Некаторыя хваробы, якія ўжо зрабіліся ў Эўропе рэдкасьцю, цяпер вяртаюцца, і мэдыкі тлумачаць гэта масавай адмовай ад прышчэпак. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) сёлета назвала адмову ад вакцынацыі адной з галоўных пагроз.
Ад пачатку 2019 году ў Беларусі зарэгістравалі больш за 100 выпадкаў адру. Паводле СААЗ, за мінулы год у Эўропе ад адру памерлі 72 чалавекі, заразіліся больш за 82 тысячы. Выпадкі хваробы былі ў 47 з 53 эўрапейскіх краін. Раней адзёр забіраў мільёны жыцьцяў штогод.
Як не дапусьціць вяртаньня паўзабытых хваробаў? Ці вартая даверу фармацэўтычная індустрыя? Наколькі эфэктыўным для невялікай краіны можа быць разьлік на лекі ўласнай вытворчасьці?
На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказаў Сырыл Шывэр, першы віцэ-прэзыдэнт і выканаўчы дырэктар францускага аддзяленьня MSD, адной з найбуйнейшых у сьвеце фармацэўтычных кампаній.
— Чалавек бачаць рызыкі вакцынацыі, але забываецца пра рызыкі хваробаў, якія ў нашым рэгіёне амаль зьніклі, дзякуючы масавым прышчэпкам. Як пераканаць людзей рабіць прышчэпкі?
— Важна, каб улады зразумелі, што ўзровень адмовы ад вакцынацыі ўжо занадта высокі.
За няўпэўненасьцю ў неабходнасьці прышчэпак стаяць тры рэчы. Па-першае, узровень даверу да саміх вакцынаў і да спэцыялістаў у сфэры аховы здароўя, якія робяць прышчэпкі і вырашаюць, якая вакцынацыя патрэбная ў якім узросьце. Па-другое, зручнасьць. Ці прышчэпку проста зрабіць, ці гэта складаная працэдура? Ёсьць краіны, дзе гэта сапраўды складана. А па-трэцяе, гэта самазаспакоенасьць. Мы ў Эўропе ўжо ня бачым шмат якіх хваробаў, таму людзям не хапае інфармаванасьці пра хваробы і разуменьня карысьці ад вакцынацыі.
Калі вы хворы, дык вы без ваганьняў прымаеце лекі. Але калі вы здаровы, дык вам здаецца, што вы ніколі не захварэеце на нейкую рэдкую хваробу. Пры гэтым, напрыклад, вы баіцеся болю ад уколу. Вы робіцеся эгаістам і адмаўляецеся ад вакцынацыі.
Таму варта ладзіць адукацыйныя праграмы і тлумачыць людзям важнасьць вакцынаў.
— Летась у Беларусі чатырохмесячная дзяўчынка і двухмесячны хлопчык памерлі пасьля прышчэпкі. Вакцына была незарэгістраваная ў Беларусі, а Міністэрства аховы здароўя патлумачыла яе выкарыстаньне «надзвычайнай сытуацыяй». Інфармацыя пра такія выпадкі моцна палохае бацькоў. Як арганізатарам праграм вакцынацыі захаваць давер з боку грамадзтва пасьля гэтага?
— Важна разумець, што кожны год адбываецца вакцынацыя мільёнаў немаўлят, старэйшых дзяцей і дарослых. Арганізацыі аховы здароўя ўвесь час сочаць за якасьцю вакцынаў, і бясьпека вакцынаў застаецца на вельмі высокім узроўні, гэта даказана.
У большасьці краінаў дзіцячая вакцынацыя амаль усёахопная — да 90-95 працэнтаў. Ахапіць 100 працэнтаў ніколі не атрымаецца, такую сыстэму стварыць практычна немагчыма.
Я разумею заклапочанасьць бацькоў. Але я дам вам іншы прыклад. Калі мне баліць галава і я вазьму ўпакоўку з парацэтамолам і пачытаю інструкцыю, дык там будзе даўжэзны сьпіс магчымых пабочных эфэктаў. Гэта тычыцца любога хімічнага ці біялягічнага рэчыва. Некаторыя з гэтых пабочных эфэктаў даволі «мяккія», але там будуць і больш сур’ёзныя.
— Што рабіць у сытуацыі, калі вяртаюцца хваробы, якія ўжо лічыліся больш-менш выкараненымі — той самы адзёр?
— Па-першае, трэба патлумачыць грамадзтву, што адзёр — сур’ёзная хвароба. У мяне ў самога была размова з чалавекам, які сказаў: «Але ж адзёр — гэта нічога страшнага». Трэба разумець, што дагэтуль у сьвеце ад гэтай хваробы штогод памірае каля 100 тысяч дзяцей.
Вы гаварылі пра канкрэтны выпадак, калі дзеці памерлі пасьля вакцынацыі, і тут я не магу камэнтаваць, ня ведаючы абставінаў. Але нават у Эўропе дзеці і дарослыя паміраюць ад адру. У Эўропе летась было больш за 80 тысяч хворых, чвэрць зь іх скончылі ў шпіталі, і для многіх будуць сур’ёзныя наступствы.
Па-другое, хваробу можна прадухіліць. І нам трэба рабіць больш інтэнсіўныя кампаніі, скіраваныя на бацькоў і падлеткаў, каб заахвоціць іх да вакцынацыі. Там, дзе пачынаюць выказвацца палітыкі, мэдычныя асацыяцыі, дактары, сытуацыя мяняецца ў лепшы бок.
Я француз, таму можам узяць прыклад Францыі — пару гадоў таму ў нас падаў ахоп вакцынацыяй. Але наш цяперашні міністар аховы здароўя зрабіў гэтае пытаньне прыярытэтным, і мы пабачылі значнае паляпшэньне ў паказьніках. Тут шмат залежыць ад адукацыі.
— Вы — прадстаўнік глябальнай фармацэўтычнай кампаніі. Вядома, што рэпутацыя фармацэўтычнай індустрыі ў вачах публікі ня самая лепшая. На вашую думку, гэты недавер у нечым заслужаны?
— Вы, пэўна, можаце здагадацца, які будзе мой адказ [сьмяецца]. Я магу даць статыстычны паказьнік, які мяне заўсёды зьдзіўляў. Калі спытацца ў людзей, ці давяраюць яны таму леку, які прымаюць, 95 працэнтаў адказваюць «так». Яны хворыя і спадзяюцца, што ад леку ім будзе лепш. Калі спытацца ў тых самых людзей, ці давяраюць яны фармацэўтычнай індустрыі, дык шмат у якіх краінах 30-40 працэнтаў людзей кажуць, што не давяраюць.
Але ж гэта якраз у нашай галіне жанчыны і мужчыны працуюць дзень і ноч, каб вынайсьці, распрацаваць і вырабіць лекі!
Нам як індустрыі важна тлумачыць, чым мы займаемся. У нашай кампаніі працуе больш за 60 тысяч чалавек, каб людзі атрымалі вакцыны і лекі.
Дасьледаваньні — рызыкоўная сфэра, для якой трэба фінансаваньне, таму мы шукаем інвэстараў. Паколькі значная частка праграмаў дасьледаваньняў канчаецца няўдачай, дык інвэстары разьлічваюць, што пасьпяховыя праграмы дазволяць ім атрымаць прыбытак ад інвэстыцый. Каб інвэстары прыйшлі ў MSD, а не, напрыклад, у Google ці ў іншую кампанію, мы павінны іх у гэтым пераканаць. Гэта рэальнасьць.
Але нашая індустрыя, напрыклад, менш прыбытковая чым IT-індустрыя.
— У Беларусі дзяржаўная праграма разьвіцьця фармацэўтычнай вытворчасьці называе высокую залежнасьць ад імпарту лекаў адным з фактараў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. Але пры гэтым я ведаю выпадкі, калі людзі езьдзяць за мяжу ці просяць купіць замежныя лекі, бо не давяраюць лекам беларускай вытворчасьці. На вашу думку, наколькі эфэктыўна невялікая краіна можа забясьпечыць сябе ўласнымі лекамі?
— Тут адразу некалькі пытаньняў. Першае, гэта здольнасьць краіны вырабляць уласныя лекі, асабліва з улікам таго, што лекі абароненыя патэнтамі. Пазьней гэты патэнт робіцца даступным, і важна, каб вырабляліся так званыя генэрыкі (непатэнтаваныя лекі, якія капіююць арыгінальны прэпарат). Краіны вельмі часта спрабуюць наладзіць мясцовую вытворчасьць генэрыкаў, і я гэта цалкам разумею, калі яны робяць дастатковыя інвэстыцыі, каб дасягнуць патрэбнай якасьці.
Другое пытаньне — гэта даступнасьць новых сучасных лекаў, якія задавольваюць канкрэтныя мэдычныя патрэбы. Тут важна, каб палітыка дзяржавы дазваляла рабіць дастатковыя інвэстыцыі ў новыя лекі.
— Часам дактары ў Беларусі раяць пацыентам купляць замежны лек, а не беларускі, хоць яны нібыта аднолькавыя паводле хімічнага складу. І калі чалавек кажа, што нейкі, напрыклад, нямецкі лек, дапамагае лепш за аналягічны беларускі, ці можна ўсё патлумачыць чыста псыхалягічным эфэктам, ці тут могуць быць іншыя фактары?
— У прыхільнасьці да любога прадукту заўсёды ёсьць элемэнт псыхалёгіі. Шэраг пацыентаў робяцца, я б сказаў, ляяльнымі да брэнду. Цяпер гэта ня тычыцца многіх хваробаў, але ў выпадку некаторых хваробаў мы такое назіраем — людзі ня вельмі хочуць прымаць лекі-генэрыкі.
Але агулам у Эўропе мы назіраем усё большы давер да генэрыкаў. Звычайна іх вырабляюць паводле вельмі высокіх стандартаў якасьці і сэртыфікуюць мясцовыя агенцтвы. Мы як кампанія не вырабляем генэрыкаў, але мы лічым іх неабходнымі, каб сыстэма засталася ўстойлівай.
Што тычыцца парадаў нейкіх дактароў, я не магу камэнтаваць канкрэтныя выпадкі, зь якімі я незнаёмы.
Тут варта яшчэ мець на ўвазе, што акрамя стандартаў вытворчасьці важную ролю адыгрывае сыстэма продажу. Гэта крыху іншая тэма, але падробка лекаў застаецца сур’ёзнай праблемай. На жаль, ва ўсім сьвеце прадаецца вельмі шмат падробных лекаў. Многія зь іх неэфэктыўныя. І асаблівую заклапочанасьць выклікае тое, што гэта лекі супраць вельмі сур’ёзных хваробаў.
У Эўропе цяпер адбываецца пераход да сыстэмы так званай сэрыялізацыі. На кожным пакунку лекаў будзе ўнікальны код, які будзе спраўджваць ланцуг пастаўкі ад нашага складу да пацыента. Бо калі гэты код увесьці ў сыстэму, яго нельга будзе выкарыстоўваць другі раз.
Гутарка адбылася падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў бясьпецы Globsec2019 у Браціславе.