Пра зьнікненьне крыжоў Свабодзе паведаміў адзін зь лідэраў пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим», сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Зьніклі тры з чатырох белых крыжоў, якія стаялі за плотам на тэрыторыі Курапатаў з заходняга боку, дзе месьціцца рэстарацыя.
«Відаць, гэта было зроблена сёньня ў першай палове дня ці ноччу, бо трава і кветкі, якія былі вакол крыжоў, выкапаныя, але яшчэ не засохлі», — лічыць Севярынец.
Зьніклыя крыжы былі добра відаць ад уваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», а таксама з кальцавой аўтадарогі, адзначыў Севярынец.
«Альбо ўсё ж адбываецца горшае, пра што мы шмат разоў казалі, — што Курапаты па-ціхаму, па крыжу, але паступова зьнішчаць на загад уладаў. Альбо гэта нечая самадзейнасьць. Не выключаю, што і кагосьці з рэстарацыі, бо ад яе гэтыя крыжы былі добра бачныя, што называецца, мулялі вока, а цяпер ім стала „чысьцей“. Але ў любым выпадку ніводзін факт вандалізму ў Курапатах да канца не расьсьледаваны, вось разбурэньне мэмарыялу і працягваецца», — мяркуе Павал Севярынец.
Атымаць камэнтар у Бараўлянскім спэцлясгасе, які адказвае за тэрыторыю, не ўдалося — ніхто ня ўзяў слухаўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Побач з «Дарогай сьмерці». 10 фактаў пра будаўніцтва выставачнага цэнтру ля КурапатаўУ канцы 2018 году ў Курапатах быў апаганены дзяржаўны мэмарыяльны знак, усталяваны на ўзвышшы.
У пачатку 2019 году двойчы бурылі і ў выніку зьнішчылі лаву Клінтана — мэмарыяльны помнік, які яшчэ ў 1994 годзе адкрыў у Курапатах прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.
Па гэтых фактах Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы, але вінаватых дагэтуль не знайшлі.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.