Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш такое не паўторыцца». За хабар у 7500 даляраў судзяць былога гендырэктара «Мілкавіты»


Гомельскае акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта», архіўнае фота
Гомельскае акцыянэрнае таварыства «Мілкавіта», архіўнае фота

У Гомлі распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да былога генэральнага дырэктара ААТ «Мілкавіта» Сяргея Бабарыкі. Яго вінавацяць у хабары — атрыманьні ад камэрсанта 7500 даляраў «за спрыяльнае вырашэньне пытаньня».

Былы кіраўнік віну прызнае цалкам, на судзе раскайваецца. «Вы можаце запэўніць суд, што больш такое не паўторыцца?» — удакладніў у абвінавачанага адвакат. «Больш такое не паўторыцца», — пацьвердзіў Сяргей Бабарыка.

Ён не арыштаваны, прыходзіць на суд з дому.

Разам зь ім у судзе апынуўся прадстаўнік камэрцыйнай структуры, ад якой генэральны дырэктар атрымаў хабар часткамі: першы раз — 2200 даляраў, другі — 5300. Камэрсант таксама прызнае сваю віну. Ягоны партнэр выступае на судзе сьведкам.

Камэрсанты прадстаўлялі дзьве структуры — СТАА «КормЖывСэрвіс» і «СтандартАгра». Яны пастаўлялі сельскім гаспадаркам вэтэрынарныя прэпараты. Гаспадаркі праз сваю беднасьць не маглі своечасова заплаціць. Тады прадпрымальнікі зьвярталіся па «дапамогу» да кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў.

Дарэчы, за «сяброўства», заснаванае на даваньні хабару, з СТАА «КормЖывСэрвіс» ужо трапіў у турму дырэктар ААТ «Агракамбінат «Паўднёвы». Ён атрымаў 1200 даляраў ад камэрсантаў «за спрыяньне ў закупцы вэтэрынарных прэпаратаў, а таксама своечасовы разьлік». Былы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства пакараны пазбаўленьнем волі на 4 гады.

Трапіў пад крымінальны перасьлед і былы начальнік Буда-Кашалёўскай вэтэрынарнай станцыі. Ён таксама атрымаў хабар ад СТАА «КормЖывСэрвіс». Цяпер за «спрыяньне» гэтай фірме судзяць былога кіраўніка «Мілкавіты».

Сяргей Бабарыка на судовым допыце зазначыў, што быў у прыяцельскіх стасунках з прадстаўнікамі камэрцыйнай структуры — Мельнікавым і Завадзкім. Яны папрасілі яго паспрыяць у пагашэньні запазычанасьці ад сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У гаспадарках свае рахункі часта апісаныя ці арыштаваныя, таму яны працуюць праз рахункі «Мілкавіты», якой здаюць малако. Былы кіраўнік абяцаў дапамагчы. «Вы разумелі, што гэта будзе не бязвыплатна?» — удакладніў дзяржаўны абвінаваўца. «Ну, раз прыняў грошы, то разумеў», — адказаў абвінавачаны.

«Пра сумы за дапамогу мы не дамаўляліся. Я вырашыў спачатку паглядзець, ці будуць наступствы, сказаў, што калі будзе магчымасьць — дапамагу», — патлумачыў Сяргей Бабарыка.

Сельскія гаспадаркі, камэрсанты і «Мілкавіта» заключалі трохбаковыя дамовы пераводу пазыкі, і СТАА «КормЖывСэрвіс» атрымліваў грошы за пастаўленыя вэтэрынарныя прэпараты. За «паслугу» Сяргей Бабарыка атрымаў 7500 даляраў.

Суд працягнецца допытам сьведкі.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG