8 красавіка ў Польшчы пачаўся страйк настаўнікаў, якія патрабуюць ад ураду павышэньня месячнай зарплаты настаўніка з нарматыўнай пэдагагічнай нагрузкай у сярэднім на 30%. Нарматыўная пэдагагічная нагрузка ў Польшчы — 40 гадзін на тыдзень. Глядзім, якая нагрузка ў беларускіх настаўнікаў і колькі яны зарабляюць.
У Польшчы
Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, у 2018 годзе настаўнікі, паводле сваіх кваліфікацыйных разрадаў, мелі наступныя месячныя зарплаты «на рукі»:
- стажор — 2018 злотых (530 даляраў);
- кантрактны настаўнік — 2309 злотых (605 даляраў);
- настаўнік са званьнем — 2976 злотых (780 даляраў);
- настаўнік з дыплёмам — 3784 злотыя (990 даляраў).
Наагул, рэальныя месячныя заробкі «на рукі» ў сэктары асьветы вышэйшыя за гэтыя сумы, паколькі большасьць польскіх настаўнікаў атрымлівае яшчэ гэтак званыя дадаткі, зьвязаныя зь іхнымі функцыямі ў школе, звышнарматыўнай нагрузкай і стажам працы.
Паводле ацэнкі арганізатараў страйку, у сёньняшняй акцыі пратэсту ўдзельнічае каля 80% школаў краіны. У польскіх школах (дзіцячыя садкі, базавая адукацыя, гімназія, ліцэй) працуе блізка паўмільёна настаўнікаў (82% зь іх — жанчыны).
Агулам, паводле Статыстычнага камітэту Польшчы, сярэдні заробак у сфэры адукацыі ў 2017 годзе быў 1215 даляраў (бяз выліку падаткаў).
У Беларусі
У Беларусі ў гэты час намінальны налічаны заробак у сфэры адукацыі быў 294 даляры (у 2018 годзе — 322 даляры).
Настаўнік менскай школы бяз кляснага кіраўніцтва, з унівэрсытэцкім дыплёмам і 10-гадовым стажам на сёньня мае заробак каля 300 даляраў. Гэта ўтрая меней, чым мае польскі настаўнік з дыплёмам, і нават меней, чым стажор у Польшчы.