Кальцый і вітамін D — галоўныя элемэнты, неабходныя для здароўя касьцей. Аказалася, што ў рацыёне беларусаў іх недастаткова. Пра гэта сёньня агенцтву БЕЛТА распавяла вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтру гігіены Ірына Кедрава.
Вынікі дасьледаваньня рацыёну беларусаў
На працягу пэўнага пэрыяду часу ў цэнтры праводзіліся дасьледаваньні фактычнага харчаваньня розных катэгорый насельніцтва: дзіцячага і дарослага, гарадзкога і сельскага. Сярод асаблівасьцяў выяўлена залішняе спажываньне насычаных тлушчаў. У харчаваньні жанчын фэртыльнага ўзросту адзначаецца паніжанае ўтрыманьне прадуктаў, багатых жалезам.
Аналіз рацыёну сьведчыць, што насельніцтва краіны стала менш спажываць хлеба, бульбы і круп. Па-ранейшаму дастаткова вялікая колькасьць жыхароў краіны празьмерна спажывае соль, цукар, рафінаваныя вугляводы, тым самым адыходзячы ад прынцыпаў здаровага харчаваньня.
Недахоп кальцыю і вітаміну D можа прывесьці да остэапарозу. Найлепшы спосаб узбагаціць імі свой арганізм — уплываць на свой рацыён.
Як павялічыць узровень кальцыю ў арганізьме
Акрамя ўсім вядомых малочных прадуктаў, такіх як малако, сыр і ёгурт, багатых кальцыем, іншыя варыянты такія:
- Шпінат
- Курчавая капуста
- Ліставая капуста
- Соя
- Белая фасоля
- Сардыны, ласось, акунь
- Апэльсінавы сок
- Аўсянка і іншыя крупы
Дарослым жанчынам і мужчынам патрабуецца прыкладна 1.000 мг кальцыю штодня. Асобам, старэйшым за 70 гадоў, патрабуецца прыкладна 1.200 міліграмаў на дзень.
Патрэба спартоўцаў у кальцыі прыкладна ў паўтара раза вышэйшая, чым у людзей, якія вядуць маларухомы лад жыцьця, і складае 1.500 мг.
Больш інфармацыі пра кальцый глядзіце тут.
Як павялічыць колькасьць вітаміну D
Прадукты, якія забясьпечваюць вітамін D:
- Тлустая рыба (тунец, скумбрыя, ласось)
- Малочныя прадукты
- Узбагачаныя вітамінам D апэльсінавы сок, соевае малако і крупы
- Ялавічная печань
- Сыр
- Яечныя жаўткі
У летні час вітамін D сынтэзуецца ў скуры пад узьдзеяньнем сонца. Узімку як эўрапейскія, так i амэрыканскія ўстановы, адказныя за здароўе насельніцтва, рэкамэндуюць спажываць яго ў выглядзе сынтэтычнага вітаміну ў дазіроўцы ня менш за 10 мкг/дзень, бо дасягнуць аптымальнага ўзроўню гэтага элемэнту праз харчаваньне практычна немагчыма.
Яшчэ больш пра вітамін D чытайце тут.
Падрыхтавала Кацярына Яроміч.