Заснавальнік парталу TUT. BY Юры Зісер і ягоная жонка пісьменьніца і культуроляг Юлія Чарняўская наведалі месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій Курапаты, а таксама падышлі да варты ля рэстарацыі «Поедем поедим».
Раней Юры Зісер ахвяраваў шмат грошай на курапацкі мэмарыял. Ён разам з жонкай у сацыяльных сетках выказвалі сваё абурэньне «кражыломам» у Курапатах, летась бралі ўдзел у Ночы расстраляных паэтаў ва ўрочышчы.
Вось як апісвае Юлія Чарняўская свае ўражаньне ад наведваньня Курапатаў.
«Курапаты ў дні Радаўніцы. Лес смутку. А вазончыкі на сеткаватым плоце — ноў-хаў упаўнаважаных асоб. Замест крыжоў — "прыгожанькі парадачак". Пры нас пад’ехала машына, кіроўца папрасіў дзьве "цікавыя ўлётачкі" і паехаў у рэстаран. Дарэчы, ніхто яму перашкодаў не рабіў: у падучкі ня біўся, ня кусаў яго за нагу ці за кола і пад машыну не кідаўся. Ну, можа, камусьці перадасьць улётку, хто зразумее...».
Падзякаваў Юрыю Зісеру і Юліі Чарняўскай абаронца Курапатаў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць
У Курапатах 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.
Што такое Курапаты?
Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.
Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».
Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.
Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.
Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.
Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.