У сьвеце 79% людзей лічаць, што вакцыны бясьпечныя. У Беларусі гэты паказьнік значна ніжэйшы — 41%.
Гэтыя зьвесткі знаходзяцца ў нядаўняй справаздачы Wellcome Global Monitoring з дасьледаваньня, праведзенага летась сярод больш чым 140 тысяч людзей у больш чым 140 краінах.
У Беларусі ў бясьпеку выконваньня вакцынацыі вераць менш, чым ва ўсіх постсавецкіх краінах — за выняткам Украіны: ва Ўкраіне толькі 32% апытаных палічылі, што вакцынацыя бясьпечная. У сярэднім па постсавецкіх краінах 55% людзей сказалі, што вакцыны бясьпечныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрэчкі пра прышчэпкі — гэта пра веру». Чаму адмаўляюцца ад вакцынацыіБеларусы таксама менш схільныя верыць, што вакцыны эфэктыўныя. У сусьветным маштабе ў эфэктыўнасьць вакцынацыі вераць 63% апытаных, у Беларусі — 46% (для параўнаньня, у Расеі — 62%).
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.