Ці сапраўды чырвонае мяса шкоднае

Паводле апошніх дасьледаваньняў, пра якія піша газэта The New York Times, няма дастаткова доказаў, што чалавеку трэба есьці менш чырвонага мяса.

Сусьветная арганізацыя здароўя на працягу шмат гадоў раіла абмяжоўваць ужываньне чырвонага мяса і апрацаванага мяса з прычыны магчымай сувязі паміж яго спажываньнем і сардэчнымі захворваньнямі, ракам і іншымі сур’ёзнымі хваробамі.

Новае дасьледаваньне

Нядаўняе дасьледаваньне паказвае, што калі і ёсьць нейкія выгады для здароўя ў адмове ад чырвонага мяса, то яны вельмі малыя. Настолькі малыя, што станоўчы эфэкт бачны толькі на шырокай выбарцы і, паводле аўтараў, гэтага недастаткова, каб раіць людзям мяняць дыету.

«Дакладнасьць доказаў, што гэта зьніжае рызыку, нізкая або вельмі нізкая», — кажа Брэдлі Джонстан, кіраўнік групы навукоўцаў, якія апублікавалі дасьледаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мясаедаў інфаркты, у вэгетарыянцаў — інсульты

Крытыка і пытаньне этычнасьці

Вынікі дасьледаваньня гэтай групы ўжо сустрэлі рэзкую крытыку ад іншых дасьледчыкаў у галіне аховы здароўя. Шэраг уплывовых амэрыканскіх груп ужо выказалі сваю нязгоду з высновамі гэтага дасьледаваньня.

Некаторыя крытыкі сказалі, што новыя вынікі «наносяць шкоду грамадзкаму даверу да навукі» і што «яны памылковыя».
Самі высновы дасьледаваньня супярэчаць трэндам сучаснасьці — клопату аб экалёгіі, якой наносіць шкоду вырошчваньне скаціны, і неэтычнасьцю самога працэсу, які прыносіць пакуты жывёлам.

Вытворчасьць ялавічыны і малочных прадуктаў мае ўплыў на зьмену клімату. На іх вытворчасьць прыпадае 14.5 адсоткаў усіх парніковых газаў, што вырабляюць людзі.

Пры гэтым вытворчасьць ялавічыны ўплывае на зьмену клімату ў 5 разоў больш за вытворчасьць сьвініны або кураціны праз большы выкід мэтану.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The New York Times: ці сапраўды спажываньне мяса павялічвае рызыку захварэць на рак

Ход і вынікі новага дасьледаваньня

Група вывучыла 61 навуковы артыкул, у якіх разглядаюцца 55 розных выбарак з удзелам больш 4 мільёнаў чалавек. Дасьледчыкі таксама разглядалі рэндамізаваныя (заснаваныя на адвольнай выбарцы) экспэрымэнты, якія зьвязваюць чырвонае мяса з ракам і хваробамі сэрца. Былі таксама разгледжаныя 73 навуковых артыкулы, што вывучалі сувязь паміж чырвоным мясам, захворваньнем на рак і агульнай сьмяротнасьцю.

У кожным дасьледаваньні навукоўцы прыйшлі да высновы, што сувязь паміж ужываньнем чырвонага мяса і хваробамі ды сьмяротнасьцю была невялікай, а якасьць паказаньняў была досыць нізкай.

Гэта не азначае, што сувязь наогул не існуе. Але яна назіраецца ў дасьледаваньнях, якія праводзіліся на групах людзей — гэта лічыцца слабай формай доказаў. Нават у гэтых дасьледаваньнях наступствы спажываньня чырвонага мяса на здароўе выяўляюцца толькі ў самых вялікіх групах, з чаго робіцца выснова, што на індывідуальным узроўні такіх парадаў даваць ня варта.

Ці магчымая тут дакладнасьць

У цэнтры дэбатаў — спрэчка аб тым, ці магчыма даведацца, як уплывае на вынік дасьледаваньня толькі адзін кампанэнт усёй дыеты.

Залаты стандарт у мэдычных дасьледаваньнях — гэта рэндамізаваны клінічны тэст, у якім група ўдзельнікаў атрымлівае адны лекі ці прытрымліваецца адной дыеты, а другая ўжывае іншыя лекі ці інакш харчуецца (або наогул атрымлівае плацэба).

Прасіць людзей прытрымлівацца дыеты на працягу доўгага часу, каб даведацца ці павышае яна рызыку разьвіцьця раку або хваробаў сэрца, амаль немагчыма. Альтэрнатывай робяцца «назіральныя» дасьледаваньні — навукоўцы пытаюць людзей, што яны ядуць, а потым параўноўваюць гэта са станам іх здароўя. Але і тут вялікі працэнт памылковасьці.

Новае дасьледаваньне, такім чынам, сьцьвярджае, што рызыкі ад чырвонага мяса невялікія, але, адначасова, і не даказвае, што іх няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя рэкамэндацыі для прафіляктыкі раку

Колькі чырвонага мяса спажываюць беларусы

  • Паводле ацэнак экспэртаў за 2015 год, беларусы у сярэднім зьядаюць 91 кіляграм мяса у год, што ў два разы больш за сярэдні паказчык у сьвеце.
  • Галоўным чынам беларусы спажываюць сьвініну (90% ад усяго мяса).
  • Пры гэтым ялавічына складае толькі 8 адсоткаў ад усяго спажытага мяса, а сярод птушынага мяса самым папулярным застаецца курыца.