Польшча спросьціць умовы працаўладкаваньня беларускім лекарам

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

Міністэрства аховы здароўя​ Польшча плянуе спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу. Адпаведны законапраект ужо паступіў у польскі парлямэнт, паведамляе Polskie Radio.

У прыватнасьці, замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ. Дазвол на працу будзе выдаваць канкрэтны польскі шпіталь пасьля праходжаньня лекарам іспыту на права прафэсійнай дзейнасьці ў Польшчы. Без пацьверджаньня дыплёма лекары змогуць атрымліваць дазвол на працу максымум на пяць гадоў у канкрэтнай мэдыцынскай установе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб любіць Беларусь нашу мілую: загадкі беларускай эміграцыі

Адпаведныя папраўкі рыхтуюцца ў закон, які рэглямэнтуе працу лекараў і стаматолягаў. Ён ужо паступіў на разгляд у польскі Сэйм, але пакуль невядома, калі яго разгледзяць дэпутаты.

Як адзначае Polskie Radio, у першую чаргу зьмены накіраваныя на прыцягненьне лекараў з суседніх Беларусі і Ўкраіны.

У Польшчы цяпер назіраецца недахоп мэдыкаў. Пры гэтым лекары ў Польшчы маюць адных з найлепшых заробкаў — паводле Польскага радыё, у сярэднім каля 3-4 тысячы эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскія настаўнікі страйкуюць. Іх заробкі ў разы большыя, чым у Беларусі

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў беларускай ахове здароўя — 935,7 рубля, або каля 400 эўра. У лекараў яна вышэйшая, але ўсё адно гэта значна менш, чым у Польшчы.

У 2019 годзе амаль 137,7 тысячы беларусаў атрымалі від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу, 91,9% зь іх — у Польшчы, у асноўным за кошт «карты паляка». З 2008 году да 24 верасьня 2019 году беларусы атрымалі 131 770 «картаў палякаў», апошнія гады колькасьць заяваў на атрыманьне «карты паляка» расьце: за апошнія тры гады дакумэнт атрымалі больш за 55 тысяч беларусаў, у той час як за папярэднія 8 гадоў было каля 75 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За адзін дзень зь Беларусі было 30 тысяч спробаў рэгістрацыі на «карту паляка»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На заробкі за мяжу зьехала на 25% больш беларусаў, чым летась, — МУС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой, рэкордная, — прафэсар Дунаеў