Мінабароны паставіла помнік на магіле Аляксандра Коржыча. Фота

Помнік на магіле Аляксандра Коржыча. Фота Сяргея Канапляніка.

Зрабіць гэта абяцаў маці загінулага салдата асабіста міністар абароны Андрэй Раўкоў.

Пра тое, што Міністэрства абароны паставіла помнік на магіле Аляксандра Коржыча, Свабодзе паведаміла маці загінулага Сьвятлана. Першапачаткова помнік зьбіраліся паставіць да дня нараджэньня Аляксандра 15 красавіка, аднак зрабіць гэта атрымалася толькі незадоўга да Радаўніцы.

«Паставілі помнік, засталося яшчэ крыху добраўпарадкаваць там, плітку пакласьці, але помнік ужо стаіць, — расказала Сьвятлана Коржыч. — Хадзілі ўчора з ваенкомам на могілкі, глядзелі, што яшчэ трэба зрабіць. У ваенкамаце кажуць, што грошай больш няма ў іх. Калі так, то я сама дараблю. Дзякуй і на гэтым».

Сьвятлана ня ведае, колькі дакладна грошай Мінабароны пералічыла на помнік. Жанчына кажа, што падобны помнік у Пінску можа каштаваць каля 10 тысяч рублёў. Раней на магіле Аляксандра стаяў драўляны крыж, пастаўлены падчас пахаваньня. Як расказала Сьвятлана Коржыч Свабодзе, паставіць помнік на магіле яе сына паабяцаў асабіста міністар абароны Андрэй Раўкоў. Гэта адбылося падчас асабістага прыёму ў міністэрстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Коржыч тры гадзіны гутарыла зь міністрам абароны Андрэем Раўковым. Пра што яны гаварылі



«Мне падабаецца, добры помнік, — дадае Сьвятлана Коржыч. — Адзінае, што пасьля сьвятары адмаўляліся асьвяціць яго. Мы пайшлі прасіць разам зь сястрой Сашы. Спачатку адзін не захацеў, потым яшчэ адзін. Ды яшчэ нам у рукі ўсунуў картку з малітвай за суіцыднікаў. Вельмі крыўдна было... У выніку знайшоўся яшчэ адзін сьвятар, малады. Ён асьвяціў».

Аляксандар Коржыч трагічна загінуў на тэрыторыі Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў барысаўскіх Печах у канцы верасьня 2017 году. Яго цела было знойдзенае павешаным у падвале мэдычнай роты толькі праз тыдзень пасьля здарэньня. Першапачаткова Мінабароны назвала выпадак шараговым суіцыдам, аднак пасьля розгаласу ў СМІ ў Печах адбыліся масавыя затрыманьні сяржантаў і афіцэраў, а кіраўнік навучальнага цэнтру страціў пасаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд разгледзеў скаргу на прысуд у справе Коржыча



Суд у справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча прайшоў восеньню 2018 году. Трое яго былых сяржантаў былі прызнаныя вінаватымі ў дзеяньнях, якія сталі прычынай самагубства салдата, і атрымалі ад 6 да 8 гадоў зьняволеньня. Яшчэ дзясяткі вайскоўцаў зь Печаў, у тым ліку адзін афіцэр, былі асуджаныя за іншыя злачынствы.

Маці Аляксандра Коржыча ня згодная з рашэньнем суду. Яна настойвае, што яе сын стаў ахвярай забойства.