Змова маўчаньня ў беларускай школе

Ілюстрацыйнае фота

Мы ніколі не даведаемся, што насамрэч адбылося паміж настаўніцай расейскай мовы Валянцінай Губарэвіч і Данатам Скакуном. Гэтаксама мы наўрад ці даведаемся, чаму насамрэч Вадзім Мілашэўскі забіў Марыну Пархімовіч і Сашу Раманава. Нават потым, калі, можа быць, адкрыюць гэтыя архівы, можа выявіцца, што там не хапае аркушаў, не супадае нумарацыя ў справах, адсутнічаюць неабходныя экспэртызы, не апытаныя ўсе магчымыя сьведкі альбо апытаныя невядома хто. Гэта калі пра страшнае. Але тое самае і ў нашым школьным паўсядзённым.

Сьцісла

  • Ніхто не прыйшоў да нас, настаўнікаў, пасьля трагедыі ў Стоўбцах і не распавёў, як нам паводзіць сябе, калі ў клясу прыходзіць вучань з нажом.
  • Права чалавека на праўду — адно з самых парушаных правоў у нашым грамадзтве. Нават калі мы ня ведаем, хто складае школьныя праграмы — мы ўжо рэпрэсаваныя змовай маўчаньня.
  • Веданьне праўды — магутны рэсурс. Няведаньне праўды — адарваныя рукі і вырваныя языкі.

«Калі існуе змова маўчаньня, заўсёды будуць плёткі і тэорыі»

Ганна Севярынец

Мы ня ведаем прозьвішчаў тых, хто складае школьныя праграмы — іх ня пішуць у друкаваных выданьнях. Мы ня ведаем прозьвішчы тых, хто выдае інструктыўна-мэтадычныя лісты, па якіх школа працуе ўвесь год — гэтыя прозьвішчы ня пішуць таксама. Мы не ведаем, хто канкрэтна стаіць за зьменамі ў адукацыйным працэсе, за бясконцымі рэформамі туды-сюды, за зьнішчэньнем гімназій, за парушанай лёгікай выкладаньня прадметаў, за зьяўленьнем і зьнікненьнем новых курсаў — мы нічога гэтага ня ведаем.

Рэйтынг беларускіх школаў паводле апошняга тэставаньня, які трапіў у інтэрнэт дзякуючы нястомным барацьбітам за сумленную адукацыю, зьяўляецца дакумэнтам, які чамусьці пазыцыянуецца як дакумэнт унутранага карыстаньня, прычым не для настаўнікаў нават, а толькі для кіраўніцтва. Усе свае прэтэнзіі да адукацыі грамадзтва адрасуе міністру, бо яго мы якраз ведаем, але такая адказнасьць аднаго за ўсіх — гэта не адказнасьць, гэта з гусі вада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт пра вучня, які парэзаў настаўніцу: «Намер на забойства, адразу фармаваў алібі»

Я калісьці працавала ў той школе, дзе вучыўся Данат Скакун. Я ведаю дырэктарку, ведаю настаўнікаў. Мы сустракаліся зь імі потым — выпадкова ці з нагоды. Ніхто зь іх, добра знаёмых мне каляжанак, не сказаў ніводнага слова пра Даната. Каменнае маўчаньне, нечакана празрыстыя вочы. Нават «ну ты ж сама разумееш» — нічога. Проста — маўчаньне. Я была ў Стоўбцах празь некалькі тыдняў пасьля трагедыі па настаўніцкіх справах, размаўляла з калегамі. Маўчаньне.

Я пыталася ў шматлікіх знаёмых, якіх маю ў высокіх адукацыйных установах: зь кім мне паразмаўляць наконт праграм? Спакойна, па-чалавечы, як калега з калегам? Не для друку, проста, каб зразумець, каб хаця б паспрабаваць асядлаць тую самую хвалю, на якой над акіянам ведаў лятуць яны? Гэта немагчыма.

Калі існуе змова маўчаньня, заўсёды будуць плёткі і тэорыі, самыя неверагодныя. Разблытаць іх, аддзяліць зерне ад шалупіньня немагчыма, бо няма на што спаслацца. Грамадзкае абмеркаваньне ў такіх варунках заўсёды і непазьбежна будзе сапраўды «уціскам на суд» — бо будзе грунтавацца абы на чым. Прыняць такое меркаваньне да ведама ня зможа ніхто, ніводны чыноўнік, нават самы прыстойны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойства ў цэнтры Эўропы. Пахаваньне настаўніцы

Здаецца, відавочна: каб спыніць чуткі і плёткі, каб перавесьці дыялёг у нармальную плоскасьць, каб абодва бакі — і дзяржава, і грамадзтва — маглі весьці гутарку на роўных, трэба праўда і галоснасьць. Не падабаюцца чуткі? Дайце праўды. Не падабаецца гістэрыя ў сацсетках? Спыніце змову маўчаньня. Калі яна не спыняецца — значыцца, так трэба.

«Праўда нам "не паложана". Любая»

Гэта ня звычка з савецкіх часоў, не калектыўнае неўсьвядомленае чыноўнікаў, не цямнота міністэрства — гэта цалкам усьвядомленая пазыцыя, гэта сапраўдная змова супраць грамадзянаў краіны. Пасыл яе зразумелы: а хто вы такія, каб вам нешта ведаць. Будзеце шмат ведаць — будзеце роўныя нам. А вы нам ня роўныя.
Веданьне праўды — магутны рэсурс. Няведаньне праўды — адарваныя рукі і вырваныя языкі. Ты ня можаш нічога патрабаваць, калі ты не маеш грунту пад сваімі патрабаваньнямі. Ты нават зразумець нічога ня можаш. Ты вымушаны слухаць тых, хто ведае праўду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як абараніцца ад школьніка з нажом. Забойства ў Стоўпцах вачыма настаўніцы, псыхоляга і пісьменьніцы

Ніхто не прыйшоў да нас, настаўнікаў, пасьля трагедыі ў Стоўбцах і не распавёў, як нам паводзіць сябе, калі ў клясу прыходзіць вучань з нажом. Ніхто не навучыў нас, як бараніць сябе і дзяцей, калі пачынаецца разьня. Замест гэтага нам на ўваходзе паставілі мэталяшукальнікі. Яны пішчаць амаль на кожным наведвальніку, вахцёры ўжо нават ня моршчацца, а дзеці, ідучы ў школу, весела гуляюцца — запішчыць ці не. Гэта ўсё, што мы атрымалі для сваёй і вучнёўскай бясьпекі пасьля Стоўбцаў. Праўды — не атрымалі. І не таму, што гэтая канкрэтная праўда можа нешта там пахіснуць ці некага там абрынуць з верхатуры ўлады. Проста таму, што праўда нам «не паложана». Любая.

Ані ў мэдыцыне, ані ў атамнай энэргетыцы, ані ў будаўніцтве жылых дамоў, ані ў разьмеркаваньні дзяржаўнага бюджэту. Нідзе.

«Ну навошта вам гэта ведаць?» — пытаюцца ў мяне нават у адным са сталічных архіваў. То бок яны, тыя, хто вырашае, выдаваць справы ці не, ведаюць, канешне. А мне — нінавошта.

Права чалавека на праўду — адно з самых парушаных правоў у нашым грамадзтве. Думаю, што з гэтага парушэньня пачынаюцца ўсе іншыя. Нават калі мы ня ведаем, хто складае школьныя праграмы — мы ўжо рэпрэсаваныя змовай маўчаньня. Усе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.