Намесьніца начальніка аддзелу гігіены Міністэрства здароўя Беларусі Іна Карабан пацьвердзіла Tut.by праблемы з распаўсюдам карэйскай вакцыны «Эўпэнта» ад кохліку, дыфтэрыі і слупняку.
Чытачы расказалі парталу пра тое, што ў паліклініках прапануюць замест бясплатнай вакцыны скарыстацца платнай — «Гексасім» за 92 рублі — або перанесьці прышчэпкі. У Баранавічах «Эўпэнты» не было 10 дзён, у Горадні — з красавіка. У Менску кажуць, праблемаў з пастаўкамі вакцыны не было. У Слоніме прапануюць расейскую вакцыну АКДС, ад якой раней адмовіліся ў Беларусі.
Паводле Іны Карабан, назіраецца «абмежаваная колькасьць» вакцыны ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях, але ідзе «пераразьмеркаваньне вакцыны паміж установамі аховы здароўя рэгіёнаў рэспублікі». З моманту, калі вакцына была зарэгістраваная, правялі яе закупку, і паступленьні «Эўпэнты» ў краіну чакаюцца ў найбліжэйшы час.
Пра тое, што «Эўпэнту» зарэгістравалі ў Беларусі, стала вядома толькі ў сярэдзіне траўня, але паводле афіцыйных дакумэнтаў, рэгістрацыя прайшла яшчэ 1 красавіка.
У мінулым годзе вакол «Эўпэнты» адбыўся скандал: пасьля прышчэпкі памерлі два дзіця, затым выявілася, што вакцына не была зарэгістраваная належным чынам. Мінздароўя і сьледчыя сьцьвярджаюць, што сьмерці не былі выкліканыя вакцынай. Чыноўніцу Мінздароўя, якая тлумачыла неналежныя закупкі вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй», пазьней затрымалі — яе падазраюць у атрыманьні хабару, але ці зьвязана гэта з вакцынай, не ўдакладняецца.
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.