Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім галасавала супраць паправак у закон, якія вызначаюць новы парадак адтэрміновак ад службы ў войску.
Але яна ня супраць, каб юнакоў прызывалі да сканчэньня вышэйшай адукацыі. Больш за тое, яна лічыць, што найлепшы час ісьці ў войска — зь першага курсу.
«Калі паступіў, так ці інакш будучыня акрэсьленая, чалавек з большай гатоўнасьцю пойдзе аддаваць свой абавязак. Я абмяркоўвала гэта з тымі, хто адслужыў падчас вучобы, і такі варыянт ня горшы».
Адначасова яна выступае за скарачэньне тэрміну службы да году зь цяперашніх 18 месяцаў. Пры такой умове чалавек не пасьпее страціць веды, лічыць Анісім.
«Калі гаворка толькі пра год адарванасьці ад унівэрсытэту і гатовасьці армейскіх падразьдзяленьняў інтэнсыфікаваць курс баявой падрыхтоўкі — каб не траву фарбавалі, а справай займаліся — наступствы будуць мінімальныя. Усё ж 12 месяцаў без вучобы — не такі значны тэрмін, як у выпадку, калі гэта вымяраецца некалькімі гадамі».
Практыка прызыву 18-гадовых студэнтаў дзейнічала ў савецкія часы.
За прапанаваныя Міністэрствам абароны папраўкі прагаласавалі 85 дэпутатаў, 9 — супраць, 11 — устрымаліся.