У Менскім гарадзкім судзе абвешчаны прысуд гімназісту Данату Скакуну ў справе аб нападзе на настаўніцу.
Непаўналетні Данат Скакун прызнаны вінаватым у замаху на забойства з асаблівай жорсткасьцю. Суд прыгаварыў яго да пазбаўленьня волі на 8 гадоў.
Прысуд вынесла судовая калегія на чале з судзьдзёй Зінкевіч. Фота- і відэаздымкі ў судзе забаранілі, у тым ліку падчас абвяшчэньня прысуду.
Бацькі Даната Скакуна сказалі, што будуць абскарджваць прысуд, а ад камэнтару адмовіліся.
Пацярпелая Валянціна Губарэвіч не адказала на пытаньне, ці задаволеная яна прысудам. «На судзе я прасіла для Даната мінімальнага пакараньня», — сказала пацярпелая настаўніца. Паводле яе, у 74-й менскай гімназіі, дзе яна працягвае працаваць, выхаваўчы працэс наладжаны добра, а прычыну канфлікту з вучнем яна бачыць у сям’і.
На пытаньне Свабоды, ці было такое, каб бацькі вучняў гэтай клясы прасілі адміністрацыю школы замяніць ім настаўніцу расейскай мовы і літаратуры, Валянціна Губарэвіч адказала: не, такога не было.
Між тым падчас працэсу пра гэта казала маці Даната Скакуна карэспандэнту «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». Пасьля прысуду дачка пацярпелай Дарʼя Губарэвіч скрытыкавала некаторых журналістаў за распаўсюд неправераных, на яе погляд, зьвестак пра сытуацыю ў клясе, дзе выкладала яе маці: «Вам павінна быць сорамна, а мы не маглі гэта зьняпраўдзіць, бо далі падпіску аб неразгалошваньні».
Калі ў Валянціны Губарэвіч пацікавіліся яе думкай пра тое, чаму вучань накінуўся на яе з нажом, пацярпелая не адказала і пайшла ад журналістаў.
Адвакатка пацярпелай Ганна Дакуцька мяркуе, што вынесены прысуд цалкам апраўдвае пацярпелую настаўніцу ў вачах грамадзтва. Пры гэтым адвакатка пагадзілася з тым, што непаўналетніх лепш не пазбаўляць волі: «Але 8 гадоў — мінімальны тэрмін па гэтым артыкуле», — зазначыла абаронца.
Данат Скакун падчас прысуду выглядаў спакойна, да прысуду размаўляў з бацькамі і ўсьміхаўся.
Журналістам пакуль невядома, якога пакараньня для падсуднага прасіла пракурор Вольга Герасімовіч. Ад камэнтару пасьля прысуду яна адмовілася.