Суд Цэнтральнага раёну Менску 13 чэрвеня задаволіў пазоў бізнэсоўца Ўладзімера Япрынцава да ягонага былога партнэра па бізнэсе Юрыя Чыжа, піша Tut.by.
Пазоў тычыўся грошай за продаж акцыяў кампаніі «Аскаргатэрмінал». 60% належалі Ўладзімеру Япрынцаву, 40% — жонцы Юрыя Чыжа Сьвятлане. У дзень затрыманьня Япрынцава, 11 жніўня 2015 году, кампанію прадалі за 219 тысяч дэнамінаваных рублёў. Тады Япрынцаў ужо быў у СІЗА, ягоную маёмасьць арыштавалі, але гэтыя грошы былі зьнятыя.
Бухгальтарка «Трайплу» Элеанора Леўкіна сьцьвярджала, што здымала грошы гатоўкай з рахунку Япрынцава на даручэньне Юрыя Чыжа (маючы даверанасьці на гэта і ад Япрынцава, і ад Чыжа), але без асабістага дазволу Япрынцава. Яна заяўляла, што перадала Чыжу 86 тысяч даляраў у жніўні і 45 тысяч у верасьні 2015 году, тройчы пераводзіла яшчэ па 40 тысяч на рахункі юрыдычнай асобы.
Чыж казаў, што перадаваў грошы крэдыторам Япрынцава, расейскім бізнэсоўцам Ёсіфу Аксенцьеву і Міхаілу Маміяшвілі.
Папярэдні пазоў Япрынцава адносна гэтых грошай задаволілі толькі часткова, на 1960 рублёў з 219 тысяч (з улікам юрыдычных выдаткаў і дзяржаўнага збору — 3208 рублёў). Цяперашні пазоў — на рэшту, 217,3 тысячы рублёў.
У пазове адзначаецца, што Чыж зрабіў захады, каб вывесьці свае актывы, і цяпер валодае толькі доляй у «Трайпле» і аднапакаёвай кватэрай у элітным пасёлку Лагожаску. Заяўнік мяркуе, што непрыняцьце мераў можа зрабіць немагчымым выкананьне рашэньня суду, калі той пастановіць кампэнсаваць шкоду (гэта значыць, што ў Чыжа ня будзе чаго забіраць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыж 20 гадоў незаконна валодаў «Дынама». Суд перадаў футбольны клюб МенгарвыканкамуТым часам эканамічны суд Менску разглядае пазоў Япрынцава да расейца Аксенцьева наконт незаконнасьці продажу долі першага ў «Трайпле» (16,5%), а ягоная доля магла каштаваць каля 50 млн даляраў, што значна больш за суму запазычанасьці Япрынцава.
«Трайпл» нядаўна апынуўся ў «чорным сьпісе» падатковай інспэкцыі, бо ўжо тры гады працуе са стратамі. Хоць чатыры гады таму кампанія Чыжа была адным з самых прыбытковых прыватных бізнэсаў краіны.
Праблемы «Трайпла» пачаліся ў 2015 годзе. Менавіта ў тым годзе быў затрыманы адзін з заснавальнікаў і саўладальнікаў кампаніі Ўладзімер Япрынцаў. Ягоная доля ў «Трайпле» перайшла ў рукі Аксенцьева і Маміяшвілі. Япрынцава апраўдалі, ён выйшаў зь СІЗА летам 2016 году, а тэрмін зьняволеньня атрымаў ягоны сын Казьбек Япрынцаў са сваім партнэрам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў бізнэсоўца Казьбека Япрынцава, затрыманага пасьля заявы Чыжа