Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага лічыць, што трэба спрабаваць вырашаць канфлікт ля Курапатаў праз перамовы з чыноўнікамі і ўладальнікамі рэстарацыі «Поедем поедим». 81-гадовая Мая Кляшторная перакананая, што Курапатам патрэбны спакой.
Колішняя навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная ўважліва сочыць за двухмесячным супрацьстаяньнем вакол забаўляльнага цэнтру ля месца масавых расстрэлаў.
— Гэтым жыву ўвесь час. Ноч сёньня не магла спаць праз гэта. Але для Курапатаў ёсьць большая небясьпека, чым гэтая рэстарацыя. Для мяне самае галоўнае, каб поле захавалася. Гэтае поле — аснова асноў, там павінен быць музэй. За гэтым я сачу з 2002 году. Менавіта для гэтага быў распрацаваны праект ахоўных зонаў. Бо ахоўная зона — гэта ня проста пустое месца вакол магілаў, гэтае месца павінна расказваць людзям пра Курапаты, каб яны не затапталі магілы. І тады ў Курапатах будзе спакой.
Што да забаўляльнага цэнтру «Поедем поедим», Мая Кляшторная перакананая, што з часам рэстарацыя, напэўна, зьнікне, бо там ня надта выгаднае месца.
— Гэта нахабства людзей, якія гаспадараць па ўсё Беларусі... І ў нас пад вокнамі бізнэс-цэнтры распачынаюць будаваць. Гэтае нахабства ніколі ня скончыцца. Я перажыла столькі за гэтыя гады, але ніколі не рабіла шуму, а толькі дамаўлялася з тымі чыноўнікамі, ад якіх гэта залежала. Чыноўнікі мяняюцца, а пляны іх не мяняюцца, перадаюцца ў спадчыну.
Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага трапіла ў ГУЛАГ у трохмесячным узросьце разам з маці, агулам яна правяла ў сталінскіх дамах для дзяцей рэпрэсаваных каля 18 гадоў. Мая Тодараўна звычайна пазьбягае гучных заяў наконт Курапатаў.
Справа ў тым, што Курапатамі распараджаюцца часовыя чыноўнікі, якія нават і не глядзяць туды, можа, і не бываюць там.
— Курапатам патрэбны спакой. Заўсёды мы яго захоўвалі з Алесем Чахольскім (кіраўнік дырэкцыі Народнага мэмарыялу) і іншымі хлопцамі. Мы не падымалі ніклі шуму і тлуму. З рэстарацыяй усё нібыта на законным узроўні ўзгоднена. Справа ў тым, што Курапатамі распараджаюцца часовыя чыноўнікі, якія нават і не глядзяць туды, можа, і не бываюць там. Праходзіць час, яны сыходзяць на пэнсію. Але чыноўнікі ўсе — часовыя. Яны не пасьпеюць нешта зрабіць, а іх прыбіраць, зьмяшчаюць. Так з усімі чыноўнікамі адбываецца. І нават будучы на сваёй пасадзе, яны кідаюцца ў паніку і ня ведаюць, як сябе паводзіць, чакаюць сыгналу зьверху. А самі не прадпрымаюць нічога. А чыноўнікі на ўзроўні міністэрства культуры ці іншых ведамстваў павінны ў першую вяртацца да першапачатковага закону пра ахову па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Не таго, што апошнім паўстаў... Чыноўнікі павінны спакойна арганізаваць, каб на тым месцы быў мэмарыял, які павінны быць створаны цэлым дасьледчым інстытутам.
Мая Тодараўна ў размове са Свабодай добрым словам згадвае Паўла Якубовіча, колішняга рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня», дзякуючы якому яна атрымала з архіваў КДБ крымінальную справу сваёй маці, і які цяпер дапамагае ёй прыватным чынам.
— У яго добрае сэрца і добрая галава.
КДБ дазволіў Маі Кляшторнай пазнаёміцца са справай маці. Паспрыяў Якубовіч
Мая Кляшторная добра памятае, як наведвала Курапаты больш за год таму.
— Перадапошні раз я была там, калі пачыналі будаваць бізнэс-цэнтар у 2017 годзе. Мяне фактычна з ложку прывезьлі туды хлопцы... Там размаўляць не было зь кім. На маіх вачах вырасла агароджа. Гэта быў люты, сьнег, вецер. І людзі заступілі на вахту, начавалі ў намёце. Я перажывала за іх моцна. Гэта была сапраўды абарона.
Апошні раз Мая Тодараўна была ў Курапатах, калі там усталёўвалі крыж па яе бацьку сябры КХП БНФ.
— Мне патэлефанавалі і сказалі, што будуць крыж па майму бацьку ставіць. Я сазванілася з унучкай і ўнукам, мы ўзялі таксі і прыехалі. Як раз рабілі падмурак пад крыж. З намі быў таксама мой маленькі праўнучак. Ён на ўсё гэта глядзеў, а потым узяў галінку і пайшоў вакол крыжоў, галінкай памахваў. А потым сказаў: «Я асьвяціў усе крыжы». Як ролю сьвятара выконваў.
На пытаньне, ці дазваляе стан здароўя прыехаць у Курапаты цяпер, Мая Кляшторная адказвае адразу.
— Канечне, змагла бы. Я гатовая размаўляць. Уладальніка рэстарацыі я разумею. Разумею, якія ў яго ёсьць магчымасьці і немагчымасьці. Але там сапраўды ня так і складана перанесьці гэтую драўляную пабудову, нечым паступіцца, каб было больш зручнае месца, дзе можна было абслугоўваць тых, хто жадае часам і адпачынак мець пры запраўцы. Я магу размаўляць з усімі.
Зайдэс адмовіўся закрыць «Поедем поедим», прапанаваў грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў
Мая Кляшторная не з усім згодная, што адбываецца цяпер у Курапатах.
— Для мяне галоўнае, што Курапатам патрэбны спакой. Калі жадаеш дабра, тады ахоўваеш. Там не павінна быць шумных падзей, якія магчымыя на плошчы ці яшчэ дзе. Вакол Курапатаў не патрэбны шум. Я бы ішла іншым шляхам. Па-першае, я бы размаўляла з гаспадарамі, калі тыя згодныя. Калі людзі здольныя размаўляць, то трэба размаўляць. А таксама трэба размаўляць з чыноўнікамі, якія адказваюць за разьмеркаваньне зямлі, каб уладальнікам рэстарацыі маглі прапанаваць нешта лепшае і рэальна да гэтага падыйсьці. Такія былі б мае захады.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.