Расейскае выданьне «Коммерсант» апублікавала інфармацыю пра зьмест праграмы інтэграцыі Беларусі і Расеі, падпісанай прэм'ерамі Румасам і Мядзьведзевым. Паводле «Коммерсанту» размова ідзе пра фактычнае стварэньне канфэдэратыўнай дзяржавы на ўзроўні эканомік з 2022 году.
Гэтая публікацыя выклікала вострую рэакцыю ў Байнэце і беларускіх мэдыя. Прапануем Вам агляд некаторых водгукаў:
Эдуард Пальчыс
Варта было «Коммерсанту» апублікаваць інсайд ад «ананімнай крыніцы», як усе СМІ сталі падаваць гэта за «стала вядома аб абʼяднаньні Беларусі і РФ».
Той жа «Коммерсант» усяго месяц таму апублікаваў «ананімнае інтэрвію беларускай школьніцы». У ім усур'ёз сьцьвярджалася, што беларуская мова – гэта сумесь польскай і расейскай, і што ў нашых школах гісторыю Польшчы вывучаюць куды больш, чым Расеі.
Выдавецкі дом «Коммерсант» належыць алігарху Алішэру Ўсманава, таму самаму, які пляваў на Аляксея Навальнага, дапамог адціснуць у Дурава VK, а ў лістападзе 2018-га атрымаў ад Пуціна ордэн «За заслугі перад Айчынай».
Расслабляцца ў любым выпадку ніколі ня варта, але і адразу ж разводзіць паніку на падставе інфармацыі ад «ананімных» крыніцаў з газэтаў пуцінскіх сябрукоў – таксама па-дурному.
Тацьцяна Вадалажская
Галоўная гульня – менавіта палітычная і яна ідзе. Яна не расьпісаная ў бязглуздых і невыканальных пунктах, у ёй зьмяняюцца тактыкі і крокі, прапановы і контрпрапановы. Эканамічныя пункты толькі рэйкі, якія ўсё ніяк не ўкладуць, каб пусьціць паравоз. Але паравоз ёсьць, а галоўнае – ёсьць мэта яго прасоўваць «на захад». І ня будзе хутчэй за ўсё «яскравай падзеі», якая зробіць нам усім зразумелай, што вось – цяпер усё, трэба бараніць незалежнасьць. Будуць ціск, эканамічныя крокі, нязаўважныя палітычныя рашэньні і ўцягваньне, уцягваньне …з паглынаньнем. Праява акрэсьленай пазыцыі па незалежнасьці, вострая занепакоенасьць грамадзтва (не толькі хайпавымі ўкідамі) і рухі па пераўсталяваньні (канстытуцыйнаму) стасункаў з суседам. Нам туды.
Арцём Шрайбман
Нашумелы артыкул «Коммерсанта» пра тое, як мы з Расеяй вось-вось зьліёмся ў канфэдэрацыю, – лепшы прыклад, чаму трэба ва ўсіх школах вучыць мэдыяпісьменнасьць.
Першае правіла – падзяляць ацэнкі аўтара і фактуру ў тэксьце. Аўтар спачатку піша аб радыкальным дакумэнце, інтэграцыі больш шчыльнай, чым у ЭЗ, а потым сам жа прызнаецца ў размытасьці большасьці фармулёвак у дакумэнце.
На сэкунду ўявім, што ўсе факты з тэксту – праўда, а ня ўкід, каб пазлаваць Менск. Нават у гэтым выпадку зьліў не дадае практычна нічога новага да таго, што мы ведалі раней.
P.S. А яшчэ гэта гісторыя пра правал у інфармацыйнай палітыцы. Беларусы самі абяцалі апублікаваць праграму. Зацягнулі. Атрымлівайце нацягваньне савы на глёбус і разьдзіманьне сланоў з Масквы і паніку ў інфармацыйнай прасторы. Напэўна, трэба прыняць яшчэ пяць канцэпцый інфабясьпецы. Тады зажывём.
Уладзімер Мацкевіч
Усе заўважылі ў расейскім зьліве поўнае эканамічнае паглынаньне ў 2021 годзе?
Усе заўважылі канфэдэрацыю ў 2022 годзе (да стагодзьдзя ўтварэньня СССР)?
А хто заўважыў пра вайсковыя базы?
Пра абарону і войска?
Вось і я не заўважыў.
А ведаеце чаму?
Таму, што гэта афармляецца сакрэтнымі пратаколамі да падрыхтаванай дамовы.
Ціха-ціха будуць падпісаныя сакрэтныя пратаколы аб уваходжаньні беларускай арміі і стварэньні новай вайсковай акругі РФ, пра ўключэньне КДБ у ФСБ, адзінай паліцыі.
Гэтыя пратаколы пачнуць рэалізоўваць адразу.
І не кажыце, што вы ня чулі!
Павал Вусаў
Сытуацыя такая, што дзяржаўныя органы рэспублікі ня маюць ніякай выразнай (жорсткай) пазыцыі з нагоды нахабных тэзаў журналіста «Коммерсанта» аб тым, што інтэграцыя фактычна пазбаўляе Беларусь субʼектнасьці, падрывае яе сувэрэнітэт.
У рэальнасьці «Коммерсант» выказаў сапраўднае ўяўленьне расейскага істэблішмэнту адносна інтэграцыі.
І на самой справе, што беларускія ўлады могуць сказаць? Што інтэграцыя не нясе ніякіх пагроз для незалежнасьці Беларусі?! Але тады, што яна нясе, чым яна зьяўляецца сама па сабе? Сам гэты працэс ужо зьяўляецца пагрозай.
Аляксандар Фядута
Вычакаўшы два тыдні, расейскі бок арганізуе зьліў зьместу парафіраванага дакумэнту, ставячы беларускіх партнэраў у вядомую па налепцы на аўтамабіль позу «Можам паўтарыць!» Вы не хочаце публікаваць падрыхтаваную паперу? Можа, вы наогул лічыце, што яе – няма? А вось яна – ёсьць. Атрымайце і выкажыце сваё стаўленьне. Публічна.
Ведаючы псыхалёгію Аляксандра Лукашэнкі – а ў мяне няма сумневу ў тым, што Уладзімір Пуцін яе ведае, – можна меркаваць, што Крэмль сьвядома правакуе яго на рэзкія дзеяньні і выказваньні. Таму што больш за ўсё Лукашэнка ня любіць публічнага агучваньня кулюарных дамоўленасьцяў.
Аляксандар Класкоўскі
Нават «Коммерсант» прызнае, што «пры рэалізацыі пляну да 2021 году гаворка ідзе пра паглынаньне моцна адзяржаўленай эканомікай Расеі амаль цалкам дзяржаўнай эканомікі Беларусі на ўзроўні кіраваньня». А там, глядзіш, справа ціхай сапай дойдзе і да іншых узроўняў, прычым не толькі ў эканоміцы, але і ў палітыцы.
Увогуле, падпісваючы паперы аб паглыбленай інтэграцыі, Менск ідзе на вельмі тонкі лёд. І ні халеры ня выскачыш на выратавальны бераг.
Вадзім Іосуб
Пачнём з таго, што пакуль гэта пакідае адчуваньне проста ўкіду. Чаму такое адчуваньне? Калі на хвіліну пакінуць у баку развагі пра добра / дрэнна, чыста тэхнічна, як мне здаецца, немагчыма ў такія сьціслыя тэрміны цалкам зьмяніць Грамадзянскі кодэкс, Падатковы кодэкс, мытнае і банкаўскае рэгуляваньне і т. д.
У самым артыкуле расейскай газэты было параўнаньне з ЭЗ, але прыгадаем, што ЭЗ ішоў да свайго абʼяднаньня каля трох дзесяцігодзьдзяў, а не год-паўтара.