Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім апублікавала адказ міністра эканомікі Беларусі Дзьмітрыя Крутога наконт праграмы інтэграцыі, узгодненай прэм’ерамі Расеі і Беларусі.
Алена Анісім пісала прэм’ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу, што да яе зьвяртаюцца грамадзяне, якіх хвалюе лёс Беларусі — іх непакоіць, што ўзгадненьне праграмаў адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Яна прасіла апублікаваць дакумэнты пра «саюзную дзяржаву», падпісаныя 6 верасьня.
Дакумэнты не апублікавалі, але на зварот адказаў міністар эканомікі.
У адказе Дзьмітры Круты спасылаецца на вынікі рэфэрэндуму 1995 году, дзе большасьць галасоў залічылі ў падтрымку «дзеяньняў прэзыдэнта, скіраваных на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй», а таксама на дамову аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году.
«Праца, што ладзіцца цяпер урадамі дзвюх краінаў, ахоплівае выключна эканамічную частку дамовы і накіраваная на яе адмысловую рэалізацыю», — запэўнівае дэпутатку міністар.
Паводле Крутога, дакумэнт цяпер «мае статус працоўнага» і можа быць зацьверджаны Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным толькі ў сьнежні разам з пакетам «дарожных мапаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін і Лукашэнка могуць зацьвердзіць «паглыбленьне інтэграцыі» да 8 сьнежня, — СямашкаПакуль жа праца па тых мапах «толькі пачалася», таму публікацыя праекту «супярэчыла б б агульнапрынятай у сьвеце практыцы арганізацыі перамоваў, а таксама магла б стварыць глебу для інфармацыйных маніпуляцыяў і фармаваньня ў грамадзтве скажоных уяўленьняў адносна інтэграцыйнага працэсу», адзначае міністар.
«Па даручэньні прэм’ер-міністра запэўніваю Вас, што дакумэнты, над якімі мы працуем, ня ўтрымліваюць ніякага палітычнага кампанэнту і не ствараюць пагрозаў для сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь», — завяршае ліст Круты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі Пуціна і Лукашэнкі пракамэнтавалі публікацыю «Коммерсанта» пра канфэдэрацыю Беларусі і Расеі***
Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі», як прызнаў беларускі бок, няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
У канцы 2018 году расейскі прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «Шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
Беларусь не адмовілася ад «паглыбленьня інтэграцыі», але выкананьне ўмоваў «ультыматуму Мядзьведзева» не анансавалася. Самі дамовы яшчэ не падпісаныя — плянуецца, што праграму інтэграцыі кіраўнікі Беларусі і Расеі падпішуць у сьнежні.
Расея ж настойвае, што падатковы манэўр гэта ейная «сувэрэннае права», а патрабаваньне кампэнсацыі некарэктнае. Акрамя таго, Беларусь усё яшчэ чакае ад Расеі кампэнсацыю за брудную нафту, а расейскі бок не пагаджаецца зь беларускімі разьлікамі ўчыненай шкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улоў Сеціва: Беларускае рэха праграмы «паглыбленай інтэграцыі»