя. Сумы ў дамовах розныя. Ад 44 рублёў за аўтарскі нагляд у Менскім гарадзкім судзе да 10 мільёнаў на пастаўку абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня для менскага мэтрапалітэну. У верасьні 2018 году ТАА «Мабільны сэрвіс», напрыклад, падпісала дамову з тым жа Менскім гарадзкім судом на стварэньне сыстэмы відэа- і аудыёфіксацыі судовых паседжаньняў. Дзяржаўнаму бюджэту гэта каштавала 464 тысячы рублёў.
Дакладная дата арышту Ўладзімера Жыліна невядомая. Як сказаў старшыня КДБ Валеры Вакульчык, затрыманьні працягваліся і пасьля арышту Андрэя Ўцюрына. Дзейнасьць ТАА «Мабільны сэрвіс» на сёньня не спынілася. Апошнія дамовы заключаныя ў жніўні 2019 году з мэтрапалітэнам. Агульная іх сума перавышае 15 мільёнаў рублёў.
1 мільён 835 тысяч даляраў хабару
Яшчэ адзін з арыштаваных, Сяргей Пакрышка, ідэнтыфікаваны КДБ як суўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў зарэгістраваных у Менску кампаніяў «Салідэкс ПІ» і «Салідэкс». Пакрышку вінавацяць у даваньні хабару памерам ня менш як 195 тысяч даляраў. Абедзьве кампаніі займаюцца інжынерна-тэхнічным праектаваньнем і кансультацыямі («Салідэкс ПІ» пазначана як беларуска-польская). Сярод кліентаў таксама выключна дзяржаўныя ўстановы: Эканамічны суд Менскай вобласьці, падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў і іншыя. Памеры кантрактаў — да 40 тысяч даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 500 тысяч даляраў знайшлі ў топ-мэнэджэраў Беларускай чыгункі, падазраваных у карупцыі, — Tut.byЁсць сярод абвінавачаных у даваньні хабару і замежныя грамадзяне. Уладальнік латвійскага пашпарту Сяргей Шаркоў, расейцы Ўладзімір Казанцаў і Ўладзімір Томчанка. Апошнія былі прадстаўнікамі зарэгістраваных у Расеі кампаніяў «УГМК-Телеком» і «Смартлабс», якія займаюцца тэхналёгіямі ў галіне інтэрнэт-тэлебачаньня.
Агулам, паводле інфармацыі КДБ, фігуранты «справы Ўцюрына» выдалі хабару на суму 1 мільён 835 тысяч даляраў. Большая частка зь іх прыпісаная да Ўладзімера Жыліна.
Юры Ляўданскі, які на сайце кампаніі «Мабільны сэрвіс» і ў базах зьвестак пазначаны як дырэктар, у размове са Свабодай не стаў камэнтаваць сытуацыю з затрыманьнем Жыліна, а таксама не патлумачыў, ці мае той дачыненьне да яго фірмы. Пры гэтым у профілі Ўладзімера Жыліна ў сацыяльнай сетцы LinkedIn пасада і месца працы пазначаныя як «Director (Mobile Service LTD)».
У свабодным доступе ў інтэрнэце пра Ўладзімера Жыліна мінімум інфармацыі. Вядома, што яго дачка Марыя некалькі гадоў запар спрабавала перамагчы ў беларускім адборы на дзіцячую Эўравізію, яна ўдзельнічала ў конкурсе чатыры разы. У 2018 годзе вынікі адбору выклікалі спрэчкі паміж бацькамі канкурсантаў, Уладзімер Жылін тады нават быў у жывым эфіры беларускай рэдакцыі расейскага «Спутника» разам з прадусаркай Інай Радаевай.
Крымінальную справу Андрэя Ўцюрына і іншых фігурантаў перадалі ў Генэральную пракуратуру, пасьля праверкі яе накіруюць у суд. Дата пачатку працэсу пакуль не прызначаная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнка прызначае на высокія пасады людзей з кампраматам. Тэзісы палітоляга ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа мэдыкаў». Суд вярнуў асуджанаму акадэміку Бялецкаму арыштаваныя грошы — больш за 550 тысяч даляраў