МЗС Украіны анансаваў новы абмен вязьнямі з Расеяй на наступным тыдні

Ілюстрацыйнае фота. Вызваленыя ў рамках абмену вязьнямі з Расеяй украінцы і іх сваякі ў аэрапорце «Барыспаль». 7 верасьня 2019 году

Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што наступны абмен будзе большы за папярэдні, які адбыўся ў верасьні, калі ва Ўкраіну вярнуліся 35 украінцаў. Пра гэта ён сказаў у эфіры праграмы «Права на ўладу» на тэлеканале «1+1».

Вадзім Прыстайка


«Вы бачыце, што нам удалося абмяняць нашых людзей. У бліжэйшы час, я спадзяюся, і гэта літаральна на наступным тыдні, мы плянуем яшчэ больш маштабны абмен», — падкрэсьліў Прыстайка.

7 верасьня Ўкраіна і Расеі ў парадку ўзаемнасьці вызвалілі па 35 вязьняў у сваіх турмах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленых

У рамках абмену былі вызваленыя 24 украінскіх аракоў, затрыманыя Расеяй у Керчанскай пратоцы летась ў лістападзе, а таксама журналіст Раман Сушчанка (асуджаны за шпіянаж), рэжысэр Алег Сянцоў (асуджаны за тэрарызм), грамадзкі актывіст Аляксандар Кольчанка, актывіст УНА-УНСО Мікола Карплюк, Станіслаў Клых, крымскі прадпрымальнік Уладзімір Балух, выкрадзены ў Беларусі Паўло Грыб, асуджаны ў справе «крымскіх дывэрсантаў» Яўген Паноў, пэнсіянэр Аляксей Сызановіч, блогер Артур Паноў, крымскататарскі актывіст Эдэм Бэкіраў.

Ўкраіна таксама выдала Расеі 35 вязьняў, сярод якіх расейскі журналіст Кірыл Вышынскі, Уладзімір Цэмах — галоўны сьведка ў справе зьнішчэньня малаазійскага Boeing-777, Аляксандар Баранаў і Максім Адзінцоў, былыя ўкраінскія вайскоўцы асуджаныя за дэзэрцірства, расейскі жаўнер Віктар Агееў, падазраваны ў сэпаратызьме Яўген Мефедаў, затрыманы за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку ДНР Ігар Кімакоўскі ды іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкрадзены ў Беларусі ўкраінец распавёў падрабязнасьці абмену зьняволенымі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімір Цэмах, якога Ўкраіна перадала Расеі, стаў падазраваным у справе аб зьбіцьці самалёта MH17
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памочнік Зяленскага распавёў пра падрабязнасьці перамоваў аб абмене
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЭЗ і NATO віталі абмен зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй