У каго рыкашэтам трапіла сталінская куля. Ствараем сьпіс беларускіх жанчын ГУЛАГу

Фрагмэнт постэра фільма Марыяны Яроўскай "Жанчыны ГУЛАГу"

Ніна Лістапад, Марыя і Людміла Стагановіч, Зоя Грыц, Паліна і Ала Каваль, Мая Кляшторная, Рая і Жэня Кульбак, Ларыса Геніюш, Марыя Дубоўка, Ядзьвіга Бяганская, Надзея Дземідовіч, Зіна Бандарына... Гэта толькі пачатак сьпісу беларускіх жанчын ГУЛАГу.

Як сталінскія расстрэлы разбурылі лёсы жанчын — жонак, каханак, сябровак, дачок расстраляных прадстаўнікоў беларускай эліты? Як захаваная памяць пра іх і як яны захоўвалі памяць пра забітых блізкіх? Абмяркоўваюць гісторык, дасьледчыца пэрыядаў беларусізацыі Алена Маркава, гісторык, дасьледчыца гісторыі палітычных рэпрэсій і супраціву Ніна Стужынская і пісьменьніца і дасьледчыца гісторыі беларускай літаратуры Ганна Севярынец.

Сьцісла:

  • Ганна Севярынец: І пасьля расстраляных мужчын у нас засталося вобмаль. А жанчыны, якія трапілі ў ГУЛАГ, гэта зусім тэра інкогніта для дасьледчыкаў.
  • Алена Маркава: Застаецца сацыяльная стыгма на жанчынах, блізкіх да арыштаванага. Іх пачынаюць цурацца, баяцца, бо яны ўжо падазроныя. Як ім жылося ў атмасфэры страху, калі ты можаш стаць наступным...
  • Ніна Стужынская: У кнізе «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў 20-м стагодзьдзі», падрыхтаванай на аснове матэрыялаў навукова-практычнай канфэрэнцыі 1998 году, жаночая тэма праходзіць вельмі сьціпла, нават ня згадваюцца жонкі рэпрэсаваных навукоўцаў.


«Калі даведалася пра свайго сапраўднага бацьку, зьехала зь Беларусі»

— У гэтыя дні ў Беларусі праходзяць жалобныя імпрэзы. Грамадзкасьць трэці год запар адзначыла Ноч расстраляных паэтаў. Зачытваліся імёны расстраляных. Я хачу пагаварыць пра тых жанчын, чыё лёс быў зламаны, пакалечаны, чые таленты і здольнасьці не змаглі раскрыцца ў выніку гэтых расстрэлаў. Гэта жанчыны, якія былі побач і разам, але пра іх лёсы мы ведаем яшчэ менш, чым ведалі нядаўна пра лёсы іх мужчын. Пра каго б з жанчын, па якіх рыкашэтам ударыла сталінская куля, вы б хацелі пагаварыць у гэтыя дні?

1942 год, мастак М.Гусеў з суседзямі. Крайняя злева сядзіць Паліна Каваль-Сапетка.

Ганна Севярынец: Мне адразу згадалася гісторыя жонкі пісьменьніка Васіля Каваля, якога расстралялі 29 кастрычніка 1937 году. Мы амаль нічога пра яе ня ведаем. Толькі ў агульных абрысах. Калі арыштавалі Васіля Каваля, ягоная жонка Паліна была цяжарная. Калі стала зразумела, што Каваль ня выйдзе, і над ёй навісла пагроза арышту і лёсу жонкі ворага народу, пагроза яе не народжанаму дзіцяці, то мастак Анатоль Сапетка, сябра Каваля, узяў яе замуж, каб даць сваё прозьвішча ёй і дачцэ. Сапетка гадаваў малую Алу, дачку расстралянага паэта.

Паліна ў вайну загінула ў гета. Алу выхоўвала ўжо мачаха, другая жонка Сапеткі. А калі ў 1960-я гады Анатоль Сапетка і Алена Смольская расказалі Але, хто яе сапраўдны бацька, для яе гэта была жудасная трагедыя, яна моцна перажывала. У выніку Ала вырашыла ўзяць сабе прозьвішча расстралянага бацькі і зьехала зь Беларусі, вырашыла, што ня можа жыць у Беларусі. У гэтай гісторыі Алы Каваль адбілася страшнае 20 стагодзьдзе, якое пераламала лёсы ня толькі мужчын, але і жанчын.

«Той крок Георгія Лістапада ў Слуцкую брыгаду вызначыў лёс яго жонкі, дачкі і ўнукаў»

Ніна Стужынская: У сярэдзіне 1990-х мне пашчасьціла пазнаёміцца зь Нінай Лістапад, дачкой слуцкага паўстанца Георгія (Юрыя) Лістапада. Яна шмат распавяла падрабязнасьцяў пра свайго гераічнага бацьку, пра тое, як яны з маці Марыяй Стагановіч змаглі выжыць пасьля арышту і расстрэлу Лістапада ў 1938 годзе ў пятым аддзяленьні Бамлагу. Жыцьцё жанчын склалася вельмі драматычна. Ніна Георгіеўна распавядала, што яны мусілі блукаць амаль па ўсяму СССР, каб проста захавацца. Найбольш яны пражылі ў Ашхабадзе. Як толькі адчувалі інтарэс спэцслужбаў да сваіх асобаў, адразу пераяжджалі ў другое месца. Толькі ў 1960-я гады яны вярнуліся ў Беларусь.

Сёстры Стагановіч Марыя і Людміла, слуцкіе актывісткі нацыянальнага руху, злева жонка Юркі Лістапада

На жаль, я не застала ў жывых Марыю Стагановіч. Ніна шчасьліва выйшла замуж, у яе былі выдатныя дзеці. Сын быў вымушаны зьехаць у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Ніна паказала мне фотаздымак 16-гадовага ўнука. Ён быў вельмі падобны на Юрку Лістапада. Той крок Георгія Іванавіча Лістапада ў Слуцкую брыгаду як раз і вызначыў лёс і жонкі яго, і дачкі, і ўнукаў.

«Жанчына часта застаецца ў цені выбітных пісьменьнікаў, мастакоў, творчых людзей»

Алена Маркава: Пра гэтых жанчын менш гавораць, чым пра іх мужчын, напэўна таму, што жанчына часта застаецца ў цені, калі мы кажам пра вядомых, выбітных пісьменьнікаў, мастакоў, творчых людзей. Відавочна, гэта вялікая страта, калі іх арыштоўваюць, гэта заўсёды на слыху, але заўсёды застаюцца сям’і, дзеці, жонкі. І ўвесь цяжар падае на тых, хто застаецца адзін пасьля арышту, у нейкай цені, але ад гэтага гора меншым не становіцца. Трэба ўлічваць, што застаецца сацыяльная стыгма на жанчынах, блізкіх да арыштаванага. Уявіце, што яны адчуваюць, калі іх пачынаюць цурацца, баяцца знаёмыя, бо яны ўжо падазроныя. Як ім жывецца ў гэтай атмасфэры страху, калі ты можаш быць на чарзе наступным. Сёньня вітаюцца суседзі, а заўтра ўжо не, бо ім страшна. Гэта вельмі цяжкі працэс, і ён заставаўся трошкі ў цені. Не заўсёды паўсядзённасьць жонак расстраляных шырока вядомая дасьледчыкам ці публіцы. Варта зьвярнуць на гэта ўвагу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэтэндэнтка на «Оскар» выказалася пра Курапаты, Алексіевіч і Сталіна на Краснай плошчы


У Алексіевіч ёсьць фільм пра Маю Кляшторную

— Марыяна Яроўская, амэрыканска-расейская рэжысэрка дакумэнтальнага фільма «Жанчыны ГУЛАГу» трапіў летась у шорт-ліст прэміі «Оскар», і ўжо больш за год адбываюцца ягоныя паказы на фэстывалях і аўдыторыях заходніх унівэрсытэтаў. Як увекавечаныя ў літаратуры, кіно, мастацтве беларускія жанчыны ГУЛАГу? Што зроблена, што ня зроблена? І што варта зрабіць?

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: І пасьля расстраляных мужчын у нас засталося няшмат. Нягледзячы на тое, што яны былі пісьменьнікамі, і прадукавалі вялікую колькасьць тэкстаў, ад іх у нас засталося вобмаль. Жанчыны, якія трапілі ў ГУЛАГ, якія былі іх жонкамі, дочкамі, якія былі побач, якія таксама былі пісьменьніцамі (час быў вельмі складаны для жанчын-пісьменьніц), пасьля іх засталося зусім амаль нішто. На сёньня гэта зусім тэра інкогніта для дасьледчыкаў.

Ларыса Геніюш, "Споведзь", 1993

І ўсё ж ёсьць дакумэнты, і беларуская літаратура і навука могуць пахваліцца тым, што дакумэнты ўводзяцца ва ўжытак. Надрукаваная «Споведзь» Ларысы Геніюш, апублікаваныя ўспаміны Марыі Дубоўкі «Мае санаторыі і курорты», апублікаваная мэмуарная аповесьць Ядзьвігі Бяганскай «Мая Галгофа». Гэта ўсё выйшла мізэрнымі накладамі, гэта ўсё яшчэ трэба камэнтаваць, вывучаць і перавыдаваць, кампанаваць у розныя кнігі, але пакрысе праца ідзе. Шкада толькі, што дакумэнтальна, архіўна мы маем вельмі скупыя крыніцы.

— Я б дадала яшчэ кнігі ўспамінаў вязьня ГУЛАГу Надзеі Дземідовіч, а таксама зьняты ў 1989 годзе на «Беларусьфільме» па сцэнару Сьвятланы Алексіевіч рэжысэрам Юрʼем Лысятавым фільм «Успамін пра дом» пра Маю Кляшторную, дачку расстралянага паэта Тодара Кляшторнага.

Алена Маркава: Шмат чаго ўжо зроблена, але размова ідзе пра маленькія кнігі малымі накладамі. Шмат чаго ня зроблена і мае быць зроблена. Я думаю, што патрэбнае дасьледаваньне паўсядзённага жыцьця жанчын. Калі мы кажам пра рэпрэсіі, то іх спазналі ня толькі выбітныя паэты, мастакі, якія былі расстраляныя ў «ноч расстраляных паэтаў» ці былі арыштаваныя. Гэта вялікая колькасьць людзей — засталіся іх жонкі, семʼі, дзеці, якія моцна адчувалі гэтую страту. Калі б мяне запыталіся, зь якой кропкі глядзець, то дасьледаваньне мае быць накіраванае на паўсядзённасьць жанчыны, якая засталася адна. З пакаленьня ў пакаленьні фармуецца нацыянальная памяць на аснове тых рэпрэсій. І варта гэтую інфармацыю перадаваць далей.

Ніна Стужынская: Канечне, напісана мала. У 1990-я гады, калі я была супрацоўнікам гісторыі, там працавала вельмі кароткі час група, якая вывучала палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, але яна даволі безвынікова згарнула сваю працу. Захаваліся толькі некаторыя цікавыя артыкулы, выдадзеныя намаганьнямі грамадзкіх арганізацый. Трымаю кнігу «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў 20-м стагодзьдзі», падрыхтаваную на аснове матэрыялаў навукова-практычнай канфэрэнцыі ў лютым 1998 году. І тут жаночая тэма праходзіць вельмі сьціпла, нават ня згадваюцца жонкі рэпрэсаваных навукоўцаў Акадэміі навук. Хаця ў тыя гады былі яшчэ жывыя сьведкі. На жаль, тая група так працавала, што не сабрала ўспамінаў. А вось грамадзкія арганізацыі стараліся надаць належнае памяці гэтых людзей. Беларуская жаночая ліга разам з грамадзкім Абʼяднаньнем ахвяраў палітычных рэпрэсій, Асацыяцыяй ахвяр палітычных рэпрэсій выдалі ў 1999 годзе кнігу «Боль людзкая» пра лёсы рэпрэсаваных.

«Дзяўчаты часьцяком рабілі такія ўчынкі, якіх не рабілі хлопцы»

— Ганна, у вашай кнізе «Гасьцініца Бэльгія» ёсьць яркія жаночыя вобразы. Каго з жанчын таго часу вы маглі б зрабіць гераіняй вашай наступнай кнігі? Алена, Ніна, а вашых будучых дасьледаваньняў?

На фота - Студыя "Маладняка". У першым радзе (зьлева направа): В. Казлоўскі, М. Дубіцкі. У другім радзе: П. Глебка, Н. Вішнеўская, М. Зарэцкі, С. Дарожны. У трэцім радзе: П. Герман, Я. Жук, З. Бандарына, М. Лужанін

Ганна Севярынец: Там быў россып яркіх дзяўчат, яркіх характараў, яркіх лёсаў. Амаль кожная зь іх вартая раману. Дзяўчаты часьцяком рабілі такія ўчынкі, якіх не рабілі хлопцы. Зіна Бандарына, выпускніца Белпэдтэхнікуму, паэтка, «маладнякоўка», магла прыстроіцца цёпленька ў Менску, але яна зьяжджае ў Сібыр беларусізаваць беларускія школы, працаваць там выкладчыцай. Яна вяртаецца ў Беларусь у разгар жорсткай літаратурнай дыскусіі, і калі яе прымушаюць у гомельскай газэце перакласьці на расейскую мову нейкі ганебны для Зарэцкага і Дудара артыкул, яна адмаўляецца, і яе выганяюць з камсамолу. Але самае цікавае для мяне — гэта гісторыя Ядзьвігі Бяганскай, жонкі расстралянага паэта Алеся Сака, сама вязень ГУЛАГу.

Ніна Стужынская

Ніна Стужынская: Адна з маіх улюблёных гераінь — Зоя Апанасаўна Грыц, якая вартая таго, каб яе сёньня ўспомнілі. Яе бацька быў сябрам Заходняй камуністычнай партыі. Ён уцёк у Беларусь з Польшчы ў 1930 годзе пасьля разгрому Грамады. Дзяўчаты таксама перайшлі на савецкі бок, іх лёс склаўся вельмі трагічна. Зоя сышла на 96 годзе жыцьця, яна знайшла апошні прытулак ля вёскі, дзе я жыву, і я заўсёды хаджу на яе магілу. Яе лёс варты асобнай кнігі. Зоя была рэпрэсаваная як простая беларуска, як носьбітка беларускай мовы, як выхаванка беларускай гімназіі, якая пра сябе казала: «Я ж Паўлінка была, прымадонна беларускай гімназіі».

Яна перакладала на беларускую з украінскай і расейскай мовы пʼесы, якія потым ставілі на сцэне беларускай гімназіі. Яна мне расказвала, як працавала агентура, каб выманіць незадаволеных антыбеларускай палітыкай польскіх уладаў на савецкі бок. Потым іх пакрысе зьнішчалі, і Зоя трапіла адной зь першых. Двойчы трапляла ў адну і тую ж камэру «Амэрыканкі» — у 1927 годзе, калі перайшла мяжу, і ў 1933 годзе, калі арыштавалі па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыі жанчын зь лягеру жонак здраднікаў радзімы. Сярод іх была Мая Кляшторная

Тое, што яны была Паўлінкай, дапамагло выратавацца. Канвойны ў турме яе прызнаў і, каб падтрымаць, выклікаў нібыта для таго, каб прыбраць пакой, а сам аддаваў ёй свой паёк. Яна прайшла 25 гадоў па турмах і па лягерах Сібіры. І там адбылося яе каханьне. Яна нарадзіла траіх дзяцей. Вельмі рамантычная гісторыя на чорным трагічным фоне.

Алена Маркава

Алена Маркава: Калі дасьледуеш у нейкай зьяве яе росквіт і заняпад, мяне цікавяць перадусім масавыя ўчынкі і масавая паўсядзённасьць, якая заўсёды застанецца ў цені. Спадзяюся не застанецца. Гэта, напрыклад, сялянка, якая працавала разам з высланай сямʼёй на нейкай няплоднай дзялянцы. Гэта гарадзкая жыхарка, зь якой раптоўна перасалі вітацца суседзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рая Кульбак, дачка забітага паэта


«Паўсядзённы подзьвіг чалавека, які рабіў гэта і для сябе, і свайго дзядзькі»

— Мая Кляшторная, Рая Кульбак... Як бы вы працягнулі сьпіс дачок расстраляных, якія захоўваюць памяць пра сваіх рэпрэсаваных бацькоў.

Ганна Севярынец: Гэты сьпіс ня вельмі шырокі, бо шмат хто загінуў зь іх. Многія сышлі ў цень, і гэта было сьвядомае сямейнае рашэньне, каб дзеці ніколі ня былі публічнымі. З тых, хто меў і сьмеласьць і сямейны імпэт захоўваць памяць пра сваіх родных рэпрэсаваных, я б хацела назваць Лідзію Маркаўну Малініну, пляменьніцу Алеся Дудара. Яна захавала архіў, сабрала комплекс дакумэнтаў, усе нават невялічкія артыкульчыкі, дзе толькі згадвалася імя Дудара. Яна самаахвярна і і, падавалася б, безнадзейна зьбірала гэтыя публікацыі. Гэта паўсядзённы подзьвіг чалавека, які рабіў гэта і для сябе, і свайго дзядзькі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вуліцы ў Менску маюць назваць імёнамі аднаго з заснавальнікаў БНР Смоліча і расстралянага паэта Дудара

Ніна Стужынская: Нядаўна я даведалася, што ўнучка героя Слуцкага паўстаньня Анцыповіча цікавіцца ім, стварыла прысьвечаную яму старонку ў сацсетках, зьбірае пакрысе факты яго біяграфіі. Я хачу ёй напісаць, каб паведаміць нейкія асабістыя падрабязнасьці яго жыцьця. Часам мне пішуць з Польшчы, Расеі сваякі людзей, якія былі пакараныя ў Беларусі ці на палітычнай падставе ці проста таму што трапілі ў рэпрэсіўную машыну. Я заўсёды адказваю ім.

Алена Маркава: Калі яшчэ жывыя нашчадкі расстраляных, дай ім Бог здароўя, то трэба запісваць, разьвіваць вусную гісторыю. Паперы захаваліся ці не захаваліся, у якім яны стане, але калі ёсьць жывыя сьведкі, зь імі цікава і проста размаўляць, і, натуральна, запісваць інтэрвію. У гэтым кірунку таксама трэба працаваць, апрацоўваючы індывідуальна перажытае.

Калі я пыталася ў сьвядомым узросьце ў сваёй бабулі, а што ты ведаеш пра рэпрэсіі, якія былі на Лепельшчыне, кожны раз яна проста маўчала. Такі страх быў. Быў чалавек і зьнік. «Не, не пытайся мяне», — казала бабуля. Я лічу, што пра гэта трэба размаўляць, памятаць і перадаваць далей, каб не заставалася ўсё ў цемры, каб не паўтарылася.