Падчас візыту ў Румынію 2 чэрвеня Папа Рымскі Францішак прынёс прабачэньні цыганам за дыскрымінацыю, якую яны зазналі з боку Рымска-каталіцкай царквы, паведамляе AFP.
«Я прашу аб дараваньні, у імя Царквы і Госпада. За ўсе тыя часы ў гісторыі, калі мы дыскрымінавалі, дрэнна ставіліся ці глядзелі на вас скоса, — заявіў пантыфік, зьвяртаючыся да цыганскай супольнасьці ў горадзе Блаж. — Мне цяжка на сэрцы. Цяжка ад шматлікіх выпадкаў дыскрымінацыі, сэгрэгацыі і дрэннага абыходжаньня, якія зазналі вашыя грамады. Гісторыя кажа нам, што і хрысьціяне, уключна з каталікамі, дапускалі падобныя злачынствы».
«Абыякавасьць спараджае забабоны, сілкуе гнеў і крыўду. Як часта мы выказваем пасьпешлівыя думкі словамі, якія джаляць, стаўленьнем, якое сее нянавісьць і раскол!» — працягнуў Францішак.
Раней пантыфік прылічыў да ліку блажэнных сем біскупаў Грэка-каталіцкай царквы, якіх пасадзілі ў румынскія турмы і катавалі за камуністычным часам.
«Новыя блажэнныя пакутавалі і ахвяравалі жыцьцём, выступаючы супраць сыстэмы таталітарнай і прымусовай ідэалёгіі», — заявіў папа Францішак, зьвяртаючыся прыблізна да 60 тысяч вернікаў, якія прыйшлі на імшу на «Поле свабоды» ў Блажы.
Як адзначыў папа Францішак, «гэтыя пастыры, пакутнікі веры, сабралі і пакінулі румынскаму народу каштоўную спадчыну, якую можна перадаць двума словамі: свабода і міласэрнасьць».
Цыганы складаюць каля 10 адсоткаў 20-мільённага насельніцтва Румыніі. Многія зь іх жывуць у беднасьці і на працягу стагодзьдзяў пакутавалі ад дыскрымінацыі і абразаў.
28 кастрычніка 1948 году ўлады арыштавалі біскупаў, прылічаных папам да ліку блажэнных, абвінаваціўшы іх у «здрадзе» пасьля таго, як яны адмовіліся прыняць праваслаўе.
Грэка-каталіцкая царква была абвешчаная па-за законам пры камуністычным рэжыме, які панаваў у Румыніі з 1948 па 1989 год.
У Беларусі паводле перапісу насельніцтва 2009 году жывуць больш за 7 тысяч цыганоў. Самі цыганы называюць іншую лічбу — блізу 60 тысяч. Афіцыйна працаўладкаванымі лічацца блізу 10 адсоткаў цыганоў. Цыганы наракаюць, што іх не бяруць на працу з прычыны нацыянальнасьці.
Як паказвае сучаснае дасьледаваньне грамадзкай ініцыятывы Romaintegration, 80% цыганоў у Беларусі сутыкаліся з этнічным прафіляваньнем у выглядзе затрыманьняў, шматразовай дактыляскапіяй і канфіскацыяй транспартных сродкаў.
16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі цыганоў, аднак пасьля ў міліцыі заявілі, што асноўная вэрсія здарэньня — суіцыд.
Толькі ў Магілёве ў месцах кампактнага пражываньня цыганоў тады затрымалі каля 100 чалавек: жанчын, непаўналетніх дзяцей і мужчын. Частку зь іх пазьней вызвалілі, а каля 50 мужчын затрымалі на трое сутак. Адносна іх пазаводзілі адміністрацыйныя справы за нібыта дробнае хуліганства. Затрыманьні адбываліся таксама ў Гомлі і па ўсёй краіне.
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што ў яго «няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі», але пазьней перад імі ўсё ж папрасіла прабачэньня кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.