У Туркмэністане пасьля выкліку ў паліцыю зьнік 24-гадовы Касымберды Гараеў, які стаў першым гомасэксуалам у краіне, які адкрыта зьвярнуўся ў СМІ з прычыны нецярпімасьці да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці.
Як паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода, Гараеў, магчыма, арыштаваны, і можа знаходзіцца ў небясьпецы — у Туркмэністане за гомасэксуалізм да гэтага часу ёсьць крымінальны перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туркмэнскі гей: у Менску я адчуў свабоду і пачаў прымаць сябе такім, які ёсьцьМаладога чалавека выклікалі ў паліцыю 24 кастрычніка, праз некалькі дзён пасьля публікацыі пра яго на сайце Свабоды. У артыкуле імя Гараева было зьменена. Паведамляўся толькі ягоны ўзрост і тое, што ён доктар-анколяг. Пасьля выкліку ў паліцыю сувязь зь ім зьнікла. Па інфармацыі журналістаў, з прычыны публікацыі органы бясьпекі Туркмэністану правяралі ўсіх маладых лекараў, хто мог бы падыходзіць па апісаньні да чалавека, які меў кантакты з Радыё Свабода.
У інтэрвію Гараеў распавёў, у прыватнасьці, што яго дзядзька працуе ў службе аховы прэзыдэнта Туркмэністану. Нягледзячы на тое, што гэтая дэталь таксама магла прывесьці да яго выяўленьня туркмэнскімі праваахоўнымі органамі, ён палічыў, што пра гэта важна расказаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На туркмэнскіх студэнтах Беларусь можа страціць 22 мільёны даляраў за годГараеў таксама распавёў, што летась пасьля вяртаньня з вучобы зь Беларусі ён па інтэрнэце пазнаёміўся з хлопцам. Але калі яны дамовіліся сустрэцца, аказалася, што гэта была пастка паліцыі. Яго затрымалі і адвезьлі ў паліцыю. Тады па яго прыехалі бацька і дзядзька і змаглі яго вызваліць, інакш Касымберды пагражала б крымінальнае пакараньне.
Туркмэнская Свабода адзначае, што за гэты год журналісты атрымалі ўжо некалькі паведамленьняў пра гвалт і жорсткае абыходжаньне з прадстаўнікамі ЛГБТ супольнасьці ў краіне. Радыё Азатлык таксама піша пра выпадкі, калі людзей затрымлівалі па палітычных матывах, і пасьля гэтага членаў іх сем’яў перасялялі зь іх месца пражываньня, каб ніхто ня мог іх знайсьці. Так Радыё Азатлык стала вядома, што сямʼя Гараева пераехала з іх дому ў Ашхабадзе. Пакуль застаецца незразумелым, ці зьехала сямʼя па сваёй волі ці іх прымусілі перасяліцца.
Сам малады чалавек 13 кастрычніка запісаў відэазварот да сваіх блізкіх на той выпадак, калі зь ім здарыцца бяда.
Радыё Свабода кантактавала з Камілем тры тыдні і на працягу ўсяго гэтага часу ў размовах ён шмат разоў сумняваўся, ці правільна ён робіць, адкрыта расказваючы пра сябе. Сувязь з Камілем была па адным зь бясьпечных каналаў сувязі.
«Зь дзяцінства я ведаў, што я гей і для мяне гэта было цяжка прыняць. Я рос у вельмі рэлігійнай сям’і. Пасьля школы я паехаў вучыцца ў Менск, паступіў у мэдычны ўнівэрсытэт. У Менску я адчуў свабоду і пачаў прымаць сябе такім, які я ёсьць. 2018-м годзе летам я скончыў вучобу і прыехаў назад у Туркмэністан», — распавядаў Каміль.
- Туркмэністан застаецца ў ліку краін, дзе гомасэксуалізм перасьледуецца крымінальна. Такіх краін у сьвеце налічваецца каля 60 і іх становіцца ўсё менш. З краін былога Савецкага Саюзу акрамя Туркмэністана, геяў крымінальна перасьледуюць толькі ў суседнім Узбэкістане, а астатнія рэспублікі былога СССР ужо даўно скасавалі адпаведныя артыкулы ў крымінальным кодэксе.