Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект аб адтэрміноўках ад прызыву ў войска прынялі ў другім чытаньні. Што зьменіцца

абноўлена

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, архіўнае фота
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, архіўнае фота

28 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон, якія вызначаюць новы парадак даваньня адтэрміновак ад службы ў войску.

«За» прагаласавалі 85 дэпутатаў, «супраць» — 9. Не галасавалі, па словах Алены Анісім, 11 дэпутатаў. Законапраект прынялі без дыскусіі. Цяпер яго павінна разгледзець верхняя палата — Савет Рэспублікі. Калі яна дасьць згоду, дакумэнт пойдзе на подпіс Аляксандру Лукашэнку.

26 чэрвеня законапраект прадставіў міністар абароны Андрэй Раўкоў. Ён адзначыў, што з аб’ектыўных прычын Узброеныя Сілы маюць цяжкасьці з камплектаваньнем асабовага складу. Паводле міністра, гэта зьвязана як з дэмаграфічнай сытуацыяй, пагаршэньнем здароўя юнакоў, так і з існаваньнем у Беларусі шматлікіх адтэрміновак ад войска.

Дэпутат Шчэпаў прапанаваў перагледзець і адтэрміноўкі па стане здароўя

Дэпутат Уладзіслаў Шчэпаў сёньня сказаў карэспандэнту Свабоды, што трэба перагледзець і сьпіс хваробаў, зь якімі не бяруць у войска.

«Ёсьць жа вайсковыя прафэсіі, якія не патрабюуць вялікага здароўя», — адзначыў ён.

Да працы ў палаце прадстаўнікоў Шчэпаў быў дэканам эканамічнага факультэта Гомельскага ўнівэрсытэту. Мае сына-студэнта.

Што зьменіцца

​Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу;
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць пайсьці служыць па кантракце бяз выплаты грошай за адмову ад разьмеркаваньня.

Міністар абароны Андрэй Раўкоў тлумачыў, што абмежаваньне на выезд за мяжу будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву.

Канапацкую не паслухалі

Новы парадак даваньня адтэрміновак ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу неадназначна сустрэты ў грамадзтве. 27 чэрвеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая паведаміла ў Фэйсбуку, што яе папраўкі да закону аб адтэрміноўках дэпутаты на другім чытаньні разглядаць ня будуць.

«Галоўная камісія мае папраўкі прагназавана не падтрымала. Згодна з рэглямэнтам у гэтым выпадку мае папраўкі павінны асобна выносіцца на галасаваньне ў Авальную залю. Але, паколькі яны разыходзяцца з указамі прэзыдэнта, неабходная ягоная згода на ўнясеньне паправак. А часу на атрыманьне згоды няма — праект унесены ў тэрміновым парадку. Таму папраўкі ня могуць быць вынесеныя на галасаваньне. Вось такое „другое чытаньне“», — напісала дэпутатка.

26 чэрвеня падчас галасаваньня за прыняцьце законапраекту ў першым чытаньні супраць яго галасавалі 6 дэпутатаў.

​Перад галасаваньнем Канапацкая адзначыла, што абавязак праходзіць тэрміновую вайсковую службу замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі (у арт. 57 названы ня толькі абавязкам, але і «сьвятым доўгам»). Але яна кажа, што не заклікае не выконваць Канстытуцыю — заклікае толькі, каб гэты абавязак не парушаў іншых правоў грамадзянаў.

«Чаму яны павінны перапыняць сваю адукацыю, права на якую таксама прадугледжанае Канстытуцыяй? — казала карэспандэнту Свабоды Канапацкая. — Чаму яны павінны быць абмежаваныя ў выезьдзе, калі нехта ня выканаў рашэньне камісіі, бо, можа, камісія няякасна выканала сваю працу і нават не паспрабавала знайсьці прызыўніка?»

Яна дадае, што ня варта караць прызыўніка некалькі раз: ужо і так ёсьць адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць за ўхіленьне ад прызыву, а прапануецца яшчэ і пазбаўляць за ўхіленьне ад прызыву права на дзяржаўную службу.

Акрамя таго, Канапацкая расказала, што цяпер разглядаецца выбарнасьць мясцовага самакіраваньня (канкрэтней, выбары мэраў гарадоў), але незразумела, што тады рабіць з тымі кандыдатамі, якія ўхіляліся ад прызыву.

«Урэшце, чалавек можа зрабіць памылку, а ў 30 гадоў раскаяцца ў гэтай памылцы», — разважае дэпутатка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG