У беларускім войску сур'ёзныя праблемы зь нестатутнымі дачыненьнямі.
Да такой высновы прыйшло аб'яднаньне «Прававая ініцыятыва», якое апублікавала вынікі маніторынгу парушэньняў правоў чалавека ў войску.
Больш за палову апытаных зазналі ў войску фізычны гвалт, псыхалягічны ціск, у многіх камандзіры вымагалі грошы і рэчы.
Пасьля таго, як у Печах было знойдзена цела шарагоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча і гэты выпадак выклікаў вялікі рэзананс у грамадзтве, у вайсковых частках прайшлі дэталёвыя праверкі, адбыліся істотныя кадравыя зьмены. «Прававая ініцыятыва» правяла свой маніторынг пры дапамозе разьмяшчэньня ў сацыяльных сетках і на іншых тэматычных інтэрнэт-рэсурсах электроннай анкеты.
Цягам трох месяцаў было атрымана 178 запоўненых анкет (7 – з Расейскай Фэдэрацыі, якія ня ўлічваліся).
На пытаньне, ці ўжываўся псыхалягічны гвалт, зьнявага гонару і годнасьці, 56,1% рэспандэнтаў адказалі станоўча (96 чалавек са 171).
На пытаньне, ці мелі месца выпадкі фізычнага гвалту, катаваньняў, зьбіваньня, станоўча адказалі 45% апытаных (77 чалавек са 171).
На пытаньне «Ці праводзіліся ў вашай частцы рытуалы пасьвячэньня ў рангі нефармальнай салдацкай герархіі (кшталту “дух”, “чарпак”, “дзед”, “дэмбель”)», станоўча адказалі 72,5% рэспандэнтаў (124 чалавекі з 171).
Былі і шматлікія выпадкі вымаганьня грошай – амаль палова апытаных адзначылі, што вымушаныя былі плаціць грошы за магчымасьць задавальненьня базавых патрэб — спаць пасьля адбою, збалянсавана харчавацца, мець асабістыя рэчы.
Амаль траціна апытаных адзначыла, што афіцэры рабілі выгляд, што не заўважаюць пазастатутныя адносіны.
Старшыня РГА «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава адзначыла, што кантрактнікі значна радзей выкарыстоўваюць пазастатутныя дачыненьні і вымаганьне, чым салдаты і сяржанты тэрміновай службы. Да прыкладу, вымаганьне грошай з боку сяржантаў тэрміновай службы прымяняліся амаль у 70% выпадкаў, з боку службоўцаў па кантракце – толькі ў 8% выпадкаў.