Міжнародны скандал прымусіў чачэнскія ўлады спыніць масавыя аблавы, катаваньні і забойствы геяў, але сябра рады «Расейскай ЛГБТ-сеткі» Ігар Качаткоў лічыць, што расслабляцца рана: паводле яго інфармацыі, затрыманьні геяў працягваюцца, а чачэнская паліцыя спрабуе вярнуць у рэспубліку тых, каму ўдалося зьбегчы.
У сьнежні 2016 пачаліся масавыя аблавы на гома- і бісэксуальных мужчын, якія не скончыліся па сёньня. Інфармацыю пра тое, што затрыманьні працягваюцца, Радыё Свабода пацьвердзілі і ўцекачы-геі з Чачні. Паводле іх, цяпер чачэнскія сілавікі дзейнічаюць асьцярожней, пазьбягаюць аблаваў і трымаюць гома- і бісэксуальных мужчын не ў «сакрэтных турмах», а ў звычайных СІЗА, пад пагрозай агалоскі прымушаючы затрыманых падпісваць прызнаньні па крымінальных артыкулах — у асноўным аб незаконным набыцьці і нашэньні зброі, а таксама захоўваньні наркотыкаў.
Сябра рады «ЛГБТ-сеткі» Ігар Качаткоў распавядае Свабодзе пра тое, што хоць масавая хваля аблаваў спала, перасьлед геяў і іх сваякоў у Чачні не спыняецца.
Ігар Качаткоў: Інфармацыя, якую мы маем, вельмі фрагмэнтарная, яе недастаткова, каб скласьці нейкую аб’ёмную карціну. Мы дакладна ведаем, што цяпер чачэнская паліцыя шукае тых, хто зьехаў, па меншай меры тых, каго мы вывезьлі, і спрабуе ціснуць на іх праз сваякоў, каб яны вярнуліся ў Чачню. У нас былі выпадкі, калі сваякі прыяжджалі ў Маскву і шукалі іх, спрабавалі іх вывезьці, але на шчасьце, пакуль нікога не забралі.
РС: Навошта яны гэта робяць? Навошта шукаць тых, хто ўжо зьехаў? Кадыраў жа казаў у сваім інтэрвію, што хай Канада усіх забярэ, нам яны не патрэбныя.
Ігар Качаткоў: Гэта дэмагогія. Насамрэч ім не патрэбныя жывыя сьведкі, і таму іх трэба вярнуць, зь іх пункту гледжаньня, для таго, каб яны ня дай Бог не загаварылі і не працягвалі гаварыць.
РС: Што адбываецца з праверкай Сьледчага камітэту, ці ёсьць надзея, што яна прынясе нейкія вынікі?
Ігар Качаткоў: А мы ня ведаем, што зь ёй адбываецца. І мы, і «Новая газета» адпраўлялі пісьмовыя заявы ў Сьледчы камітэт, і апошні адказ, які мы атрымалі, быў, калі не памыляюся, у траўні, калі нам паведамілі, што вядзецца дасьледчая праверка — безь якой-небудзь канкрэтыкі. З тых часоў мы ніякіх адказаў не атрымлівалі.
РС: Паводле вашых адчуваньняў, варта чакаць чагосьці ад гэтай праверкі і ад дзеяньняў расейскіх праваахоўных органаў?
Ігар Качаткоў: Адчуваньні — рэч суб’ектыўная. Я проста бачу, што адбываецца, я бачу, што працэсуальныя тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам, ужо парушаны і адказаў ня дадзена. Калі ня дадзена адказаў, значыць, ня хочуць іх даваць. На сёньняшні дзень, зыходзячы з тых фактаў, якія ў нас ёсьць, я раблю выснову, што яны ня хочуць праводзіць расьсьледаваньне.
РС: Паводле нашай інфармацыі, перасьлед цяпер праводзіцца па новай схеме: на гома- і бісэксуальных мужчын вешаюць крымінальныя справы — зброя і наркотыкі. Ці ёсьць у вас інфармацыя на гэты конт?
Ігар Качаткоў: Так, у нас таксама ёсьць такія зьвесткі, мы ведаем, што спрабуюць распачаць справы па розных падставах. Я ведаю пра зброю і пра нейкія гаспадарчыя злачынствы па эканамічных артыкулах.
Цалкам матэрыял карэспандэнта расейскай службы Радыё Свабода Сяргея Хазава-Касіі чытаць тут.