Аляксандар Лукашэнка памілаваў сына бізнэсоўца Ўладзімера Япрынцава. Яго вызвалілі 7 сьнежня.
Сын Уладзімера Япрынцава Казьбек, якога асудзілі за махлярства ў 2016 годзе, выйшаў на волю. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на крыніцы, блізкія да бізнэсмэна Япрынцава.
«Казьбек выйшаў на волю ў пятніцу. Прэзыдэнт задаволіў яго хадайніцтва аб памілаваньні, — сказаў суразмоўца. — Памілаваньне не вызваляе ад адказнасьці па грамадзянскіх пазовах — ад даўгоў ні Казьбек, ні яго бацька ніколі не адмаўляліся», — удакладніла крыніца Tut.by.
Казьбек Япрынцаў адбыў у зьняволеньні пасьля суду 2 гады і 3 месяцы з вызначаных прысудам 8 гадоў.
Уладзімер Япрынцаў і Юры Чыж былі бізнэс-партнэрамі з 1990-х гадоў. У жніўні 2015 году Ўладзімера Япрынцава затрымалі разам зь ягоным сынам Казьбекам паводле абвінавачаньня ў махлярстве.
Прычына — заява Юрыя Чыжа ў КДБ. Казьбек Япрынцаў ад імя кампаніі «Трайпл» заключаў дамовы з партнэрамі, не разьлічваўся за пастаўкі і меў шмат даўгоў. Каб пакрыць сынавы даўгі, Уладзімер Япрынцаў перадаў 33% свайго капіталу ў «Трайпле» бізнэсоўцам Маміяшвілі і Аксенцьеву. У жніўні 2016 году Казьбека Япрынцава асудзілі на 8 гадоў за махлярства ў асабліва буйным памеры.
Справу Ўладзімера Япрынцава перакваліфікавалі на ўкрываньне злачынства і прысудзілі штраф 10 500 рублёў. У сакавіку 2016 году за нясплату падаткаў затрымалі і Юрыя Чыжа — у верасьні таго ж году пасьля сплаты шкоды яго вызвалілі.