Журналісты розных пакаленьняў абмяркоўваюць выклікі часу — што мяняецца, а што застаецца нязьменным. Юры Дракахруст, Наста Пілюгіна, Ганна Соўсь і Антон Трафімовіч абмяркоўваюць стаўленьне розных пакаленьняў беларусаў да прамоваў і заяваў Аляксандра Лукашэнкі.
Сьцісла
- Лукашэнка як дождж ці сьнег, якія ня можаш зьмяніць, але можна ўзяць парасон
- У стаўленьні да Лукашэнкі няма таго, што было на выбарах ва Ўкраіне: мы ня хочам гэтага
- Ёсьць і такая Беларусь, якая рэагуе не на сэнс, а на інтанацыю, на тэмбар, які задае Лукашэнка
- Cябры, не зьвязаныя з палітыкай ці журналістыкай, ня сочаць, але адчуваюць, што праз тыдзень-месяц прамовы Лукашэнкі ўплываюць на іх сфэру дзейнасьці
Як успрымае Лукашэнку пакаленьне 25-гадовых
Ганна Соўсь: Якую бы мэтафару вы ўжылі бы, каб вызначыць, як успрымае Лукашэнку пакаленьне 25-гадовых, у якіх усё жыцьцё прайшло пры ягонай уладзе. Напрыклад, мая мэтафара — Лукашэнка як дождж ці сьнег, якія ня можаш зьмяніць, але можна ўзяць парасон...
Наста Пілюгіна: Я ўсё сваё жыцьцё пражыла пры Лукашэнку. Мне 22 гады, і я ўспрымаю Лукашэнку як мітычны пэрсанаж, гэтак жа як і Зянона Пазьняка, якому нядаўна споўнілася 75 гадоў. Ён неяк апасродкавана ўплывае на жыцьцё, але часам пра яго ты можаш забыцца і будаваць свае пляны з маленькім адсоткам, што нешта можа раптоўна зьмяніцца. Маё асяродзьдзе і сябры — апалітычныя, яны не зьвяртаюць увагі на тое, што палітыка і Лукашэнка могуць уплываць на іх жыцьцё.
Антон Трафімовіч: Гэта такі стары сэрвант, які і надакучыў, і выкінуць яго шкада. З аднаго боку ён састарэў, а зь іншага боку ён можа быць і чымсьці карысным, бо там ляжаць нейкія рэчы, хоць імі рэдка карыстаесься. І прызвычаіўся да гэтага сэрванту, і не ўяўляеш кватэру безь яго. І столькі сямейных гісторый, але пры гэтым трэба рабіць эўрарамонт.
Юры Дракахруст: Я сам чалавек немалады, таму мне складана сказаць, як моладзь ставіцца. Але я зьвярнуў увагу, што ў адказах Насты і Антона не прагучала адной рэчы — што моладзь адкідае, адмаўляе гэта. Няма таго, што мы бачылі на апошніх выбарах ва Ўкраіне: аб’яднаньня мільёнаў людзей вакол адмаўленьня існага ладу: У Беларусі, нават сярод моладзі, няма гэтага масавага адчуваньня: гэтаму — не, гэта — агідна, мы ня хочам гэтага, гэта прэч любой цаной. Гэтага чароўнага слоўца не сказалі ні Наста, ні Антон.
Пляжнае фота замест прамовы Лукашэнкі
Ганна Соўсь: Нам усім даводзіцца шмат працаваць з заявамі Аляксандра Лукашэнкі, слухаць шматгадзінныя прамовы, запісваць камэнтары на бясконцыя заявы з розных нагодаў. Праца такая. Некалькі гадоў таму блогерка Даша Каткоўская падчас даўжэзнай прамовы Лукашэнкі выставіла свой фотаздымак на пляжы бязь верхняй часткі купальніка. Маўляў, глядзіце лепей на гэта, абмяркуйце лепей гэта, чым чарговую прамову самі ведаеце каго. Па вашым назіраньням, за чвэрць стагодзьдзя якая частка людзей сьвядома ігнаруе прамовы і заявы Лукашэнкі і жыве ў сваім сьвеце? Ці гэта немагчыма і ягоныя словы дастануць паўсюль?
Наста Пілюгіна: Я сачу за прамовамі Лукашэнкі з 2008 году. Калі я была маленькая і прыходзіла дадому са школы, пасланьне Лукашэнкі трансьлявалі ўсе каналы. Мае сябры, не зьвязаныя з палітыкай ці журналістыкай, ня сочаць, але адчуваюць, што праз тыдзень-месяц прамовы Лукашэнкі ўплываюць на іх сфэру дзейнасьці. Некаторы час былі папулярныя ў твітэры падсумаваньні і мэмы з пасланьня Лукашэнкі. Напрыклад, сёлета я паглядзела тэлетрансьляцыю некалькі хвілінаў, а далей чытала сьцісла яго прамовы на гадзіньніку.
Антон Трафімовіч: Я меркаваў бы па тым, колькі людзей рознага ўзросту глядзяць тэлевізар, бо гэта асноўны канал камунікацыі, празь які Лукашэнка «трапляе» у масы. І тут гаворка ідзе не пра пэўны ігнор, а пра тое, што Аляксандар Лукашэнка няправільна выбраў сваю камунікатыўную стратэгію ў дачыненьні да моладзі. Ён кантралюе шмат газэт і тэлеканалаў, але ўсё больш людзей іх не глядзяць і не чытаюць. І таму да іх даходзяць толькі самыя гарачыя цытаты пра карову з Асьвенціма ці пра «распранацца і працаваць». Мае сябры, напрыклад, рэгулярных прамоваў-навінаў пра Лукашэнку ўвогуле ня ведаюць, яны жывуць у паралельным інфармацыйным сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размова з Лукашэнкам бяз «пятай калёны»Юры Дракахруст: Я прыгадваю расповед Сьвятланы Алексіевіч. Яна мае дом у вёсцы. Неяк зайшла да суседкі, немаладой мясцовай жыхаркі, у той уключаны тэлевізар, па ім нешта вяшчае Лукашэнка. Алексіевіч пытае гаспадыню: «А што гаворыць?» Тая адказвае: «Ды я не разумею, але б слухала ўсё жыцьцё». Ёсьць і такая Беларусь, якая рэагуе нават не на сэнс, а на інтанацыю, на тэмбар, які задае Лукашэнка. Зараз гэта больш звычка, няма ўжо такога імпэту, такога зачараваньня, якое было калісьці.
У 1994 годзе пасьля выбараў я размаўляў з адным заходнім дыпляматам. Ён мне расказаў, што падчас кампаніі некалькі дзён езьдзіў за камандай Лукашэнкі і наведваў усе яго выступы. Гэты дыплямат казаў, што ён ня столькі слухаў Лукашэнку, колькі глядзеў на рэакцыю аўдыторыі, як яго слухалі. І празь некалькі дзён дыплямат прыехаў у Менск у пасольства і адбіў тэлеграму ў сваю сталіцу: «Прэзыдэнтам гэтай краіны будзе Лукашэнка». Я бачыў, якімі вачыма глядзелі на яго людзі, і мне ўсё стала зразумела — патлумачыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Народжаныя пры Лукашэнку. Дзяўчаты 1994-1995 гадоў нараджэньня пра 23 гады з адным прэзыдэнтам«Лукашэнку лепш даваць у загаловак»
Ганна Соўсь: Нядаўна былы палітвязень Мікола Дзядок у сваім допісе ў ФБ папракнуў Свабоду, зрабіўшы скрыншот нашай старонкі, што мы даем празьмерна цытатаў Лукашэнкі і тэкстаў, зьвязаных зь ім. У той дзень на сайце былі заявы Лукашэнкі пра Сталіна і Курапаты, найбольш яркія цытаты з пасланьня, аналіз і прагноз, як могуць скласьціся адносіны Лукашэнкі і Зяленскага. Паводле Дзядка, ня трэба незалежным СМІ перапаўняць гэтым імем свае старонкі і эфіры. Ці вы згодныя?
Наста Пілюгіна: Важна найперш, што тады гэта была тэма дня. А ў звычайны будзённы дзень Лукашэнка можа зусім не зьяўляцца на старонках Свабоды і іншых мэдыяў. Некаторы час была больш папулярная тэма ўкраінскіх выбараў. Кожны дзень мае свой парадак, магчыма, гэта трэба дазіраваць пры выстаўленьні сайтавых публікацый на сацыяльныя сеткі. Але калі людзі ў сацыяльных сетках ведаюць тэму дня, яны ставяць фільтры на пэўныя словы ці хэтштэгі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будуць пераемнікі і ці зьявіцца новая Канстытуцыя? Лукашэнка адказаў на пытаньні СвабодыАнтон Трафімовіч: Мэдыі ня маюць права ігнараваць важных рэчаў, якія здараюцца. І заявы Лукашэнкі — гэта, як бы да гэтага ня ставіліся, важныя рэчы. Ягоныя выказваньні ўплываюць на нашае жыцьцё. Сказаў, каб пераклалі «хуткасны рэжым», яго і зрабілі па-расейску. Сказаў, каб разабраліся з крыжамі, дык у Курапатах іх дэмантавалі. Пры тым, што гэта адзіны вядомы і пазнавальны палітык у Беларусі, падабаецца гэта камусьці ці не.
Юры Дракахруст: Лукашэнку лепш даваць у загаловак, бо гэта прываблівае чытача. У спадара Дзядка крыху спрошчанае ўяўленьне пра рамяство журналіста. Парадак дня мэдыя журналісты вызначаюць не адвольна, інфармацыйны парадак дня ў рэшце вызначаецца грамадзтвам. Грамадзтву цікава пра Лукашэнку чытаць, слухаць і глядзець. І мы вымушаныя пра ягоныя прамовы распавядаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто праігнаруе Аляксандра Лукашэнку? Поўнае відэаА чаму сп-р Дзядок не дае такія парады Reuters, AP, France-press? Яны б з такіх парадаў проста пасьмяяліся б. А чаму беларускія незалежныя журналісты павінныя рэагаваць на гэта інакш? Лукашэнка — чалавек, які прымае рашэньні. Ягоныя заявы ператвараюцца ў дзеяньні, якія тычацца людзей наўпрост. Тое, што тычыцца людзей, іх і цікавіць. Неабавязкова і ня варта даваць гэта ва ўсіх дэталях. Многія, асабліва моладзь, хоча спажываць гэтую інфармацыю ў дайджэставым фармаце — асноўныя тэзы. Мала хто будзе слухаць 7 гадзінаў, акрамя хіба той суседкі Алексіевіч. Калі грамадзтву будзе нецікава чытаць пра прамовы Лукашэнкі, мы ня будзем пра гэта пісаць.
Якія фарматы прыдатныя для заяваў Лукашэнкі
Ганна Соўсь: Калі ўсё ж не выпадае праігнараваць Лукашэнку, у якіх фарматах лепей працаваць зь ягонымі заявамі і прамовамі? Правяраць факты, аналізаваць, рабіць калажы, іранізаваць?
Наста Пілюгіна: Вядома, што нельга трансьляваць чые б гэта не былі словы без другога боку. Тое самае і з Лукашэнкам, важна правяраць яго словы. У Свабоды ёсьць праект фактограф, дзе журналісты правяраюць спрэчныя заявы. Ня толькі ў фактографе, але і ў любым іншым матэрыяле варта пісаць, як ёсьць насамрэч. Ня выпадае даваць цытату цалкам, калі яны ўтрымліваюць мову варожасьці. Тыя ж словы Лукашэнкі могуць уплываць на нешта, але і ўтрымліваць мову варожасьці ці непрымальныя выказваньні. Напрыклад, калі Лукашэнка выказаўся пра Курапаты напярэдадні каталіцкага Вялікдня, прагучаў выраз «Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя». Казімір Сьвёнтак памёр 8 гадоў таму, гэтую цытату не далі прэс-службы і БелТА. І толькі позна ўвечары гэтыя словы зьявіліся ў вечаровым эфіры тэлебачаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Курапаты: «Каталікі там пачалі вазбухаць — Сьвёнтак і яшчэ іншыя»Антон Трафімовіч: Сапраўды, фактчэкі і захады, каб лавіць любога прамоўцу, у тым ліку Лукашэнку, на слове, і правяраць, ці гэта адпавядае рэчаіснасьці — гэта самае прафэсійнае, што журналіст мусіць рабіць. Некаторыя выданьні іранізуюць. Радыё Рацыя робяць такія калажы, што, як па мне, выглядае трошкі стараватым фарматам.
Калі ў Беларусі вельмі доўга рос курс даляра, і навіны пра гэта атрымліваліся амаль аднолькавымі штодня, Онлайнер праводзіў конкурс сярод чытачоў на найлепшы загаловак для навіны, якая не зьмяняецца. Часам такія рэчы варта рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая частка жыцьця Лукашэнкі прайшла пры Лукашэнку. Адной карцінкайПрыгадваю, як летась на Свабодзе замест навіны пра чарговую гадавіну прыходу Лукашэнкі да ўлады і напісаньня палотнішчаў, што здарылася ці ня здарылася за гэты час, зрабілі «Калькулятар Лукашэнкі». Калі чалавек уводзіў дату сваіх народзінаў, і яму аўтаматычна паказвалася, колькі працэнтаў ягонага жыцьця прайшло пры Лукашэнку. Гэта просты інструмэнт, але вынікі ўражваюць. Ён хутчэй да эмоцый скіраваны, і гэта таксама было адыходам ад клясычнага асьвятленьня дзейнасьці Лукашэнкі.
Юры Дракахруст: Мае падыходы можа ў нечым аднастайныя і старамодныя, я ўсё ж палітычны аналітык. Калегі ўжо казалі пра тое, што зараз значна больш шырокі народ інструмэнтаў працы з такой інфармацыяй. Можна рабіць той жа фактчэкінг, тыя ж фотажабы, калажы, сьціслае выкладаньне галоўнага зьместу сказанага — гэта ўсё асобныя жанры. Паўтару, што тое, што гаворыць Лукашэнка, адбіваецца на жыцьці людзей наўпрост вельмі часта. Той жа крыжалом у Курапатах: гэта ён сказаў, ён загадаў і гэта было зроблена. Фактычна крыжы валіў ён. Ведаць пра гэта, мне здаецца, было важна.
Ці можна азадачыць Лукашэнку
Ганна Соўсь: Лукашэнка вельмі даўно не ўдзельнічае ў рэальных дыскусіях, найчасьцей адказвае на падрыхтаваныя пытаньні, гаворыць без часовых і іншых абмежаваньняў. Калі яму задаюць пытаньні журналісты незалежных СМІ, ён спрабуе фармат «пытаньне-адказ» перавесьці ў фармат дыскусіі і прэсінгаваць журналіста. Як вам падаецца, які найлепшы плян, стратэгія для таго, хто зможа атрымаць магчымасьць гаварыць з кіраўніком у жывым эфіры? Ці магчыма азадачыць Лукашэнку ў сапраўднай дыскусіі?
Юры Дракахруст: У 1994 годзе я задаваў пытаньне Лукашэнку на яго тэледэбатах зь Кебічам. Я не сказаў бы, што ён тады ўдала мне адказаў. Другі раз, пасьля рэфэрэндуму 1996 году, я спытаў яго пра аўдыёзапіс з хваласьпевамі Гітлеру, якую напярэдадні пракруцілі па расейскім тэлебачаньні. Ён мне адказаў: «Гэта вы сказалі. Наступнае пытаньне». Не адказаў, словам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыйшоў, паспрачаўся, перамог? Як дэбаты кандыдатаў мянялі хаду перадвыбарнай кампанііВельмі цяжка сказаць, якая стратэгія слушная. Я бачу тут пэўную аналёгію з украінскімі дэбатамі Зяленскага і Парашэнкі, фармат якіх Зяленскі накінуў Парашэнку. Гэта былі не дэбаты, гэта быў батл. Батл — гэта такая з аднаго боку звышсучасная рэч, жанр, а зь іншага — вельмі архаічная, традыцыйная. Тое, што мы бачылі на кіеўскім стадыёне — гэта ўзор такога вясковага перабрэху, лаянкі, прычым, вельмі часта жаночай: А ты такая... А я пра цябе вось тое ведаю... А ты сама... Гэта было менавіта ў такой стылістыцы, бо на пытаньні не адказваў ні Парашэнка, ні Зяленскі.
І гэта стылістыка дыскусіяў Лукашэнкі. Ён з аднаго боку такі олдскульны, а з другога — сучасны. Ён батлам адказвае на любыя нязручныя для яго пытаньні журналістаў: ён іх зьневажае, ён мяняе тэму, ён пераварочвае пытаньне. Як яго перагуляць? Трэба ўмець батліцца. Гэта не залежыць ад розуму, ад лёгікі, трэба ўмець спрытна і прыгожа абражаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА пра сацыяльныя праблемы, Свабода — пра зьмену ўлады: Што пыталіся журналісты ў ЛукашэнкіАнтон Трафімовіч: Пытаньне, напэўна, не ў стратэгіі, а ў чалавеку і харызьме. Перайграць Лукашэнку можа толькі чалавек ягонага ўзроўню аратарства, самаўпэўненасьці, вынаходлівасьці апэляваць рэчамі, якіх не існуе, але ён вельмі ўпэўнена можа пра гэта заяўляць. Адукаваны чалавек сабе такога ня можа дазволіць, бо ён ня можа спасылацца на рэчы, у якіх ён не разьбіраецца і якіх ён дакладна ня ведае. Патрэбны нейкі Лукашэнкі № 2.
Наста Пілюгіна: З батлаў апошніх гадоў можна прыгадаць дыскусію Яраслава Раманчука падчас сакавіцкай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі. Ён якраз паказаў прыклад батлу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калгас імя Яраслава РаманчукаЧалавеку, які ходзіць на такія сустрэчы і мае магчымасьць задаць пытаньні, важна ўсьведамляць, што прэс-служба Лукашэнкі ведае пра запрошаных амаль усё і перадаюць гэтую інфармацыю Лукашэнку. Хто сямʼя, чым займаюцца. Лукашэнка можа такімі бытавымі рэчамі скарыстацца, граць на публіку і задушыць гэтага чалавека, адказваючы на пытаньне.
Антон Трафімовіч: Але Раманчук хоць і батліўся, але ў выніку ўсё адно застаўся накаўтаваным. Выглядала, што ён ціснуў, ціснуў, але ўсё адно яго Лукашэнка ў канцы абрэзаў: «Куды вы людзей выкінеце, пра людзей падумайце. Давай, Яраслаў, едзь, падымай калгас, калі ты такі разумны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць самых жорсткіх пытаньняў Лукашэнку. Задайце сёмаеГанна Соўсь: У свой час намесьніца галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Марына Коктыш спытала на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнку, ці будзе яму лепш спаць па начах, калі ён памілуе палітвязьняў. На што кіраўнік дзяржавы сказаў, што, каб ведаць як я сплю, трэба са мной спаць. Прабачце, я вам не прапаноўваю«. І Марына Коктыш у адказ сказала: «Дзякуй, я адмоўлюся».
Пра што гавораць твары чыноўнікаў
Ганна Соўсь: У відэатрансьляцыі з апошняга пасланьня цікавымі для аналізу былі выразы твары чыноўнікаў і дэпутатаў, як яны слухалі Лукашэнку. На маё ўражаньне, амаль аднолькавы выраз твару быў ва ўсіх. Што вам гавораць твары тых, хто слухае Лукашэнку гадзінамі?
Наста Пілюгіна: Мне здаецца, што чыноўнікі, запрошаныя на такія сустрэчы, ня ставяць мэтай вынесьці нешта з сустрэчы, для іх гэта звычайная працоўная руціна. Калі мы зьвернем увагу, то заўважым, што нехта засынае, сьпіць ці блізкі да такога стану. Гэта адзін зь іх працоўных абавязкаў, і яны яго выконваюць, каб затрымацца на пасадах. Плюс 5-7 гадзінаў бязь ежы, без прыбіральні і без вады, гэта таксама дае адбітак.
Антон Трафімовіч: Па іх бачна, што яны проста стаміліся ўсе. Стаміліся людзі слухаць рэчы, якія яны ўжо дзесяць разоў чулі. Стаміўся сам Лукашэнка, ад улады і ад самога сябе. Слухачы стаміліся, чытачы — усе. Такая абыякавасьць на іхніх тварах. Ня столькі засяроджанасьць, але гэта такая агульная стомленасьць. Выключэньне толькі — Марзалюк.
Юры Дракахруст: Чаму Марзалюк быў такі шчасьлівы, я ня ведаю. Але што да напружаных твараў, то Антон і Наста, мне здаецца, не зусім ведаюць таямніцы гэтай працы ў сучаснай Беларусі. Мне даводзілася размаўляць з даволі высокімі чыноўнікамі, і яны тлумачылі, што для службоўцаў іх узроўню гэтыя спэктаклі з удзелам Лукашэнкі значна больш насычаныя інфармацыяй, чым для шараговага гледача.
Яны адсочваюць мову цела, яны ловяць інтанацыі — каму ён усьміхнуўся, да каго зьвярнуўся па рэпліку ці даведку. Для іх гэта хіба ня самая важная інфармацыя. І калі чыноўнік гэтую інфармацыю не разумее, не ўспрымае, ён там проста ня выжыве. Некаторыя і сапраўды сьпяць, але некаторыя адсочваюць рух кожнай цягліцы на твары Лукашэнкі. Калі яны гэтага ня будуць рабіць, яны заўтра ня будуць на сваіх пасадах.