Міністэрства абароны дамагаецца залічваньня тэрміну службы ў страхавы пэнсійны стаж, а таксама шэрагу прэфэрэнцыяў для тых, хто ідзе служыць або ўжо адслужыў.
Страхавы стаж
Пытаньне пра ўключэньне ў страхавы стаж службы ў войску (разам з вучобай у ВНУ і дэкрэтным водпускам) падтрымала большасьць дзяржаўных органаў, паведамляецца на сайце міністэрства.
«Нягледзячы на тое, што асобныя органы дзяржаўнага кіраваньня пакуль не ўзгаднілі дадзеную норму, вайсковае ведамства зь няўхільнай цьвёрдасьцю будзе рэалізоўваць прапановы на падвышэньне сацыяльнага статусу салдата», — адзначаюць у Мінабароны.
Раней за ўключэньне службы ў войску (поруч з навучаньнем у ВНУ і дэкрэтным водпускам) у страхавы стаж выступілі беларускія парлямэнтары.
«Не залічваючы службу ў войску, мы падштурхоўваем маладых людзей да ўхіленьня ад выкананьня сьвятога абавязку перад радзімай. А значыць, наносім шкоду абароназдольнасьці краіны», — казаў дэпутат Ігар Марзалюк.
У Беларусі служба ў войску (як і навучаньне ў ВНУ, і дэкрэтны водпуск) улічваецца толькі ў працоўным стажы, неабходным для разьліку памеру пэнсіі, якую будзе атрымліваць канкрэтны чалавек.
Да прыкладу, у Расеі знаходжаньне на прызыўной службе ўлічваецца паводле формулы «адзін дзень службы за два дні працы», калі перапынак паміж днём звальненьня і днём прыёму на працу (паступленьня ў адукацыйную арганізацыю) не перавысіў аднаго году. Таму служыць у арміі выгадна для пэнсійнага стажу.
Прыярытэт на інтэрнат ужо ўхвалены
Адпаведна закону, прынятаму 4 траўня, права на месца ў студэнцкім інтэрнаце ў першую чаргу павінна давацца вучням, якія прайшлі тэрміновую службу ў войску або службу ў рэзэрве і якія маюць рэкамэндацыі вайсковых частак на навучаньне. Мяркуецца, што норма набудзе моц у студзені 2020 году.
Ільготы пры паступленьні на вучобу
«Займелі падтрымку» і іншыя прапановы, сьцьвярджае Мінабароны.
На стадыі разгляду прапанова аб наданьні прыярытэтнага права на паступленьне ў ВНУ і на сярэднюю спэцыяльную адукацыю для тых, хто прайшоў тэрміновую службу або службу ў рэзэрве і мае рэкамэндацыі вайсковых частак.
Таксама разглядаецца наданьне права вярнуцца на працу, дзе прызыўнік працаваў да войска, цягам трох месяцаў па завяршэньні службы, незалежна ад формы ўласнасьці кампаніі.
Тым, хто адслужыў, прапануюць таксама даць права бясплатна вучыцца на падрыхтоўчых курсах ВНУ і выбіраць месца разьмеркаваньня пасьля заканчэньня вучобы.
Іншыя прапановы Мінабароны ўжо ўтрымліваюцца ў законапраекце, які ўхваліла ў двух чытаньнях Палата прадстаўнікоў: там прапануецца забараніць дзяржаўную службу для тых, хто ўхіляўся ад прызыву, а таксама дазволіць замест разьмеркаваньня пасьля вучобы — служыць па кантракце.