Год таму пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.
У верасьні 2018 году Свабода наведала прытулак «Радзіслава» для жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту. Шэсьць жанчын на ўмовах ананімнасьці пагадзіліся распавесьці свае гісторыі на відэакамэру пры пагашаным сьвятле. Мы вырашылі даведацца, як зьмянілася іх жыцьцё за гэты год.
Гісторыя першая. Аптымістычныя
44-гадовая Ала больш не хавае твар і можа з усьмешкай распавесьці пра зьмены, надзеі, посьпехі і праблемы. Ала запрасіла да сябе ў менскую кватэру. У інтэрвію актыўна ўдзельнічае 4-гадовы Стэфан. Жанчына пераехала ў «Радзіславу» больш за год таму пасьля таго, як муж (цяпер ужо былы) ударыў 3-гадовага і 6-гадовага сыноў. Цяпер Ала ў разводзе, працуе, жыве з двума дзецьмі ва ўласнай кватэры. Вялікую частку яе жыцьця займае тэатар ценяў. Год таму пры запісе яе голас дрыжаў і на вачах зьяўляліся сьлёзы. Цяпер зь яе твару ня сыходзіць усьмешка.
Сьцісла
- Я была замужам за вельмі багатым чалавекам. Цяпер мае матэрыяльныя магчымасьці ўпалі проста ў прорву, але я адчуваю сябе жывой.
- Я дагэтуль удзячная прасторы, сусьвету, Богу, што трапіла ў «Радзіславу».
- Я закаханая. Цэлы год мне нічога не было патрэбна. А цяпер я ведаю, што я шмат магу даць. І мне гэта трэба. Я на крылах цяпер.
- Начальніца аддзелу аховы дзяцінства выканкаму сказала: Падумаеш, тата ўдарыў дзяцей, нас усіх білі, і мы цудоўнымі людзьмі вырасьлі. Ня думаю, што яна б так сказала, каб быў закон пра хатні гвалт.
«Дык я ж мужчына»
— Я вельмі рада, што змагла сысьці. Вельмі сабой ганаруся. Я не сутыкалася з фізычным гвалтам у гэтым шлюбе. Але псыхалягічны гвалт... Не магу сказаць, што ён больш страшны, але проста даказаць, расказаць камусьці ці патлумачыць нашмат цяжэй. Мяне не разумелі нават сваякі. Стрыечны брат, цудоўны чалавек, амаль аднагодка, які нядаўна разьвёўся з жонкай, мяне запытваецца:
— Муж піў?
— Не.
— Біў?
— Не.
— Здраджваў табе?
— Не.
— Ала, я не разумею.
Я пытаюся:
— Жонка здраджвала?
— Не.
— Піла?
— Не.
— Біла цябе?
— Не.
— Дзе розьніца?
— Дык я ж мужчына.
Я думаю, што ён адлюстраваў пункт гледжаньня вялікай часткі нашага грамадзтва. Патлумачыць псыхалягічны і эканамічны гвалт нашмат больш складана, чым фізычны. Я была замужам за вельмі багатым чалавекам. У мяне была і пакаёўка. Мае матэрыяльныя магчымасьці ўпалі проста ў прорву ў параўнаньні з тым, што ў мяне было, але мяне гэта зусім не расстройвае, я адчуваю сябе жывой. Я зноў магу нешта хацець, ісьці насустрач сваім жаданьням.
«Я вельмі хачу, каб былы муж мяне адпусьціў»
— Я пайшла зь лета працаваць па сваёй спэцыяльнасьці (я матэматык, праграмістка). Працую па дастаткова жорсткаму графіку з 8 30 да 17 00. Адно дзіця — у школу, другое — у садок. Гэта вельмі складана фізычна.
Нас разьвялі ўзімку, але так атрымалася, што потым ізноў прыйшлося зарэгістраваць шлюб, каб аформіць дамовы наконт дзяцей. Я аддала мужу ўсю нерухомасьць, наўзамен дзеці будуць пражываць з маці, прынамсі ён ня мае права падаваць пазоў на тое, каб іх забраць. Наколькі ён мяне падтрымлівае? Усё наадварот. Кожны вечар я чытаю праклёны на свой адрас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыпяклі лытку прасам, ударыў сына па галаве, мог біць і цьвярозы». Тры споведзі пра хатні гвалтЁн мяне не адпусьціў. Маральна цісьне. Дагэтуль вельмі пакрыўджаны, злы на мяне. Нейкія грошы плаціць толькі таму, што заключанае пагадненьне наконт дзяцей, кшталту шлюбнай дамовы, але ўсё несвоечасова, і гэта невялікія грошы.
Я пражыла ў «Радзіславе» амаль 2 месяцы. Мая кватэра здавалася, трэба было, каб жыхары знайшлі новае жытло. Але я жыла ў «Радзіславе» ня толькі таму, што яны шукалі жытло, а таму што я ведала, што калі я сыду ў кватэру, мне будзе вельмі цяжка. Муж мяне перасьледаваў. І ў «Радзіславе» спрабаваў мяне перасьледаваць, але там у яго было мала шанцаў. Муж прыяжджаў у прытулак нібыта зь міліцыяй. Мы дагэтуль ня ведаем, ці гэта была міліцыя, бо не падобна было на міліцыю...
— Як вы думаеце, калі ваш былы муж будзе мець новыя адносіны, магчыма шлюб, ці ўсё паўторыцца? Ці гэта быў для яго ўрок?
— Гэта не было для яго ўрокам. У яго нейкі іншы ўрок у гэтым жыцьці. У яго першы шлюб распаўся, і таксама вельмі складаныя адносіны з дачкой і першай жонкай. Я жадаю, каб у яго ўсё склалася добра. Я вельмі хачу, каб ён супакоіўся, каб ён расслабіўся, каб ён мяне адпусьціў. Праўда. Я жадаю яму шчасьця.
Ценявы тэатар як захапленьне і дабрачыннасьць
— Ценявы тэатар — захапленьне яшчэ зь дзяцінства. Успаміны пра ценявыя гульні рукамі, пра дыяфільмы, пра гэтую цемру і незвычайную атмасфэру. Далей я пачала паказваць гэта сваім дзецям. Зрабіла свой невялічкі тэатар зь нейкай каробкі і пабачыла, што дзетак гэта захапляе. Ім нашмат прасьцей нешта патлумачыць у тэатры, чым словамі. Навошта чытаць нейкую мараль? Прасьцей любую праблему адыграць у гэтым. Дзяцей захапляе інтымная атмасфэры ў цемры. Потым я стала паказваць спэктаклі сябрам, дзецям сяброў у «мамскіх» тусоўках.
Прайшла анлайн-курс расейскага мастака Аляксандра Токарава, які гэтым займаецца. Ён мне шмат даў у пляне тэхнікі. Так адбылося, што сярод знаёмых былога мужа аказаўся майстра Тэатру юнага гледача, які змог зрабіць на нашу замову цудоўны тэатар ценяў. Муж настойваў, што ён будзе прадусарам, а я буду паказваць. Ён хацеў зьбіраць грошы з гэтага. Гэта было складана. Потым я зьехала і змагла нешта рабіць сама. Гэта мяне супакойвае і падтрымлівае.
Я ўжо паўгоду займаюся спэктаклямі. У мяне было спэктаклі ў прыватных дзіцячых садках, у дзіцячых цэнтрах, у прыватных школах, на нейкіх сьвятах, пры манастыры ў школе, са складанымі дзеткамі, шмат дабрачынных было спэктакляў. Я спрабавала і зарабляць. Шчыра кажучы, з заробкам нічога ня выйшла, таму што як толькі я адчуваю, што нешта павінна, усе рассыпаецца. Цяпер у мяне няма неабходнасьці зарабляць на гэтым, і я вельмі хачу рабіць дабрачынныя спэктаклі для знаёмых і сяброў. Калі я змагу камусьці дапамагчы гэтым, гэта для мяне будзе велізарнай падтрымкай.
Як працуе жаночая група ўзаемадапамогі
— У «Радзіславе» на працягу 16 гадоў з жанчынамі працавала псыхоляг, дапамагала ім аднаўляцца, станавіцца на ногі. У выніку ўтварылася група жаночай дапамогі. Цяпер гэта ўжо група самадапамогі, бо псыхааналітыка ў ёй няма. Мы сустракаемся, можам падтрымаць адна адну ў складаныя моманты. Гэта клясна, таму што мы, як ніхто, разумеем адна адну. Некаму збоку цяжка патлумачыць... Для кагосьці гэта амаль не адзінае, што можа падтрымаць цяпер.
— Што вам далі гэтыя два месяцы ў Радзіславе?
— Вельмі шмат. Гэта і псыхалягічная, і юрыдычная дапамога, і проста маральная дапамога, дапамога тых, хто мог увайсьці ў маю сытуацыю, добра ведаў, як гэта бывае. Я дагэтуль удзячная прасторы, сусьвету, Богу, што склалася так, што я трапіла туды. Я вельмі ўдзячная ўсім дзяўчатам, якія ўдзельнічалі ў гэтым праекце, таму што я не змагла б сысьці. Я спрабавала. Мінулай вясной я спрабавала сысьці на кватэру. Праз тыдзень вярнулася назад, таму што мне не хапіла рэсурсаў.
— Ці вы думаеце пра новыя адносіны, магчымы шлюб? Ці ваш досьвед прадказвае, што лепей бяз гэтага?
— Я закаханая. Цэлы год мне нічога не было патрэбна. Мне трэба было выкарабкацца з гэтага, а потым я адчула, што я жывая, поўная сіл і энэргіі. Я ведаю, што шмат магу даць. І мне патрэбныя адносіны. І гэта цудоўна. Я згадваю свае 16-17 гадоў. Я на крылах цяпер.
«Калі б быў закон аб хатнім гвалце, было б прасьцей у сто разоў»
— Чаму не ва ўсіх атрымліваецца распачаць новае жыцьцё, як у вас? Наколькі тут важныя сваё жытло, свае грошы? Ці ня толькі?
— Я думаю, што гэта заўсёды не адзін фактар, заўсёды ёсьць зьбег абставінаў. Залежыць найперш ад таго, што ў жанчыны ў галаве. Калі ў яе ёсьць вера ў тое, што ўсё будзе добра, то ўсё будзе добра. У большасьці выпадкаў так бывае. Заўсёды бывае нейкі працэнт людзей, якія чамусьці не справіліся. Я не асуджаю. Я лічу, што ў любы момант чалавек робіць свой найлепшы выбар. Як бы нам не падавалася потым, што гэта было няслушна, значыць іншага выйсьця не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Б’е — значыць, сядзе» — погляд у 21 стагодзьдзі на хатні гвалт«Радзіслава» дала вельмі шмат, каб гэтыя сілы зьявіліся. Будучы сама ў такой сытуацыі, калі не атрымалася, я нікога не асуджаю. Гэта невыносна складана. Калі дзеці пачынаюць хварэць. і ты нічога ня можаш з гэтым зрабіць, а табе прапаноўваюць усё на талерачцы....
— Калі б быў закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, ці было б вам лягчэй?
— Гэта была б вялізарная дапамога. Калі б быў нейкі дакумэнт, закон аб хатнім гвалце, калі б гэта неяк рэглямэнтавалася, мне было б прасьцей у сто разоў.
Гэтае відэа было зьнятае ў верасьні 2018 году.
Нягледзячы на тое, што муж ударыў дзяцей вельмі моцна, я выклікала міліцыю, нас паставілі на СОП, мы былі ў сацыяльна небясьпечным стане, і ён прыкладаў усе намаганьні, каб мы там і заставаліся, ён ні ў чым ня быў вінаваты з пункту гледжаньня грамадзтва. Была вінаватая я.
Да мяне прайшла дадому начальніца аддзелу аховы дзяцінства аднаго з выканкамаў і абвінаваціла ў тым, што я вынесла сьмецьце з хаты. Паводле яе мне трэба было мужа проста вывалачы за валасы і «адмяцеліць» на вуліцы. Якое я мела права выклікаць міліцыю? Яна сказала, што ня верыць, што ў мяне быў гвалт.
Я адчувала сябе злачынцай у той момант. Самае непрыемнае было, што жанчына на такой пасадзе сказала, падумаеш, што тата ўдарыў дзяцей, нас усіх білі, што тут такога, мы цудоўнымі людзьмі вырасьлі. Для мяне гэта было жудасна. Я ня думаю, што яна б магла сказаць такое, каб быў заканадаўчы акт пра хатні гвалт.
У мяне трое дзяцей. Старэйшы сын, калі прыяжджае з Масквы, вельмі дапамагае, нават матэрыяльна. У мяне ёсьць мама, якая можа падмяніць, адпусьціць, падтрымаць. Я ведаю, што многія жанчыны ня маюць такой падтрымкі. Гэта значнай больш складаны выхад з крызісу.
Неўзабаве на сайце Свабоды чытайце гісторыю Натальлі, якую моцна зьбіваў муж, і якая змагла распачаць новае жыцьцё пасьля году пражываньня ў «Радзіславе».
***
Грамадзкае абʼяднаньне «Радзіслава» было створанае ў 2002 годзе ў горадзе ў Менску жанчынамі, якія пацярпелі ад гвалту, для аказаньня дапамогі іншым жанчынам, якія патрапілі ў такую ж сытуацыю. Цяпер у ім 30 спальных месцаў. Жанчыны могуць жыць у прытулку ад 1 дня да 1 году. Ім бясплатна прадастаўляецца дапамога псыхолягаў, сацыяльных работнікаў, юрыстаў.
Кругласутачны тэлефон экстрэннай дапамогі — 8029 610 83 55 email: kartanasiliya@gmail.coм
Як караюць за хатні гвалт у Беларусі?
У Беларусі няма мэханізму прадухіленьня хатняга гвалту, ёсьць толькі пакараньні за фактычна ўчынены гвалт. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасьць, абарону гонару і годнасьці.
Паводле МУС, у 2019 годзе ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек і 4,5 тысячы хатніх скандалістаў сёлета прымусова адселеныя ад сям’і.
Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў 2018 годзе, які расказаў, што сам біў свайго сына, Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту».
У канцэпцыі таго законапраекту:
- Даваліся азначэньні хатняга гвалту і крыўдзіцеля;
- Уводзілася працэдура ацэнкі рызыкі — вызначэньня верагоднасьці паўторнага нанясеньня шкоды жыцьцю ці здароўю пацярпелага;
- Прадугледжвалася ўжываньне так званага абарончага прадпісаньня, якое абмяжоўвае дзеяньні агрэсара на час ад 3 да 30 сутак.
Для ахвяраў хатняга гвалту дзейнічае «гарачая лінія» па нумары тэлефона 8 801 100-8-801.