Якое пасланьне новых мэдыя? Ці замыкаюць нас сацыяльныя сеткі ў «бурбалцы» людзей, якіх мы хочам чуць? Няма бога акрамя кліку — ці гэта крэда сучаснай журналістыкі?
Гэтыя тэмы за «круглым сталом» Радыё Свабода абмяркоўваюць журналісты Юры Дракахруст, Арцём Мартыновіч, Віялета Саўчыц і Ганна Соўсь.
- Пасланьне новых мэдыя — максымальнае спрашчэньне, прымітывізацыя, думку замяняе карцінка, сэнс — кідкі загаловак
- Чалавек сацсетак — гэта чалавек з увагай рыбкі Доры
- Сацсеткі — усяго толькі спосаб дастаўкі інфармацыі да чытача
- Каб разумець грамадзтва, трэба слухаць у тым ліку і людзей абсалютна табе чужых
- Нічога з таго, чаму вучылі на журфаку, мне не прыдалося
- У цябе можа быць сто прачытаньняў, але калі вырашылася праблема канкрэтнага чалавека дзякуючы твайму артыкулу, гэта галоўнае
- Папяровыя выданьні, мяркую, памруць, але мы захаваем лес
Якое пасланьне новых мэдыя?
Дракахруст: Гуру тэорыі камунікацыяў Маршал Маклюэн некалі напісаў: The Medium Is the Message (сродак камунікацыі і ёсьць пасланьне). Якое ж пасланьне нясуць сучасныя мэдыя — сацыяльныя сеткі, інтэрнэт, чытаньне ў смартфонах? На думку некаторых — максымальнае спрашчэньне, прымітывізацыя, думку замяняе карцінка, сэнс — кідкі загаловак, пажадана каб з голай жанчынай, коцікам, Лукашэнкам, вайной, забойствам. Як той казаў — будзь прасьцей і да цябе пацягнуцца людзі.
Ці для вас такія развагі — старэчае ныцьцё: маўляў, а вось у наш час, мы былі не такімі, а куды коціцца сьвет? А можа сьвет коціцца ў правільны бок?
Саўчыц: Я ня думаю, што гэта добра ці кепска — гэта проста факт. Бо тэхналёгіі зьмяняюць нашу сьвядомасьць, уплываюць на яе, але гэта не заўжды ў лепшы бок. Чалавек сацсетак — гэта чалавек з увагай рыбкі Доры і дэфіцытам увагі, таму што ў сьвеце спасылак, клікаў і мора інфармацыі вельмі лёгка патануць.
Дракахруст: І дзе гераіня — Наста Рыбка?
Соўсь: Я не пагаджуся — і з Віялетай, і з гуру (якога вы працытавалі). Я таксама чалавек сацсетак. Сеткі — гэта спосаб дастаўкі інфармацыі да чытача. Вось была трагедыя ў Стоўпцах, туды паехалі карэспандэнты Свабоды, займаліся журналістыкай, рабілі матэрыял, і сеткі дазвалялі ім хутчэй данесьці гэтую інфармацыю, а нават часам і знайсьці інфармацыю.
У сьвеце сетак кожны сам фармуе сваю старонку, свой сьвет, і ў сьвеце сетак, як і ў сьвеце традыцыйных мэдыя, хтосьці ахвяра прапаганды і слухае, што гаворыць Лукашэнка ці Пуцін, ці расейскія прапагандысты, а хтосьці крытычна ставіцца. Таму гэта выключна спосаб дастаўкі. Фармат яго можа быць розны, але кожны спажывец гэтага можа сам зрабіць больш зручны для яго фармат.
Дракахруст: Арцём, ваша меркаваньне? Сродак камунікацыі фармуе кантэнт ці не? У свой час прыйшло радыё, тэлебачаньне — хіба яны не зьмянілі кантэнту і мовы ў параўнаньні з друкаванай кнігай?
Мартыновіч: Так, не зьмянілі. І мне падаецца, што сеткі на сёньня гэта не абсалютнае зло. Чаму? Гэта добры сродак хутка данесьці пэўную інфармацыю да вялікай колькасьці людзей. І навіны сёньня разыходзяцца праз сеткі вельмі хутка. Гэта зусім іншая мова камунікацыі з чытачом. Калі, напрыклад, на сайце гэта нейкая афіцыйная інфармацыя, то ў сетках падпісанты гэтага СМІ — гэта сябры гэтага СМІ, і ты зь імі гаворыш на іншай мове. Калі на сайце ты кажаш: «Прывітаньне, дарагія чытачы», на радыё — «Дарагія слухачы», на тэлебачаньні — гледачы, у сетках ты пішаш: «Хай, сябры, а вось глядзіце, што я знайшоў, што я данёс». Гэта вакно ў сьвет для данясеньня да людзей інфармацыі як мага больш хутка і апэратыўна.
Ці лепш мы чуем грамадзтва з «бурбалкі» сацсетак?
Дракахруст: Формула «мы фармуем свой сьвет», якую вы, Ганна, ужылі — гэта сапраўды атрымліваецца так. Бо з гэтымі сеткамі ёсьць такі парадокс.
З аднаго боку — так, нам адкрыты ўвесь сьвет. Калі ласка, хоць з Аўстраліяй камунікуй, хоць з пінгвінамі ў Антарктыдзе, хоць з Дональдам Трампам — калі ласка, пачытайце, што ён напісаў 5 хвілін таму. І мы адкрытыя сьвету.
З іншага боку, наадварот, закрытыя, бо сапраўды мы ствараем свае сьветы. У нас ёсьць пэўнае кола фрэндаў і мы як бы замыкаемся на іх, і ў нас ёсьць псыхалягічны эфэкт: вось у нас 5 тысяч сяброў ці 2 тысячы, і ў нас абсалютна натуральная ілюзія — гэта і ёсьць уся Беларусь. Потым — бах, нешта ўзьнікае і высьвятляецца, што зусім ня ўся. І мы жывем вось у гэтай «бурбалцы» нашых фрэндаў, нашых зацікаўленьняў. І ці не атрымліваецца так, што раней у нас усё ж такі было большае адчуваньне, што нашая «бурбалка», нашае кола — гэта ня ўсе. А сацсеткі замыкаюць нас у гэтых «бурбалках».
Мартыновіч: З аднаго боку так. Сапраўды, калі гэта асабістая старонка, то там ёсьць пэўная колькасьць падпісантаў, сяброў — напрыклад, іх 5 тысяч, і ўсе вы пэўных перавагаў, густаў, у вас збольшага могуць быць аднолькавыя погляды, адзін узровень разьвіцьця і адукацыя, інакш вы былі б проста нецікавыя адзін аднаму. Зь іншага боку, калі мы маем старонку нейкага СМІ ў Фэйсбуку, Укантакце, у Аднаклясьніках, у Ціктоку, дзе зараз падлеткі сядзяць адны, то гэта ўсё абсалютна розныя людзі. І калі іх там, напрыклад, агулам некалькі сотняў тысяч, то там людзі будуць абсалютна розныя, з розным узроўнем адукацыі, яны будуць спрачацца паміж сабой у камэнтах, і дзесьці нейкі матэрыял можа зьмяніць стаўленьне чалавека да нейкай праблемы.
Саўчыц: Гэта насамрэч ілюзія, што мы ствараем гэтую «бурбалку». Часткова і мы ствараем, але як распавядалі амэрыканскія супрацоўнікі кампаніі Фэйсбук, яны адмыслова не дадавалі ў стужку, напрыклад, кансэрватыўныя навіны ці розныя матэрыялы ад партыі рэспубліканцаў. То бок яны ў прынцыпе ўплывалі, таму гэта ілюзія, што мы можам уплываць. Хоць зь іншага боку так, бо калі мы бачым тое, што не супадае з нашымі перакананьнямі, мы проста можам адфрэндзіць або забаніць.
Дракахруст: І пры тым ня толькі мы. Калі мы кажам пра альгарытмы сацсетак — яны так працуюць. І ня ў тым справа, што яны адкідаюць рэспубліканцаў — альгарытм на падставе вашага профілю аналізуе, што вам магло б спадабацца. І ён вам падсоўвае кніжкі, музыку, фрэндаў. І ў гэтым сэнсе «лупіна» нашай «бурбалкі» робіцца ўсё больш цьвёрдай.
Соўсь: Ну, на тое мы і інтэлектуалы, эліта, каб не застацца ў гэтай «бурбалцы» і крытычна глядзець на ўсе гэтыя мэханізмы.
«Хто за яго галасаваў?»
Дракахруст: Адзін з маіх калег-журналістаў у 1994 годзе апісаў сытуацыю, калі адбываюцца выбары. Ён выходзіць на вуліцу ў Менску і інтэлігентнага выгляду жанчына ледзь не крычыць: «Блін, хто за яго галасаваў? Пакажыце мне гэтых людзей!» І гэта было, калі Лукашэнка ў першым туры набраў каля 40%, а ў другім — за 80%. Але гэтая жанчына абсалютна была шчырая. Зь яе кола пэўна за яго сапраўды ніхто не галасаваў. Але высьвятляецца, што ёсьць нейкія іншыя колы.
Соўсь: Ну, Беларусь 25 гадоў так і жыве.
Дракахруст: Зараз тая жанчына закрычала б тое самае з большымі ці меншымі падставамі?
Соўсь: Ну, зараз гэтая жанчына не на Аднаклясьніках, не Укантакце. Магчыма, яна ў Фэйсбуку, а можа і ўвогуле ні ў якой сацыяльнай сетцы. Ёсьць вялікая колькасьць людзей, якія не жывуць у гэтых «бурбалках». Прывяду старэйшае незалежнае выданьне ў Беларусі «Народная Воля», якое толькі толькі ўваходзіць у сацыяльныя сеткі, а шмат гадоў галоўны рэдактар газэты прынцыпова не выстаўляў нават у інтэрнэт свае публікацыі, бо ягонай задачай было, каб людзі прыйшлі, купілі і падпісаліся на газэту.
Але ён арыентаваўся на больш старых людзей, якія не знаходзяцца яшчэ ў інтэрнэце. Аднак ўжо адна зь яго сталых падпісчыц — мая маці — на смартфоне чытае навіны і падпісваецца на «Народную Волю» ўжо з салідарнасьці, каб падтрымаць выданьне.
Дык тут вялікае філязофскае пытаньне, якое мы кожны дзень у нашай працы вырашаем — хто на каго больш уплывае. Але любое СМІ мае мэтавую аўдыторыю, яно мае ведаць і яе ўзрост, сацыяльны партрэт сваіх чытачоў, ляяльных чытачоў і тых, каго яны хочуць атрымаць. «Народная Воля» мае аўдыторыю сталага веку, а «Свабода» мае шмат амбіцый на пашырэньне сваёй аўдыторыі, таму яна іншую палітыку вядзе.
Мартыновіч: Сапраўды, гэтыя «бурбалкі» існуюць. Дакладней, тыя альгарытмы, якія нам часам ставяць палкі ў колы, замінаюць нешта чытаць, што мы хацелі б чытаць, ці нехта ня бачыць нашыя запісы, што мы ў Фэйсбуку ў сябе пішам.
Але на гэта існуе такі панятак, як лайфхак, і прынцыпы і мэтады абыходжаньня гэтага альгарытму. Ну, напрыклад, нядаўна ўсе казалі, вось, ад нас хаваюць пасты. У Фэйсбуку чалавек піша: пастаўце камэнт, хто хоча мяне чытаць. І альгарытм спрацоўвае так, што чалавек будзе цябе чытаць, калі ты напішаш яму камэнт. Усё гэта можна абыходзіць і разумець, як гэта працуе і спрабаваць павярнуць сабе на карысьць. Што тычыцца розьніцы паміж пакаленьнямі, то няпраўда, што старое пакаленьне не сядзіць у сацсетках — сядзіць, і больш за тое, Ганна, слушна сказала, яе маці ўжо чытае навіны на смартфоне. У мяне маці чытае навіны на смартфоне. Для яе гэта сродак атрыманьня інфармацыі, дзе ўсё добра сабрана. І я думаю, што для многіх так.
Дракахруст: Я чытаў цікавы лайфхак расейскага палітоляга Кацярыны Шульман. Яна пісала, што ведаючы межы сваёй «бурбалкі», адмыслова спрабуе выйсьці за яе межы — чытаць паблікі фашыстаў, шавіністаў, анархістаў. Людзей ёй чужых, але каб разумець грамадзтва, трэба слухаць у тым ліку і людзей абсалютна табе чужых.
Час, калі «загінуў хор»
Дракахруст: Ганна, а як яно было ў гады нашага юнацтва — на мяжы 80-х-90-х? Старэйшае пакаленьне журналістаў хіба не шалела ад тых новых стандартаў, прынцыпаў, падыходаў у мэдыя, якія нёс новы час? Для іх гэта была калясальная зьмена. Як Бродзкі калісьці сказаў у сваёй Нобэлеўскай лекцыі: Трагедыя — не калі гіне герой, гэта калі гіне хор.
І вось для старэйшага пакаленьня журналістаў, «Советской Белоруссии», БТ, нават «Знамені юності» — абрынуўся, загінуў «хор», увесь кантэкст, у якім жылі мэдыя ў СССР. Вы памятаеце гэтае іх адчуваньне, і як яны адаптаваліся?
Соўсь: Мне тут крыху складана казаць, таму што ў часы перабудовы я толькі пачала вучыцца на журфаку, які тады, адразу было бачна, быў дыназаўр. Таму што тое, па чым нас вучылі, гэта былі праграмы вось гэтых старых людзей: газэта — гэта калектыўны прапагандыст і агітатар, ленінская гэтая формула. І вучылі нас нейкім жанрам, якія не існуюць. У журналістыцы патрабавалася, каб ты прыгажэй, мэтафарычна закруціў фразу, што для мяне было нецікава. І нічога з таго, чаму вучылі на журфаку, мне не прыдалося, больш карысныя веды я атрымала, калі пазьней працавала.
Прыяжджалі заходнія экспэрты ў Менск, з «Irish Time» адзін экспэрт сказаў мне тое, чаго ніхто не гаварыў на журфаку: што ёсьць навіна, а ёсьць меркаваньне, і што гэта вельмі важна падзяляць. Але я калі пачынала сваю журналісцкую кар’еру, усё гэтае старое ўжо памірала, таму што гэта было ўжо нікому не цікава, як нікому не цікавы даўгі нарыс, клясычным чынам напісаны.
Я прыходзіла ў СМІ, якія разьвіваліся і ствараліся, і гэтага канфлікту ў мяне не было. Але такая журналістыка яшчэ заталася, дзе патрабуецца ўласнае меркаваньне аўтара. «Советская Белоруссию» калі вы пачытаеце — там таксама выснова будзе напрыканцы амаль кожнага матэрыялу. Яшчэ савецкае жыве, і яно мае спажыўца, якому трэба разжаваць, патлумачыць.
Дракахруст: Часам сьвет робіць забаўную пятлю. Я таксама памятаю, як я быў маладым чалавекам, толькі ўладкаваўся на Радыё Свабода. Я тады быў такі гарачы, рэвалюцыянер. І пісаў адпаведна. А адным з маіх настаўнікаў быў Савік Шустэр, вядомы журналіст, які зараз працуе ва Ўкраіне. Ён мне казаў: «Юра, калі ў заходняй газэце вы пішаце пра выбары і з першых радкоў зразумела, за каго будзе галасаваць аўтар, такое проста не надрукуюць». Я быў тады ўражаны такой мудрасьцю.
Але давайце паглядзім на сёньняшнія New York Times ці Wall Street Journal — там зь першых радкоў незразумела, за каго будзе галасаваць аўтар?
Соўсь: У калёнках аглядальнікаў гэта так, але ў інфармацыйных паведамленьнях — не.
Пісаць на адзін скрол у смартфоне
Віялета: Зараз трэба пісаць вельмі сьцісла, адразу пасьля ліду — коратка галоўны зьмест. Увага чытачоў трымаецца першую тысячу сымбаляў. Альбо калі гэта відэа, то 15 секунд.
Мартыновіч: Тры! Толькі тры. У Беларусі, дзякуючы незалежным мэдыя, ёсьць рынак інфармацыі, можа таму дзяржаўныя мэдыя ў пляне ўвагі чытачоў так прайграюць незалежным. Дзяржаўным мэдыя вельмі складана перабудавацца на гэтыя рэйкі, ім складана пасьпець за гэтым сьветам, які хутка разьвіваецца, яны ўжо ня могуць зачапіць увагу чытачоў. А незалежныя мэдыя хутка адаптуюцца.
На гэта часам глядзяць праз прызму нейкага канфлікту пакаленьняў, а яго няма. Насамрэч няма, бо людзі сталага пакаленьня вельмі хутка навучаюцца гэтаму. Яны ўжо асвоілі гэта. Большасьць. Так, зразумела, да вёсак гэта яшчэ не дайшло, але ў Менску, я думаю, у кожнага ёсьць смартфон.
Дракахруст: Я глядзеў сацыялягічныя апытаньні, напачатку нулявых была вельмі выразная сувязь валоданьня мабільнымі тэлефонамі і сацыяльна-дэмаграфічных парамэтраў: мабільнікі былі пераважна ў моладзі, адукаваных, жыхароў вялікіх гарадоў. Прайшло 15 гадоў — і ўсё, сувязь зьнікла, бо ўва ўсіх ужо ёсьць мабільныя тэлефоны. Тое сама адбываецца з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Яшчэ гадоў 15-20, доступ да інтэрнэту, а магчыма і ўключанасьць у сацыяльныя сеткі, ужо ня будзе скарэляваная ні са ўзростам, ні з адукацыяй, ні з тым, у горадзе ты жывеш ці ў вёсцы.
Соўсь: Наконт таго, што калі адразу не зацікавіць, тэкст не прачытаецца. Розныя ёсьць чытачы, розная ёсьць аўдыторыя. Калі мы паглядзім на найбольш цікавыя публікацыі на сайце Свабоды, то там будзе некалькі такіх навінаў, якія «стрэльнулі», але збольшага гэта будуць і лонгрыды, і вялікія інтэрвію, бо каштоўная інфармацыя, каштоўная эмоцыя, нешта арыгінальнае і эксклюзыўнае зроблена. І калі журналіст змог зачапіць і зрабіў, то ня важна, што той, хто ня ў стане чытаць больш за 15 сэкунд, ня будзе гэта чытаць. А той чалавек, дзеля каго працуеш, каму гэта цікава чытаць, прачытае.
Мартыновіч: Калі, напрыклад, чалавек цікавіцца экалёгіяй, ён будзе чытаць вялізны артыкул пра гэта, і нават калі ў цябе не такі кідкі загаловак — калі няма сэксу ці яшчэ чагосьці такога чапляльнага. Калі чалавек цікавіцца адукацыяй, ён прачытае нейкі грунтоўны аналіз абавязкова. Яшчэ адна тэза — кажуць, што дзякуючы сацсеткам людзі менш чытаюць. Але менавіта ў смартфоне яны чытаюць. Яны чытаюць сацсеткі, яны чытаюць навіны. Нельга казаць так, гэта таксама чытаньне. Па-другое, кажуць, чытаюць менш кніг. Добра: паглядзіце, колькі людзей стаіць у чарзе па сьвежую кнігу таго ж Андруся Горвата. Колькі прыходзіць на аўтограф-сэсіі таго ж Марціновіча. Людзі чытаюць кнігі.
Саўчыц: Арцём, вы аптыміст.
Дракахруст: Мне здаецца, што цяперашняе чытаньне, яго стыль, нават кніг, а тым больш навінаў — гэта сэрфінг. То бок людзі хапаюць там кавалачак інфармацыі, тут, у іншым месцы, людзі скачуць па розных плятформах, па розных крыніцах. І яны ўжо нават ня памятаюць, дзе пра нешта прачыталі. Там — у інтэрнэце, у Фэйсбуку недзе.
Саўчыц: Так, у лонгрыдах важна глядзець, наколькі іх дачытваюць людзі і калі яны адвальваюцца. Мы не заўжды ведаем, дачыталі яны тэкст да канца або проста прачыталі першы радок. І вось гэтае кліпавае мысьленьне стварае такую кашу ў галаве, што мы ня можам глыбока пагрузіцца ў нейкі матэрыял.
Соўсь: Вялікай бяды ў гэтым я ня бачу, калі не дачытаюць да канца. Калі матэрыял пабудаваны такім чынам, што галоўная ідэя схопленая, некалькі падрабязнасьцяў, важных дэталяў ёсьць, то і добра. Ёсьць аўдыторыя, якая дачытае да канца, ёсьць якая не дачытае, і нічога страшнага.
Саўчыц: Гэта ня добра і ня кепска.
Мартыновіч: А ёсьць людзі, якія два разы прачытаюць, таму што ім трэба даведацца, што там пішуць на гэтую тэму.
Няма бога акрамя кліку і лайк — прарок яго
Дракахруст: Вось мы пагаварылі пра чытачоў, а давайце пагаворым пра наша рамяство. Некалі, у час папяровых газэтаў, рэакцыя аўдыторыі была ўскоснай. Ну пісалі лісты ў рэдакцыю, адчуваў журналіст праз знаёмых, суседзяў, калегаў розгалас. А зараз усё імгненна — паглядзі клікі і ўсё зразумела. Вось гэтага 20 тысяч прачытала, а гэтага — 5. Дык хто лепшы? Каго клікнулі 20 тысячаў. Гэтак жа працуе і дэмакратыя. Некага называюць папулістам. Але за яго галасуюць. Што зробіш? Гэтак жа працуе і рынак. Чалавек прапанаваў тавар — здаецца, клясны тавар. Але не купляюць. Дык што: няма бога акрамя кліку і лайк — прарок яго? Для вас гэта так?
Мартыновіч: Не, абсалютна не. Мне падаецца, што самае галоўнае — гэта як твой тэкст, падкаст, інфаграфіка, паўплывалі на сытуацыю. У цябе можа быць сто прачытаньняў, але калі вырашылася праблема канкрэтнага чалавека дзякуючы твайму артыкулу, гэта галоўнае. Клікі і статыстыка — гэта ад розных рэчаў залежыць, напрыклад, паставілі твой матэрыял на тытульную старонку, на галоўную, а ў твайго калегі ніжэй стаіць. І твой матэрыял больш прачытаюць, гэта зразумела. Таму статыстыку трэба чытаць, трэба яе ведаць, трэба на яе рэагаваць, але не трэба рабіць зь яе бога і вырашаць, што колькасьць прачытаньняў твайго матэрыялу вызначае яго якасьць.
Соўсь: Я згодная з Арцёмам і на іншы пазытыўны момант хацела б зьвярнуць увагу. Калісьці я атрымала ліст ад Андрэя Клімава, які сядзеў у турме. Выпісвалі яму ў турму «Народную Волю», ён прачытаў нешта маё і мне напісаў водгук. Цяпер можна напісаць імгненна, праўда, калі не сядзець у турме. Для журналіста сыстэма сацыяльных сетак, калі ты знаходзіш сваю аўдыторыю, калі ты ў яе пагружаесься, калі ты зь ёй раісься, для мяне асабіста гэта спосаб пошуку новай інфармацыі, новых герояў.
Я вельмі часта ў сваёй перадачы «Толькі жанчыны» раюся са сваёй аўдыторыяй і прашу і тэмы падказаць вельмі часта, і герояў. Калі кажуць, вось пашукайце на катэдры нейкага інстытуту празь якога сакратара тэлефон, я ўжо гэтага рабіць ня буду, бо амаль усе героі таксама ў Фэйсбуку, і не здымаючы трубку тэлефону можна напісаць і запрасіць героя.
Гэта для журналіста магчымасьць атрымаць рэакцыю і заўвагу, і крытыку ў тым ліку, але насамрэч і зыніцыяваць, і зрабіць нешта, і атрымаць ідэю для таго, што ты зробіш. Гэта вельмі каштоўная рэч. Бо ты маеш значна больш магчымасьцяў пачуць розныя меркаваньні, чым калі ты працуеш у папяровым выданьні.
Дракахруст: Віялета, а вы можаце сказаць — ну хоць у мяне клікаў мала, але я духоўна багацейшая за вас?
Саўчыц: Я ня веру ў клікі яшчэ і таму, што клікбэйт — зло. Працуе часам такая формула тры К: кішкі, кроў, какашкі. Гэта чытаецца, на нейкую падзею крававую будзе нашмат больш клікаў, чым на нейкі аналітычны артыкул. І гэта таксама някепска.
Мартыновіч: Безумоўна, някепска. Я бы хацеў дапоўніць пра наўпроставы дыялёг са сваім чытачом, гледачом, слухачом у сацыяльных сетках. Вельмі важна, калі ты посьціш матэрыял па нейкай тэме ў сябе, а чалавек глядзіць, што ў яго падобная праблема, ён піша наўпрост табе: слухай, а ў мяне таксама ваду адключылі, давай зробім.
Якія мэдыя адамруць у бліжэйшы час?
Дракахруст: Папяровыя газэты адамруць — многія даюць такі прагноз. Пра тэлебачаньне так ня скажаш, тэлебачаньне будзе жыць. А вось газэты, і ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўразьвязе, сумарная аўдыторыя папяровых выданьняў імкліва і няўхільна зьмяншаецца. Яны ўсе ўжо ёсьць у інтэрнэце. Менавіта «папера» памрэ на вашым веку?
Саўчыц: Памрэ. Напрыклад, «Наша Ніва» ўжо не выпускае друкаваную вэрсію. Усё пераходзіць у лічбавую форму.
Дракахруст: Ну, папяровая «Наша Ніва» памерла, а «Народная Воля» не памірае.
Мартыновіч: Папяровыя выданьні, мяркую, памруць. На жаль, гэта так. Але я тут бачу адзін пазытыўны момант. Віялета сказала, што я аптыміст. Вось скажу як аптыміст — мы захаваем лес.
Дракахруст: Як у старым анэкдоце: забі бабра — уратуй дрэва.
Соўсь: Я думаю, што папяровыя выданьні не памруць. Яны будуць вымушаныя перафарматавацца як «Наша Ніва». Яна выходзіць як папяровая «Наша гісторыя». Яны будуць знаходзіць спосабы прыходзіць да чытача. Радыё менш папулярным робіцца. Але зараз модная форма — падкаст. І значна больш зручна моладзі паслухаць падкаст, чым радыё. Але сутнасьць не мяняецца, гэта аўдыё пэўнага фармату, якое ты можаш слухаць у зручны для цябе час. Я думаю, што не памрэ ні радыё, не тэлебачаньне, ні газэты, але проста яны будуць шукаць новыя формы. Магчыма, у параўнаньні з электроннымі мэдыя іх стане менш, але яны не памруць, яны стануць іншымі.
Саўчыц: Канешне, гэта трансфармуецца, бо зараз ёсьць паняцьце slow media, калі людзі могуць спакойна пачытаць газэту ці часопіс, спажываць кантэнт не на бягу, як фастфуд.
Соўсь: Год таму ў Вашынгтоне я была ў адным раёне амаль у цэнтры гораду, там жыве шмат людзей. Дарога займала да мэтро 20 хвілін, я ішла, глядзела, як людзі жывуць. Побач з кожным домам ляжаў у цэляфане пачак выпісаных газэт. Праўда, гэта быў добры раён, але гэта таксама пра нешта сьведчыць.