Наколькі вялікая эміграцыя з Беларусі, з каго складаецца? Якая яна ў параўнаньні з эміграцыяй у суседзяў? Якія чыньнікі беларускай эміграцыі? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць сацыёлягі Алена Арцёменка і Андрэй Елісееў.
Сьцісла:
- З 1991 году Беларусь пакінула прыкладна паўмільёна грамадзянаў
- Пытаньні пра намер эміграваць будуць сёлета ўключаныя ў ліст перапісу
- Калі калі казаць пра часовую працоўную міграцыю, то больш за ўсё даюць вёска і малыя гарады Віцебшчыны і Магілёўшчыны
- У ФБ сядзяць ня самыя бедныя беларусы, яны складаюць усяго 10% насельніцтва, па іх нельга рабіць выснову пра стан міграцыі
- Колькасьць беларусаў, якія працуюць у Польшчы, за апошнія 5 гадоў павялічылася больш чым у 10 разоў
- Нашая нацыянальная рыса — скардзіцца, выклікаць спачуваньне, мы жывем лепш, чым мы пра гэта гаворым
- Разрыў паміж дэкляраванымі намерамі эміграваць і рэальнай падрыхтоўкай да эміграцыі паказвае, што тыя дэклярацыі — гэта песьня, якую сьпяваюць беларусы
Дракахруст: Размовы на тэму «ды ўсе хочуць зьехаць», парады бацькоў дзецям зьяжджаць — гэта гучыць даволі часта ў сучаснай Беларусі. Але наколькі гэта адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў? Наколькі вялікая эміграцыя зь Беларусі — працоўная, адукацыйная, легальная, нелегальная?
Елісееў: Калі беларусаў пытаюць вельмі агульна — ці хочаце вы зьехаць з краіны, то ледзь не палова адказвае станоўча. Але калі пытаюцца, ці робіце вы нейкія канкрэтныя дзеяньні, каб зьехаць — напрыклад, вучыце мову, шукаеце працу за мяжой, то толькі 5-7% гэта робяць.
Каля 100 тысячаў маюць легальныя віды на жыхарства ці грамадзянства ў краінах ЭЗ, у Ізраіль эмігравалі каля 200 тысячаў грамадзян Беларусі, гэта адбылося пераважна яшчэ на пачатку 1990-х, у ЗША — некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек, у Расеі маюць легальны статус 400-500 тысячаў беларусаў.
Лічбы немалыя, але гэта адбылося за працяглы час.
У Беларусі адмоўнае міграцыйнае сальда — больш зьехала з краіны, чым прыехала ў яе.
Арцёменка: Сёлета будзе новы перапіс, і пытаньні пра намер эміграваць уключаныя ў ліст перапісу. Гэта кажа пра тое, што ўлада цікавіцца гэтым пытаньнем, магчыма, не без парады міжнародных арганізацый.
Дракахруст: Ад чаго залежыць узровень эміграцыі?
Арцёменка: Ад эканамічнага становішча, ад узроўню даходаў, ад сытуацыі на рынку працы. У нас беспрацоўе невысокае, паводле формулы Міжнароднай арганізацыі працы — каля 6%. І сытуацыя даволі стабільная на працягу ўсяго пэрыяду незалежнасьці.
Моцных фактараў, якія ўплывалі б на пашырэньня эміграцыі, няма. Але на гэта ўплывае розьніца ва ўзроўнях даходаў у Беларусі і ў суседзяў, найперш у Расеі і ў Польшчы.
Да канфлікту з Украінай і да заходніх санкцыяў розьніца ў даходах з РФ была вельмі істотнай. Калі пасьля крызісу эканамічнае становішча ў Расеі пагоршылася, можна бачыць, што міграцыйный паток туды скараціўся.
Дракахруст: Беларускія эмігранты — гэта пераважна хто? У ФБ пра намер «зваліць», пра тое, што «ўсе звальваюць», пішуць ня самыя бедныя і абяздоленыя людзі.
Арцёменка: У ФБ сапраўды ня самыя бедныя беларусы. І яны складаюць усяго 10% насельніцтва. Па іх нельга рабіць выснову пра стан міграцыі, скажам, у Віцебскай вобласьці, якая самы дэпрэсіўны рэгіён і дзе практычна няма працы. Жыхары гэтага рэгіёну ня пішуць у ФБ, але ў іх самы высокі міграцыйны патэнцыял.
Елісееў: Калі казаць пра часовую працоўную міграцыю, то больш за ўсё даюць вёска і малыя гарады Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Калі казаць пра міграцыю на сталае жыхарства, то гэта сапраўды ня самыя бедныя.
Ёсьць розьніца ва ўзроўні жыцьця беларусаў і ўкраінцаў, якія эмігруюць у Польшчу. Беларускія эмігранты туды больш заможныя, чым іх украінскія калегі.
За апошнія 25 гадоў зь Беларусі эмігравала больш за паўмільёна. Але калі казаць пра актуальнае становішча і параўнаць яго з украінскім ці малдоўскім, то ў Беларусі памеры эміграцыі прапарцыйна істотна меншыя.
Дракахруст: Як эканамічныя «горкі» апошніх гадоў уплывалі на дынаміку эміграцыі: 2010 — запаветныя «папіццот», 2011 — дэвальвацыя, абвал, потым да канца 2014 году ішло паляпшэньне, нават перасягнулі «папіццот», 2015 — ізноў абвал, дэвальвацыя, дэпрэсія, якая вылілася ў «антыдармаедзкія» пратэсты, зь сярэдзіны 2017 — ізноў рост, ізноў на гарызонце «папіццот». Гэта ўплывае на міграцыю наўпрост?
Елісееў: У 2011 годзе, скажам, не было зафіксавана значнага павелічэньня міграцыі ў Польшчу. Але калі паглядзець за апошнія 5 гадоў, то рост эміграцыі фіксуецца. Колькасьць беларусаў, якія працуюць у Польшчы, за апошнія 5 гадоў павялічылася больш чым у 10 разоў.
Крызісы, эканамічныя шокі не выклікаюць імгненнага росту эміграцыі. Але праз пэўны час рэакцыя робіцца відавочнай.
Дракахруст: Наколькі вялікія маштабы часовай эміграцыі? Уразіў факт з расейскага апытаньня працоўных мігрантаў. Сярод беларусаў-гастарбайтараў опцыя — хацеў бы застацца ў РФ — не дамінуе, у адрозьненьне, скажам, ад армянаў ці ўкраінцаў. У беларусаў пераважаюць адказы — езьдзіць у Расею і вяртацца дамоў. Які памер такой эміграцыі?
Елісееў: Дадзеныя гэтага апытаньня адпавядаюць колькасьці замежнікаў, якія атрымліваюць грамадзянства ў РФ. За апошнія 3 гады грамадзянства РФ атрымалі 300 тысяч украінцаў, каля 100 тысячаў армянаў і каля 15 тысячаў беларусаў.
Для ўкраінскіх мігрантаў вельмі складана працаваць у РФ, калі няма тамтэйшага грамадзянства. А беларусы са сваімі пашпартамі маюць у Расеі такія самыя працоўныя правы, як і асобы з расейскім пашпартам.
Дракахруст: Што азначае папулярнасьць думкі — «ды ледзь ня ўсе зьяжджаюць, усе хочуць зьехаць»? Гэта адлюстроўвае рэальныя намеры, гэта эфэкт бурбалкі ці нешта іншае?
Арцёменка: Гэта наша нацыянальная рыса — скардзіцца, выклікаць спачуваньне. Мы жывем лепш, чым мы пра гэта гаворым. Ёсьць звычка бурчэць. Разрыў паміж дэкляраванымі намерамі эміграваць і рэальнай падрыхтоўкай да эміграцыі паказвае, што тыя дэклярацыі — гэта песьня, якую сьпяваюць беларусы. І калі ў ФБ гэтая песьня даносіцца з кожнага праса, як той казаў, то гэта натуральна. ФБ — якраз пляцоўка для абмеркаваньня гэткіх тэмаў.