Папа Рымскі Францішак зацьвердзіў новы тэкст малітвы «Ойча наш», якую выкарыстоўваюць усе хрысьціяне. Кіраўнік Каталіцкай царквы пастанавіў ужываць замест словаў «ня ўводзь нас у спакусу» радок, які можна перакласьці як «ня дай нам паддацца спакусе».
Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько патлумачыў Свабодзе, што ў іх пакуль нічога не зьмянілася, але гэта «справа часу». Ці карэктаваць беларускі тэкст малітвы, будзе вырашаць Канфэрэнцыя біскупаў. Санько пакуль складана сказаць, калі менавіта будзе разгляд пытаньня.
Навошта карэктаваць малітвы
Рашэньне папы Францішака Санько ня лічыць надзвычайным: і мова мяняецца, і разуменьне мовы мяняецца, і ў нейкі момант будуць мяняцца пераклады Сьвятых Пісаньняў. Ён зьвяртае ўвагу на іншы аспэкт: гэта не «мяняюць малітву», а ўдакладняюць пераклад малітвы, даюць іншае тлумачэньне.
Лічыцца, што малітву «Ойча наш» сам Хрыстос даў як узор сваім вучням, і на ягонай мове (старажытным дыялекце арамейскай мовы) малітва не захавалася, найдаўнейшыя пераклады — на старажытнагрэцкую.
Юры Санько адзначае, што ў мове, на якой размаўляў Езус, кожнае слова мае шмат значэньняў. Так і ў іншых старажытных мовах. Ён прыводзіць такі прыклад: слова «шалом» (שָׁלוֹם) на іўрыце звычайна перакладаюць як «мір», але яно значыць і «спагада», і «спакой», і іншае. Або слова «любоў» уключае таксама значэньне адказнасьці за другога. І пераклады малітваў — спроба перадаць глыбіню сказанага на іншай мове.
«Што да малітвы «Ойча наш», то Хрыстос казаў, што спакусы будуць заўсёды, і гора таму, праз каго гэтая спакуса прыходзіць у сьвет, – кажа Санько. – Ня трэба дзівіцца, што ёсьць такія ўдакладненьні. Усё залежыць ад таго, наколькі мы гатовыя прыняць гэты пераклад, гэтую адказнасьць, калі мы адкрываем для сябе іншы сэнс.
Сэнс малітвы не зьмяняецца, глыбіня малітвы не мяняецца, а мяняецца лёгкасьць разуменьня для нас. Мы просім у Бога падтрымкі ў тых спакусах, якія ўжо існуюць у сьвеце».
Айцец Юры тлумачыць, што спакусай можна лічыць нават цукеркі ў краме: вось яны ляжаць, іх магчыма ўзяць і зьесьці, але ж іх трэба купіць, заплаціць за іх, а ня красьці.
Хутчэй за ўсё, для праваслаўных беларусаў малітва ня зьменіцца: у Беларускай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату ня бачыць сэнсу мяняць яе тэкст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Юры Санько: у нас з праваслаўнымі адзін Бог