Галасаваньне за законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска ў Палаце прадстаўнікоў было даволі незвычайнае па беларускіх мерках: у першым чытаньні 6 дэпутатаў націснулі кнопку «супраць», у другім — 9. Звычайна ж у Палаце прадстаўнікоў кнопку «супраць» націскаюць 1–2 дэпутаты.
Праўда, законапраект усё роўна ўхвалілі: у другім чытаньні за яго прагаласавалі 85 дэпутатаў, яшчэ 11 устрымаліся. Агулам у ніжняй палаце мае быць 110 дэпутатаў, але на момант публікацыі тры чалавекі пакінулі Палату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска прынялі ў другім чытаньні. Што зьменіццаЗвычайна — 1 ці 2 «супраць»
Звычайна ж у Палаце прадстаўнікоў кнопку «супраць» націскаюць 1–2 дэпутаты.
Ніводнага галасаваньня, у якім дэпутаты цяперашняга скліканьня адхілілі б законапраект, не было. Агулам за час існаваньня Палаты прадстаўнікоў, з моманту разгону Аляксандрам Лукашэнкам Вярхоўнага Савету ў 1996 годзе, дэпутаты не касавалі заканадаўчых прапановаў кіраўніка дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы больш схільныя да сабатажу, чым да пратэстаў – палітолягУ цяперашнім шостым скліканьні супраць законапраектаў звычайна галасуюць Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.
Нават у галасаваньні па зьменах у рэзанансны «дармаедзкі дэкрэт» у траўні 2018 году былі толькі два іхныя галасы супраць.
Рэкорд шостай Палаты — 10 «супраць»
Дакладнай агульнадаступнай статыстыкі па галасаваньнях у Палаце прадстаўнікоў няма, але 9 галасоў «супраць» — не рэкорд шостага скліканьня ў афіцыйных галасаваньнях.
У лістападзе 2017 году ажно 10 дэпутатаў (9% Палаты) прагаласавалі «супраць», а яшчэ 8 не галасавалі. Пытаньне тычылася звужэньня паўнамоцтваў самой Палаты: Савет міністраў прапаноўваў, каб міжнародныя дамовы, скіраваныя на прыцягненьне ў краіну фінансавай дапамогі, узгадняліся толькі ўказамі прэзыдэнта.
Але ў час тэставага націсканьня кнопак, калі новы склад Палаты запусьцілі ў Авальную залю, як расказвала Канапацкая, кнопку «супраць» націснулі 14 чалавек. Яна казала, «усе прысутныя былі ўражаныя, бо такая колькасьць „супраць“ тут здарылася ўпершыню».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў тры ўмовы выбраньня ў Нацыянальны сход
«У нас шмат „супраць“ быць ня можа»
Намесьнік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Кірыл Праяненкаў сказаў Свабодзе, што схема абмеркаваньня законапраекту прапісаная ў рэглямэнце Палаты прадстаўнікоў.
«У нас шмат «супраць» быць ня можа, бо мы працуем з законамі ў працоўных групах і пастаянных камісіях. Вострыя моманты максымальна здымаюцца да вынясеньня на галасаваньне ў Авальную залю. Таму такі вялікі працэнт «за», — тлумачыць Праяненкаў.
Калі першы раз выбіралі Палату, туды трапіла апазыцыя
Склад Палаты прадстаўнікоў першага скліканьня беларусы не выбіралі — яна ўтварылася з тых дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія падтрымалі Лукашэнку. Але ў 2000 годзе прайшлі парлямэнцкія выбары, і па іх выніках (не прызнаных дэмакратычнымі краінамі Захаду) была сфармаваная Палата прадстаўнікоў другога скліканьня. У ім утварылася аб’яднаньне апазыцыйных дэпутатаў «Рэспубліка», якое налічвала да 12 асобаў.
Як згадаў у размове са Свабодай Уладзімер Навасяд — дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня (а таксама дэпутат апошняга скліканьня Вярхоўнага Савету) — тады часам галасавалі супраць нават дэпутаты, якія лічыліся праўладнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 20 гадоў не рэгістравалі новыя партыі. Апазыцыя прапанавала спрасьціць працэдуруЗрэшты, нават самае «пратэстнае» галасаваньне на ягонай памяці, па пытаньні адзінай валюты з Расеяй, скончылася ўхваленьнем — а затым і подпісам Лукашэнкі пад пагадненьнем, якое падпісаў урад (але якое дагэтуль ня выканана). Колькі менавіта галасоў «супраць» было тады, выявіць не ўдалося.
«Ёсьць такія пытаньні, якія аб’ядноўваюць беларусаў, — разважае Навасяд пра той час і цяперашнія 9 галасоў супраць. — Або сьпёка проста паўплывала з гэтым законам».