У якіх пытаньнях на адным баку могуць быць Аляксандар Лукашэнка і Зянон Пазьняк. Чаму гвалт трэба разглядаць структурна? Левы ці правы Лукашэнка? Як беларусы падзяліліся паводле сьветапоглядаў? Абмяркоўваем з філёзафам Вольгай Шпарагай.
Сьцісла
- За 25 гадоў, пад уплывам нэалібэральнай глябалізацыі ў дэмакратычных краінах сьвету адбылася эрозія сярэдняй клясы. Шмат людзей, значная частка зь якіх мужчыны, страцілі матэрыяльнае становішча на рынку працы і сваю сымбалічную ролю ў сям’і.
- Калі размова заходзіць пра харасмэнт, першая рэакцыя — ці не абвінавацяць мяне несправядліва? Справа ня ў гэтым, а ў тым, што гвалт падтрымліваецца структурна.
- Лукашэнка хоча выглядаць сучасным лева-лібэралам, але насамрэч ён аўтарытарны палітык, які хоча любымі сродкамі застацца ва ўладзе. У яго тыповая папулісцкая палітыка.
«Разгубленыя ў многіх сэнсах мужчыны сёньня галасуюць за правых папулістаў»
— Вы былі сябрам журы ў дэбатным клюбе «ДысКУТ», у якім моладзь абмяркоўвала, ці патрэбны закон супраць дамаганьняў. Па выніках вы падзяліліся са мной зьдзіўленьнем, што ў якасьці ахвяраў маладыя ўдзельнікі сталі разглядаць падазраваных у дамаганьнях, на якіх могуць узьвесьці паклёп, а не ахвяраў саміх дамаганьняў. З вашага пункту гледзішча, ці такі падыход да праблемы харасмэнту ўласьцівы постсавецкай, пераважна расейскамоўнай прасторы?
— Такі погляд на праблему дамаганьняў характэрны ня толькі расейскамоўнай, але і беларускамоўнай, украінскамоўнай прасторы. Гэта частка больш глябальных дыскусій, якія вядуцца сёньня паміж правымі кансэрватарамі і тымі, што надалей абараняе эмансіпацыйную павестку. Дыскусія вакол Грэты Тунбэрг, якая захліснула літаральна ўсю плянэту, гэта добра засьведчыла. Выпадкі харасмэнту і дыскусіі вакол іх трэба разглядаць унутры гэтага расколу, які мы назіраем цяпер паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў самых розных грамадзтвах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню з 1945-га. Як галасавалі нямецкія рэгіёны за правых і чамуАле мы павінны разумець розны кантэкст і розныя ўмовы ўзьнікненьня гэтых дыскусій. У краінах ЭЗ і ЗША з 1970-х гадоў адбываліся сацыяльныя трансфармацыі, якія дазволілі зьмяніць матэрыяльнае і сымбалічнае становішча жанчын і многіх групаў, якія былі маргіналізаваныя. Мужчыны страцілі манаполію на ролю кармільца, жанчыны сталі таксама выконваць гэтую ролю. За 25 гадоў, пад уплывам нэалібэральнай глябалізацыі, у дэмакратычных краінах сьвету адбылася эрозія сярэдняй клясы. Шмат людзей, значная частка зь якіх мужчыны, страцілі матэрыяльную пазыцыю на рынку працы, а сацыяльныя трансфармацыі, якія распачаліся яшчэ ў 1970-я і былі зьвязаныя з барацьбой жанчын за свае правы, прывялі да страты былой сымбалічнай ролі мужчын у сямʼі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма ніякага гену, які адказвае за пасіўнасьць у жанчыны»Атрымліваецца, што гэтыя разгубленыя ў многіх сэнсах мужчыны сёньня галасуюць за правых папулістаў, таму што правыя папулісты прапануюць простае рашэньне — вернемся да папярэдняй пабудовы грамадзтва, да ранейшых герархій. Гэта тыя, хто нападае на Грэту Тунбэрг. Але гэта толькі частка настрояў грамадзтва.
Ёсьць іншыя настроі, выразьнікі якіх —і гэта ня толькі жанчыны — мяркуюць, што эмансыпацыя павінна далей працягвацца, што трэба шукаць пэўны кампраміс, што інтарэсы тых, хто разгублены на рынку працы, каму трэба пераацэньваць статус, павінны выказваць і палітыкі, і грамадзкія арганізацыі. Такі кантэкст ЭЗ і ЗША.
«У Беларусі патрыярхальныя структуры ад савецкага грамадзтва і патрыярхальная вэртыкаль, якую стварыў Лукашэнка»
— А які беларускі кантэкст?
— Увесь год я рабіла даклады пра глябальную няроўнасьць, паколькі цяпер гэта вельмі бачная тэма ў сувязі з прыходам правых папулістаў. Беларускі кантэкст наступны — у нас аўтарытарны папуліст кіруе ўжо 25 гадоў. Зьявіліся правыя папулісты ў дэмакратычных краінах і гэта можна неяк параўноўваць. У Беларусі з аднаго боку засталіся патрыярхальныя структуры ад савецкага грамадзтва, з другога боку гэта вэртыкаль, якую стварыў і падтрымліваў Лукашэнка. Гэта ў тым ліку і патрыярхальная вэртыкаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Любая дзяржава — гэта структурны гвалт, зь ёй трэба змагацца, — анархіст ДзядокЁн сам сябе называе бацькам, гэтая вэртыкаль падтрымліваецца праз гвалт тых, у каго ёсьць улада, над тымі, у якога ўлады няма. І гэта гвалт ня толькі надзеленых уладай мужчын над жанчынамі, гэта і гвалт у войску, гвалт чыноўнікаў у дачыненьні да грамадзянаў, і гэтак далей. Гэтыя герархіі, у тым ліку і гендэрна афарбаваныя, пранізваюць усё нашае грамадзтва. Нядаўна Лукашэнка фактычна ўхваліў гвалт у школах, гвалт старэйшых над малодшымі, настаўнікаў над школьнікамі.
Гэта ўсё структурна пабудавана, і людзям не хапае адукацыі, каб усё гэта зразумець. Калі размова заходзіць пра харасмэнт, якая першая рэакцыя? Ці не абвінавацяць мяне? Ці не абвінавацяць мяне несправядліва? Але справа ня ў гэтым, а ў тым, што гэты гвалт падтрымліваецца структурна, і гэта значыць, у тым ліку сыстэматычна, — так арганізаваныя нашыя інстытуты, сямʼя, школа, працоўныя месцы, вэртыкаль улады і месцамі грамадзянская супольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фізычны гвалт, псыхалягічны ціск, вымаганьне: вынікі маніторынгу нестатутных адносінаў у войскуНам трэба гэта прааналізаваць, разумець, каб не рэпрадукаваць узоры паводзінаў, якія гэту структуру падтрымліваюць. Гэты значыць, што вы ці мы неабавязкова датычныя да гэтай структуры, але ўсё ж пытаньнем пра гэта трэба задацца і ўвесь час правяраць, ці не зьвязаныя нашыя прывілеі з гэтай гвалтоўнай структурай.
Я ўвесь час сутыкаюся з тым, што харасмэнт разглядаецца не ў пэрспэктыве такім чынам арганізаванага грамадзтва, а выключна ў пляне асабістай датычнасьці альбо недатычнасьці. І тады ўвага пераключаецца з ахвяраў на патэнцыйных ці рэальных гвалтаўнікоў, галоўным становіцца пытаньне, ці не буду я пакараны несправядліва. Але калі гвалт працуе як структура грамадзтва, усе, хто мае ўладу, будуць мець спакусу ёю скарыстацца праз эксплёатацыю і прыніжэньне іншых. Таму ахвяры будуць зьяўляцца зноў і зноў. І менавіта гэта трэба асэнсоўваць і зьмяняць, і гэтага бракуе ў постсавецкай прасторы.
У чым салідарныя Пазьняк і Лукашэнка
— Вы пачалі гаварыць пра сьветапоглядны раскол. Калі апісаць яго спрошчана, то на адным баку праціўнікі мігрантаў, ЛГБТ, заканадаўчых актаў аб папярэджаньні хатняга гвалту і дамаганьняў, ненавісьнікі Грэты Тунбэрг, фэмінізму, праціўнікі, як яны называюць «гендэрнай ідэалёгіі», а з другога боку прыхільнікі лібэральных поглядаў, якія выступаюць да гендэрную роўнасьць, супраць гамафобіі, расізму, за ахову навакольнага асяродзьдзя, талерантнасьць. І гэты падзел зусім не супадае з іншым сьветапоглядным падзелам у Беларусі. Напрыклад жорсткія крытыкі Лукашэнкі, прыхільнікі беларушчыны і незалежнасьці могуць быць, як і прыхільнікі дзейнай улады, жорсткімі крытыкамі ЛГБТ, шарахацца ад тэрміну «гендэр». Такі своеасаблівы «Чый Крым», які моцна падзяляе людзей. Наколькі глыбокі гэты падзел?
— Глыбіня гэтага расколу розная, калі мы возьмем розныя групы. Гэты раскол мы бачым і ў грамадзянскай супольнасьці. Ёсьць арганізацыі ў грамадзянскай супольнасьці, для якіх гендэрная роўнасьць, не дыскрымінацыя, інклюзія — важнейшыя пытаньні, для іх дэмакратыя забясьпечваецца тым, што ў людзей ёсьць доступ да прыняцьця рашэньняў, яны актыўныя і адукаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь можа стаць на ногі за год», — нашумелае інтэрвію з Пазьняком. Поўная тэкставая вэрсіяДругая частка грамадзянскай супольнасьці мяркуе, што ёсьць правы чалавека ў цэлым, і нам ня трэба зацыклівацца на правах нейкіх асобных групаў, гаварыць, што нейкія групы больш дыскрымінаваныя. Гэта мы бачым таксама ў тым, як у арганізацыях прымаюцца рашэньні. У вялізарнай колькасьці арганізацый мужчыны зьяўляюцца кіраўнікамі, няма празрыстасьці ў прыняцьці рашэньняў, і часта ў такіх арганізацыях жанчыны каву разносяць падчас сустрэчаў.
Але мы бачым і пазытыўныя зьмены. Арганізацый, якія зьвяртаюць на гэта ўвагу, становіцца больш, павестка правоў чалавека таксама мяняцца. Можна паглядзець на раскол у грамадзтве і з той пэрспэктывы, што за апошнія дзесяцігодзьдзі фэмінісцкія арганізацыі павялічылі сваю бачнасьць (ня ведаю наколькі пазыцыі, але бачнасьць павялічылі). І на гэта мы бачым кансэрватыўны адказ з боку рэлігійных актывістаў. Прыкладам зьяўляецца закрыцьцё прасторы «Сталоўка» пасьля таго, як праваслаўныя актывісты зьбіралі подпісы супраць мерапрыемстваў, якія там праходзілі і былі зьвязаныя з квір-тэматыкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец супраць Андрэя Хадановіча: літаратура, правы ЛГБТ і хрысьціянскія каштоўнасьціНаколькі гэты раскол тычыцца іншых сацыяльных групаў? Дасьледаваньне пра каштоўнасьці, якое ў 2019 годзе ІПМ праводзіў сьведчыць пра тое, што розныя погляды на сямʼю, самыя розныя каштоўнасьці маюць прадстаўнікі розных пакаленьняў. Ёсьць адрозьненьні паміж людзьмі, якія жывуць у гарадах і сельскай мясцовасьці.
У прынцыпе ўсе гэтыя расколы ўнівэрсальныя. Мы бачым гэта па ўсяму зямному шару. У дэмакратычных краінах гэта ўскладнена і тым, што сучаснае грамадзтва — гэта грамадзтва разнастайнасьці, у якім людзі жывуць у адпаведнасьці з рознымі каштоўнасьцямі. І іх розны дабрабыт, у пэўных групаў не абавязкова ёсьць прадстаўніцтва праз НДА, СМІ, палітычныя партыі, і гэта таксама абцяжарвае гэтыя канфлікты. Групы, якія аказваюцца «за бортам», у якіх няма прадстаўніцтва і менш рэсурсаў, адпаведна менш адукацыі, лёгка вядуцца на правую, кансэрватыўную рыторыку.
«Вялікая група людзей ня вызначыліся, яны да розных полюсаў у розных сытуацыях схіляюцца»
— Я б хацела працытаваць эмацыйную рэакцыю пісьменьніцы і журналісткі Сьвятланы Курс на выбарчую перамогу партыі ПіС у Польшчы: «Гэта маладыя жанчыны і мужчыны, мацяркі і бацькі, звычайныя людзі, соль зямлі, іх 80% было, ёсьць і будзе — і яны будуць заўжды абіраць тое, што абіраюць, у любой краіне, пры любой уладзе. І тым 10-20% «іншых» трэба гэта разумець. Куды б я ні пераяжджала — Беларусь, Чэхія, Польшча, Амэрыка — я заўжды апыналася сярод «іншых». Мы прайгрАем і будзем іх закладнікамі, такая норма. Яны — бальшыня — не даюць чалавецтву ўзьляцець, але не даюць і патануць. Ці вы згодныя з прапорцыяй, якую вызначае Сьвета Курс?
— Гэтыя працэнты розьняцца ў розных краінах. Чэхія і Польшча розныя па ўзроўню рэлігійнасьці, напрыклад. У мяне ёсьць адчуваньне, што ў Беларусі многія людзі зьяўляюцца разгубленымі і ня вызначыліся. Мой доўгатэрміновы досьвед працы ў сфэры адукацыі паказвае, што ў моладзі шмат занепакоенасьці, частка моладзі адкрытая да таго, каб атрымліваць новыя веды, каб мяняцца. У гэтым сэнсе я б не рызыкнула гаварыць, што адносіны 20 да 80. Зразумела што ёсьць актыўныя прыхільнікі пэўных каштоўнасьцяў, і іх прапорцыя, можа, 10 на 10.
Ёсьць вялікая група людзей, якія не вызначыліся і якія схіляюцца да розных полюсаў у розных сытуацыях, у розных пытаньнях. І яшчэ нельга сказаць, што выключна па ўсіх пытаньнях людзі кансалідуюцца, дасьледаваньні гэта паказваюць. У нейкіх пытаньнях людзі становяцца вельмі кансэрватыўнымі, а ў нейкіх за больш эмансіпацыйную павестку выступаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гей-лобі і марксісты»: Павал Севярынец абвінаваціў ПЭН-цэнтар у «ганеньні на хрысьціян». Што там адказалі— Як бы вы ў гэтым кантэксьце пракамэнтавалі канфлікт Паўла Севярынца з ПЭН-цэнтрам?
— Для мяне ён у нечым паказальны. Ян-Вернер Мюлер, амэрыканскі дасьледчык, у сваёй кнізе пра папулізм, якую шмат цытуюць па ўсім сьвеце сёньня, вызначае папулізм праз «маралізатарскую форму антыплюралізму». Севярынец ня плаціць сяброўскія складкі і публічна падзяляе супольнасьць ПЭНу на сваіх ворагаў і прыхільнікаў. І менавіта гэты падзел разглядае як адказны за ягонае выключэньне і — прыпісвае адказнасьць за яго ПЭНу. Але ПЭН не выключае людзей за іхнюю разнастайнасьць, наадварот, ён аб’ядноўвае пісьменьнікаў, ня гледзячы на іх прыхільнасьць розным ідэалягічным плыням. Севярынец гэта разумее і таму выдае свае выступы не за барацьбу з плюралізмам, а за адзіную маральную, правільную пазыцыю, не падзяляць якую могуць толькі амаральныя людзі.
Левы ці правы Лукашэнка?
— Вельмі часта ў такіх сьветапоглядных дыскусіях выкарыстоўваюцца тэрміны «левы» і «правы». Гучаць тэрміны лібэральны сацыялізм, культурны марксізм. Якое сучаснае значэньне гэтых тэрмінаў, і ці не ўкладаюць большасьць у гэтыя тэрміны значэньне, данесенае ім яшчэ ў савецкіх школах?
— Гэты падзел — левы-правы ўсё яшчэ магчыма разглядаць як падзел камуністы-фашысты. Гэтыя полюсы мы бачым у дыскусіях. Калі гэта тычыцца крайняй левай ідэалёгіі, то размова ідзе пра поўную роўнасьць, калі тычыцца крайне правых, то размова ідзе пра апраўданьне дамінаваньня і сацыяльных герархій, права адных груп ці інстытутаў дамінаваць над іншымі, адным вырашаць за іншых людзей. Самае цікавае разгортваецца паміж гэтымі полюсамі. Мне падаецца, што паміж імі ідзе спрэчка пра тое, як павінны спалучацца свабода, права на своеасаблівасьць, і роўнасьць усіх людзей як носьбітаў чалавечай годнасьці і правоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доўгі шлях да талерантнасьці: гамафобія ў беларускім грамадзтвеУ Беларусі нават у рыторыцы дзяржавы магчыма пачуць, што своеасаблівасьць павінна паважацца. Іншае пытаньне, як у Беларусі гэта забясьпечваецца. Левыя мяркуюць, што спалучэньне свабоды і роўнасьці магчыма толькі праз скасаваньне герархій, праз салідарныя дзеяньні, актыўнасьць грамадзянаў і стварэньне эфэктыўнай сацыяльнай дзяржавы. Тыя, хто ў правы бок рушацца, робяць стаўку на недатыкальнасьць чалавечай свабоды, на рынак і традыцыйныя інстытуты — найперш сямʼю і царкву. Цяпер ключавыя размовы адбываюцца вакол усіх гэтых паняткаў, у тым ліку таму, што яны згубілі свае зразумелыя сэнсы за апошнія 20-30 год.
— А Лукашэнка які? Правы ці левы?
— Лукашэнка ў нас папуліст, у яго ўсяго пакрыху. Ён жа і пра народ клапоціцца, павінна быць роўнасьць, але мы пры гэтым разумеем, што пра роўнасьць не ідзе гаворкі ў беларускім грамадзтве — ёсьць пэўныя групы, у якіх значна больш самых розных правоў — міліцыянты альбо тыя, хто абслугоўвае непасрэдна інтарэсы ўлады. Ёсьць значны разрыў паміж узроўнем жыцьця ў Менску і іншых гарадах, і гэтак далей. Гаворыцца пра моцную сацыяльную дзяржаву, але дасьледаваньні ІПМ паказваюць, што з году ў год адбываецца эрозія сацыяльнай дзяржавы, дзяржава ўсё больш перакладае адказнасьць на плечы грамадзянаў.
Лукашэнка хоча выглядаць сучасным лева-лібэралам, але насамрэч ён аўтарытарны палітык, які перш за ўсё хоча застацца ва ўладзе. Ён падтрымлівае атамізацыю беларускага грамадзтва, ягоная ўлада, як я ўжо казала, уся пабудаваная на герархіях і апраўданьні гвалту. Гэта вядзе нас у правы лягер. Гэта тыповая сучасная правая папулісцкая палітыка.
«Большасьць папулістаў называюць правымі»
— Тады папулістаў ня варта называць правымі ці левымі. А як бы вы ў гэтым сэнсе прэзыдэнта ЗША ахарактарызавалі?
— Большасьць папулістаў называюць правымі. Трамп выступае за тое, што рынак павінен усё вырашаць, што сацыяльная дзяржава павінна і далей скарачацца. У ЗША значная праблемы з публічнымі школамі і ўнівэрсытэтамі. Людзі, якія выступаюць за тое, каб зрабіць Амэрыку ці Польшчу вялікімі зноў, будуць канцэнтравацца на нацыянальных інтарэсах насуперак міжнароднай супрацы. Гэта правая павестка, хаця пры гэтым кажуць, што ўсё робяць для людзей. Пры гэтым значныя часткі грамадзтва застаюцца выключанымі альбо маргіналізаванымі, і ва ўсім вінаватыя ворагі, але «усё робіцца для людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Верыць у сяброўства і салідарнасьць». 5 цытат з прэзэнтацыі новай кнігі Вольгі Шпарагі
«Мне сумна, што ў Беларусі ідзе падтрымка з боку розных рэлігійных інстытутаў гэтых формаў гвалту»
— Якой вы бачыце ролю рэлігіі і герархаў у гэтым сьветапоглядным падзеле? Канцэпцыя закону аб папярэджаньні хатняга гвалту была згорнутая ў тым ліку і пасьля шматлікіх зваротаў актыўных вернікаў. Цяпер каталікі актыўна зьбіраюць подпісы супраць зьмены полу, прапаганды ЛГБТ. Ці такое ўмяшаньне адштурхне ці наадварот прыцягне людзей да хрысьціянства?
— Мне сумна, што ў Беларусі ідзе такая падтрымка з боку розных рэлігійных інстытутаў гэтых формаў гвалту, якімі пранізанае беларускае грамадзтва. Год таму прадстаўнікі царквы выказваліся пра закон аб папярэджаньні хатняга гвалту, нехта зь іх выказаўся ў тым духу, што і дзяцей можна біць, што пакараньні апраўданыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталіцкі касьцёл выказаўся пра закон «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту»Як гэта ўспрымае грамадзтва? Некага гэта адштурхоўвае, але некага і прыцягвае. Дасьледаваньне пра каштоўнасьці, на якое я спасылаюся вышэй, сьведчыць пра тое, што 91.3% беларусаў асуджаюць гвалт у сямʼі, а значыць разумеюць, што праблема ёсьць, што патрэбны нейкі адказ і трэба нешта мяняць. Царква кажа, што мы ведаем, што мяняць — трэба вярнуцца да традыцыйнай сямʼі, тады будзе больш парадку і ня будзе гвалту. І людзі ў сілу неадукаванасьці і таго, што гэтыя галасы чуваць, і дзяржава таксама выказваецца ў тым духу, могуць палічыць, што гэта можа супрацьдзейнічаць гвалту ў сямʼі. Што яшчэ больш герархій, кантролю і падпарадкаваньня будзе спрыяць ўзаемапавазе і дыялёгу ў сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносінНа жаль, праз неадукаванасьць людзі могуць падтрымліваць і такую пазыцыю, праз неразуменьне, коштам чаго гвалт падтрымліваецца, як можна і трэба мяняць сямʼю, ролю царквы і адукацыі ў грамадзтве. У сілу аўтарытарызму ў Беларусі, адсутнасьці публічных дыскусій і ўзьнікаюць прыхільнікі тых, хто крытыкуючы гвалт, як гэта царква таксама часам робіць, сам яго падтрымлівае парадаксальным чынам. Справіцца ж з гвалтам можна тады, калі мы прызнаем адзін аднаго як роўных і адказных, калі мы паважаем і чуем праблемы адзін аднаго.
«Кожная трэцяя жанчына ў сямʼі спазнае гвалт. Ні пра якую дэмакратыю ня можа ісьці размова»
— Мы пачалі гаварыць пра праблему дамаганьняў. Усе гэтыя гучныя справы, якія былі і працягваюцца на Захадзе, як вы мяркуеце, гэта справы дзеля мінулага (каб пакараць людзей кшталту Вайнштэйна), ці дзеля будучыні (каб яны проста не маглі зьявіцца)?
— Гэта важна для цяперашняга і для будучага, для трансфармацыі нашага грамадзтва і для дэмакратыі. Дэмакратыя прадугледжвае актыўных грамадзянаў. Калі ў грамадзтве існуюць герархіі, тады значная частка людзей сыстэматычна трапляе ў пазыцыю падпарадкаваньня і спазнае гвалт. Паводле дасьледчыкаў, кожная трэцяя беларуская жанчына ў сямʼі спазнае гвалт. Ні пра якую дэмакратыю ня можа ісьці размова. Чаму пра гэта загаварылі ў сьвеце? Таму што пазыцыя жанчын узмацніліся, матэрыяльны стан жанчын палепшыўся ў дэмакратычных краінах, шмат ідзе ў грамадзтве размоваў пра тое, каб жанчыны больш маглі ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў, у тым ліку палітычных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гвалт ці паклёп: Калі мінулае зьмяняе будучынюГэта ўзмацніла галасы жанчын, дазволіла ім паверыць, што яны раўнапраўныя грамадзяне, што яны не павінны пагаджацца з гвалтам, што адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі павінны быць узаемапаважлівыя, што павінны прызнавацца правы жанчын і мужчын. У Беларусі гэта складаны працэс, таму што ў нас у цэлым аўтарытарнае грамадзтва, у якім людзей увесь час ставяць на месца, пачынаючы зь дзіцячага садку. У гэтай сыстэме складана прызнаць, агучыць праблему, што я спазнаю гвалт.
Гэта — сыстэмная праблема. І харасмэнт — адзін з элемэнтаў гэтай сыстэмы. Як, напрыклад, і навязаная норма пра псыхічнае здароўе. Грэту Тунбэрг таксама абвінавачваюць у тым, што яна ня мае права голасу, таму што ў яе ня ўсё ў парадку з псыхічным здароўем. Гэта такі спосаб прыніжэньня людзей праз мэнтальнае здароўе.
«Частка беларускага грамадзтва адкрытая да пераменаў»
— Як часта вы мянялі свае погляды на пэўныя рэчы і пад уплывам чаго? Ці гатовыя беларусы мяняць, карэктаваць сьветапогляд, калі ў цэлым вельмі мала адкрытых, шырокіх пляцовак для дыскусій?
— У мяне адбылася важная зьмена, калі я паехала вучыцца на год у ў Нямеччыну ў 19 гадоў. Памятаю гэтае паважлівае стаўленьне прафэсараў, як са мной віталіся, гаварылі... Цэлы год у мяне адбывалася ломка. Я вярнулася ў Менск з узьнятай галавой і вырашыла, што буду адстойваць роўнасьць у акадэмічнай і іншых сфэрах. Што тычыцца іншых зьменаў, то я — дасьледчыца, чым больш чытаю, тым больш разумею, як пабудаванае нашае грамадзтва. Але ж грамадзтва мяняецца, трэба яшчэ і гэта ўлічваць. Гэта ўплывае на мяне, на тое, чым я займаюся. Раней я была больш лібэральных поглядаў, а стала больш лева-лібэральных поглядаў, таму што разумею, што дэкляраваньня правоў недастаткова, розным людзям неабходны розныя дадатковыя сродкі, каб гэтыя правы рэалізаваць, і тут адзінай свабодай альбо рынкавай сыстэмай не абысьціся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дацэнт ЭГУ Вольга Шпарага: «Мы дамагаемся сапраўднага самакіраваньня»У сучасным сьвеце мы можам і павінны гаварыць пра новыя тыпы эканомікі, ня толькі капіталістычнай. Гэта зьвязана і з праблемамі сацыяльнай няроўнасьцю, і з кліматычнымі зьменамі. Грамадзтва спажываньня, якое нам навязвае капіталістычная эканоміка, вядзе ў тупік. Сёньня нам патрэбная шэрынг-эканоміка, розныя формы каапэрацыі, міжнароднае супрацоўніцтва.
Гэта сурʼёзная дасьледчая тэма, як мы мяняемся. Скажу пра тую аўдыторыю, зь якой я шмат гадоў працавала спачатку ў ЭГУ, цяпер у Эўрапейскім каледжы Liberal Arts у Беларусі. Гэта моладзевая аўдыторыя. Ёсьць моладзь, прычым ня толькі ў Менску, якая адкрытая, якая ня згодная, не прымае тое, што адбываецца ў беларускім грамадзтве. Мне падаецца, што адукацыя адыгрывае важную ролю, а таксама культурныя ініцыятывы і тое, што адбываецца ў грамадзянскай супольнасьці. Частка беларускага грамадзтва адкрытая да пераменаў.