Туркмэнскі гей, які вучыўся ў Менску, зьвярнуўся на Радыё Свабода, каб расказаць пра цяжкае становішча геяў у яго краіне. Каміль — першы прадстаўнік сэксуальных меншасьцяў у Туркмэністане, які сам зьвярнуўся на Радыё Свабода, каб расказаць сваю гісторыю.
У рэдакцыю туркмэнскай службы Свабоды за апошні год некалькі разоў паступала інфармацыя аб дыскрымінацыі і гвалце адносна прадстаўнікоў ЛГБТ, але мы не маглі ні пацьвердзіць, ні зьяпраўдзіць гэтыя паведамленьні, пагатоў зьвязацца з самімі меркаванымі ахвярамі.
«Зь дзяцінства ведаў, што я гей»
«Добры дзень, мяне завуць Каміль. Я гей. Я зь дзяцінства ведаў, што я гей».
Так пачалося наша знаёмства з 24-гадовым Камілем (імя зьменена). Паводле прафэсіі ён лекар-кардыёляг. Вучыўся ў мэдычным унівэрсытэце ў Менску. Улетку 2018 году вярнуўся на радзіму, у горад Ашгабат. Цяпер працуе ў адной з ашгабацкіх клінік.
Каміль зьвярнуўся на Свабоду з мэтай зрабіць «камінг-аўт», гэта значыць адкрыта заявіць пра тое, што ён прадстаўнік сэксуальных меншасьцяў і стаць першым туркмэнскім геем, які зрабіў такі крок.
Зрабіць гэты ўчынак яго прымусіла сытуацыя зь нецярпімым стаўленьнем да ЛГБТ супольнасьці ў Туркмэністане, дзе да гэтага часу гомасэксуальнасьць караецца паводле крымінальнага заканадаўства, а таксама неразуменьне з боку яго родных.
Радыё Свабода кантактавала з Камілем тры тыдні і на працягу ўсяго гэтага часу ў размовах ён шмат разоў сумняваўся, ці правільна ён робіць, адкрыта расказваючы пра сябе. У рэаліях Туркмэністану гэта можа быць вельмі небясьпечна. У выніку было вырашана не называць яго сапраўднага імя.
Сувязь з Камілем была па адным зь бясьпечных каналаў сувязі.
«Зь дзяцінства я ведаў, што я гей і для мяне гэта было цяжка прыняць. Я рос у вельмі рэлігійнай сям’і. Пасьля школы я паехаў вучыцца ў Менск, паступіў у мэдычны ўнівэрсытэт. У Менску я адчуў свабоду і пачаў прымаць сябе такім, які я ёсьць. 2018-м годзе летам я скончыў вучобу і прыехаў назад у Туркмэністан. Але я ўвесь час думаў зьехаць, бо для такіх, як я, у Туркмэністане жыцьця няма. Пасьля прыезду мне было самотна, і аднойчы праз інтэрнэт я пазнаёміўся з хлопцам. Мы пачалі размаўляць, у нашым анлайн-ліставаньні ён быў вельмі прыемны. Мы вырашылі сустрэцца. Але я ня мог уявіць, як усё павернецца», — распавядае Каміль.
Для яго сустрэча скончылася дрэнна. Чалавек, які кантактаваў зь ім у інтэрнэце, аказаўся супрацоўнікам паліцыі, які такім чынам завабліваў геяў. Бо ў Туркмэністане гомасэксуалізм да гэтага часу караецца законам.
«Мы прызначалі сустрэчу ў 7 гадзін вечара, а калі я прыйшоў, яго на месцы не аказалася. Я патэлефанаваў яму, ён сказаў, што хутка прыйдзе. Пакуль чакаў, я вырашыў зайсьці ў аптэку купіць лекі для сястры. За мной зайшлі двое людзей у цывільным, надзелі кайданкі і павезьлі ў паліцэйскае аддзяленьне», — расказвае Каміль.
«Дзядзька мяне вызваліў, а як быць астатнім»
Ад крымінальнага пакараньня Каміля выратавала тое, што яго дзядзька працуе ў службе аховы прэзыдэнта Туркмэністану. Але да таго, як яго вызвалілі, у паліцэйскім аддзяленьні яго білі і абражалі.
«Па дарозе ў аддзяленьне паліцыі ў машыне мяне зьбівалі і ганілі ўсю дарогу. Калі прыехалі, зьбіцьцё працягнуліся. Выкарыстоўвалі электрашокер, патрабавалі, каб я прызнаўся на камэру, што я гей. Яны забралі ў мяне тэлефон, пачалі праглядаць кантакты, патрабавалі, каб я здаў іншых, абяцалі адпусьціць. Ужо позна ўвечары пасьля 11 гадзін, на мой тэлефон пачалі тэлефанаваць мае родныя. Адзін з паліцэйскіх адказаў, на іншым канцы быў мой бацька. Яго брат працуе ў службе аховы прэзыдэнта, яны прыехалі разам, каб забраць мяне. Ад турмы мяне выратавала тое, што дзядзька працуе ў прэзыдэнцкай ахове, а колькі такіх, як я, якія трапляюць за краты».
Калі бацька і дзядзька Каміля забралі яго, у яго балела ўсё цела, асабліва рабрына, ад удараў электрошокера. Але вызваленьне роднымі не азначала, што зьнявагі скончыліся.
«Увесь час па дарозе дадому мяне абражалі, цяпер ужо родныя», — успамінае Каміль.
«Дома пачалося цкаваньне. Бацька пачаў крычаць: „Ты вырадак, лепш бы я цябе адвёз куды-небудзь і зарэзаў“. Дзядзька і браты таксама крычалі на мяне, маўляў я іх ганьблю. У наступныя тыдні мяне вазілі да мулы, каб ён загаворамі мяне вылечыў, вадзілі да псыхоляга. У рэшце рэшт мяне вырашылі жаніць. Гэта мяне зусім забіла», — распавядае Каміль.
Паводле яго, аб яго сэксуальнай арыентацыі ў дадзены момант ведаюць яго бацька, браты і дзядзька. Але Каміль хацеў бы зрабіць «камінг-аўт», гэта значыць адкрыта заявіць пра тое, што ён гей, каб сваім прыкладам пачаць дыскусію ў туркмэнскім грамадзтве аб неабходнасьці перагляду адносін да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў.
«Так, я гей. Я заўсёды ведаў, што я гей і раней гэта мяне мучыла. Але потым я навучыўся ўспрымаць сябе такім, які я ёсьць. Я нічым не адрозьніваюся ад астатніх людзей. Але цяпер мяне мучыць стаўленьне навакольных да мяне. Асабліва неразуменьне з боку блізкіх мяне забівае. Таму я хачу, каб усе ведалі, што я таксама чалавек, хай мая сям’я ведае пра мяне. Можа тады яны адмовяцца ад прыдуманых традыцый, гонару, якія прычыняюць боль мне і такім як я», — кажа Каміль.
Спроба ўцякаць
«Калі яны знайшлі дзяўчыну, зь якой мяне хацелі жаніць, спачатку я думаў, што прывыкну. Усё ішло, як хацелі мае бацькі. Але калі ўжо пачалі рыхтавацца да вясельля, я зразумеў, што не змагу так жыць і падманваць гэтую дзяўчыну. Я ж сапсую ёй жыцьцё, зраблю яе няшчаснай. Тады я вырашыў, што трэба нешта рабіць», — кажа Каміль.
Ён вырашыў зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі. Адзінае месца, дзе, на яго думку, маглі неяк дапамагчы, было прадстаўніцтва Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ).
«У студзені я прыйшоў да офіса АБСЭ. Папрасіў, каб мяне прыняў хто-небудзь. Да мяне выйшаў адзін з мясцовых працаўнікоў. Ён быў туркмэн, і мы гаварылі па-туркмэнску. Ён не прадставіўся, але спытаў, што мне трэба. Я сказаў, што мне патрэбная дапамога і распавёў пра сябе. Калі ён даведаўся, што я гей, ён зьмяніўся з твару, пачаў мне грубіць. Сказаў, што за гэта ў Туркмэністане належыцца крымінальнае пакараньне і павінен быць рады, што не знаходжуся ў турме», — кажа Каміль.
Журналіст Радыё Азатлык (Туркмэнскай службы Радыё Свабода) спрабаваў зьвязацца з прадстаўніцтвам АБСЭ ў Ашгабадзе, каб атрымаць тлумачэньні, але тэлефоны, якія пададзеныя на сайце прадстаўніцтва, аказаліся адключанымі.
Страціўшы надзею, Каміль вырашыў зьехаць з краіны, нікому пра гэта ня ккажучы.
«18 лютага я паляцеў у Турэччыну, каб там зьвярнуцца па дапамогу ў прадстаўніцтва ААН па справах уцекачоў. На наступны дзень пасьля майго ад’езду мая сям’я наняла чалавек у Турэччыне, які мяне знайшоў. Гэта быў туркмэн Дурдымырат Анаеў. Я дакладна ня ведаю, дзе ён працуе, але ў мяне склалася ўражаньне, што ён зьвязаны з пасольствам Туркмэністану. Пасьля таго, як ён мяне знайшоў, ён пагрозамі прымусіў мяне паехаць зь ім у аэрапорт Стамбулу і сесьці на самалёт. Я зьвязаўся па тэлефоне з роднымі, яны паабяцалі мне, што ўсё будзе ў парадку, што хочуць пагаварыць і што калі я захачу, то зьеду. 20 лютага я вярнуўся ў Ашгабад», — кажа Каміль.
У Туркмэністане, як у турме
Пасьля вяртаньня бацькі і дзядзька, які мае ўплыў ва ўладных структурах, Каміля зрабілі невыязным з краіны. Цяпер ён ня можа зьехаць. Але і заставацца ў Туркмэністане і быць такім, які ёсьць, для Каміля несумяшчальна. Ён разумее, што заявіць пра сябе як пра гея ў Туркмэністане можа быць вельмі небясьпечна для яго. Але нягледзячы на гэта, ён прыняў такое рашэньне ў спадзяваньні пачаць абмеркаваньне гэтай праблемы.
У апошнія некалькі дзён кантактаў Радыё Свабода з Камілем ціск на яго з боку родных, асабліва бацькі і яго брата, узмацніўся. Яго дзядзька прынамсі два разы забіраў Каміля і праводзіў гутаркі.
«Пасьля прыезду з Турэччыны родныя зноў пачалі казаць пра жаніцьбу. Сасваталі ўжо другую нявесту. Менавіта пасьля гэтага я вырашыў зьвярнуцца да вас. Я спрабаваў растлумачыць родным, што не хачу жаніцца. Гэта будзе, па-першае, несумленна ў адносінах да гэтай дзяўчыне, я не хачу разбураць нечае жыцьцё. Жаніцьба для мяне ўсё роўна, што канец усяму у маім жыцьці. Таму я, праз ананімны рахунак на Имо, паведаміў ёй праўду пра сябе і параіў не згаджацца выходзіць за мяне замуж».
Пасьля таго, як дзяўчына паведаміла пра гэта бацькам, а тыя бацькам Каміля, 17 кастрычніка яго дзядзька забраў яго, дапытваў пра тое, хто гэта зрабіў, і моцна зьбіў.
Адным з апошніх паведамленьняў Каміля было наступнае:
«Спадзяюся, у мяне будзе свабода, а калі не, то хай мая гісторыя стане першым крокам для атрыманьня свабоды такімі, як я. І калі ласка, не пераставайце казаць аб гэтай праблеме. Калі я зьнікну, раскажыце пра тое, што здарылася са мной. Дзядзька зможа мяне прымусіць сказаць, што я гэтага не рабіў, што не пісаў вам нічога. Як учора прымусіў сказаць, што гэта ня я паведаміў дзяўчыне. Ня верце ўсяму, што я магу сказаць пад ціскам. Захавайце нашу перапіску. Гэта сям’я мяне зьнішчае, хай лепш ўвесь сьвет ведае, якія яны. Зрабіце калі ласка тое, пра што я вас прашу. Раскажыце пра мяне».
- Радыё Азатлык за гэты год атрымлівала некалькі паведамленьняў пра гвалт і нечалавечае абыходжаньні з прадстаўнікамі ЛГБТ супольнасьці. Але з прычыны таго, што мы не маглі атрымаць дадатковых пацьвярджэньняў гэтых зьвестак, мы не публікавалі тыя паведамленьні.
- Туркмэністан застаецца ў ліку краін, дзе гомасэксуалізм перасьледуецца крымінальна. Такіх краін у сьвеце налічваецца каля 60 і іх становіцца ўсё менш. З краін былога Савецкага Сюзу акрамя Туркмэністана, геяў крымінальна перасьледуюць толькі ў суседнім Узбэкістане, а астатнія рэспублікі былога СССР ужо даўно скасавалі адпаведныя артыкулы ў крымінальным кодэксе.
Падрыхтавала Франгіс Наджыбула