Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамагаюць халодныя ванны нарошчваць цягліцы


Сярод атлетаў распаўсюджана практыка апусканьняў халодную ваду. Гэтым займаюцца і прафэсійныя атлеты, і атлеты-аматары. Пра новыя дасьледаваньні ў гэтай сфэры піша газэта The New York Times.

Лічыцца, што так можна зьнізіць запаленьне, якое ўзьнікае ў цягліцах у выніку доўгай трэніроўкі, а таксама зьмяншае пашкоджаньне саміх цягліц. Гэта дазваляе людзям хутчэй вярнуцца да трэніроўкі і стымулюе рост цягліц.

Ранейшыя дасьледаваньні

Але апошнія дадзеныя навукі паказваюць, што, магчыма, халодныя ванны не асабліва і дапамагаюць.

Некаторыя з дасьледаваньняў паказваюць, што паміж атлетамі, якія прымаюць халодныя ванны, і атлетамі, якія гэтага ня робяць, няма розьніцы ў павялічэньні аб’ёму цягліц.

Адзін з экспэрымэнтаў паказвае, што, хутчэй за ўсё, станоўчыя эфэкты ад прыняцьця ванны — гэта вынік эфэкту плацэба.

Вынікі новага дасьледаваньня былі апублікаваныя ў Journal of Applied Physiology. Навукоўцы з унівэрсытэтаў Аўстраліі вывучылі групу добраахвотнікаў, якія згадзіліся легчы ў ледзяную ванну, пакуль дасьледчыкі сочаць за зьменамі ў іхных цягліцах.

Ход экспэрымэнту

Дасьледчыкі агледзелі 16 здаровых маладых хлопцаў, якія на той момант не займаліся сілавымі практыкаваньнямі. У іх пракантралявалі ўзровень сілы цягліц і вызначалі тып целаў, пасьля чаго падзялілі хлопцаў на дзьве групы.

Абедзьве групы пачалі «прагрэсіўную» трэніроўку, якая задзейнічала ўсё цела. Паступова павялічвалася вага, зь якой працавалі ўдзельнікі.

Пасьля першай сэсіі ў трэнажорнай залі навукоўцы правялі біяпсію цягліц у нагах. Потым добраахвотнікі займаліся сілавымі практыкаваньнямі ў спартовай залі тры разы на тыдзень. Сам экспэрымэнт цягнуўся сем тыдняў.

У канцы кожнай сэсіі палова мужчын адпачывалі, спакойна седзячы ў трэнажорнай залі на працягу 15 хвілін. Астатнія на працягу 15 хвілін ляжалі ў халодных ваннах пасьля кожнай трэніроўкі — тэмпэратура вады складала 10 градусаў Цэльсія.

Вынікі

Высьветлілася, што тканкі ўдзельнікаў абедзьвюх групаў адрозьніваюцца.

Павелічэньне аб’ёму цягліц было значна большае сярод тых, хто проста сядзеў пасьля кожнай трэніроўкі, чым сярод тых, хто ляжаў у ванне пасьля практыкаваньняў.

У аматараў халодных ваннаў выявілі іншы балянс пэўных біяхімічных рэчываў у цягліцах. Там меўся больш нізкі ўзровень бялку, які выклікае рост тканак. Дасьледчыкі таксама знайшлі большую колькасьць іншага бялку, што ўдзельнічае ў расшчапленьні тканак.

«Па сутнасьці, цягліцы тых, хто прымаў ванны, сталі на біяхімічным узроўні „запраграмаваныя“ для павольнага выздараўленьня і меншага росту, чым тканкі іншых мужчын», — кажа Аарон Пэтэрсан, старшы выкладчык катэдры фізіялёгіі ва ўнівэрсытэце Вікторыі (Аўстралія), што кіраваў новым дасьледаваньнем.

Доктар Пэтэрсан і яго калегі падазраюць, што паўторнае апусканьне ў халодную ваду можа выклікаць складаныя мэтабалічныя рэакцыі ўнутры цела, якія даюць перавагу захаваньню тканак у цяпле, каб гэта дапамагала ім расьці. Але гэтую тэорыю яшчэ трэба вывучыць і пацьвердзіць.

Падсумаваньне

У дасьледаваньні ўдзельнічалі толькі маладыя мужчыны, а практыкаваньні былі выключна сілавымі з выкарыстаньнем дадатковай вагі. Таму высновы экспэрымэнту ня могуць распаўсюджвацца на жанчын, пажылых людзей або спартоўцаў у іншых відах спорту.

«Калі чалавек ня хоча нарошчваць цягліцы, то ледзяныя ванны пасьля практыкаваньняў могуць быць карыснымі», — кажа доктар Пэтэрсан.

Але тым, хто спадзяецца стаць мацнейшымі і зрабіць цела больш мускулістым, навуковец кажа:

«Паводле нашага дасьледаваньня і папярэдніх на гэтую тэму, мы ня раім пасьля трэніровак апускацца ў халодную ваду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG