Расейская амбасада ў Вашынгтоне адказала на даклад спэцпракурора Мюлера аб умяшаньні ў выбары прэзыдэнта ЗША дакладам аб русафобіі ў гэтай краіне.
На сайце дыпляматычнага прадстаўніцтва выкладзены 120-старонкавы дакумэнт пад назвай «Рашагейт-істэрыя: Справа аб сур’ёзнай русафобіі».
У тэксьце сабраны публікацыі амэрыканскіх СМІ і заявы палітыкаў, згадваецца ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары. Пералічаныя як даказаныя факты, так і меркаваньні і падазрэньні. У якасьці абвяржэньня пазначаныя паведамленьні розных чыноўнікаў і палітыкаў і публікацыі ў іншых амэрыканскіх выданьнях, у якіх выяўляецца іншы пункт гледжаньня на прадстаўленыя заявы.
У якасьці эпіграфа да дакладу абраная цытата зь кнігі амэрыканскага сэнатара 1960-1970-х гадоў Уільяма Фулбрайта, які напісаў, што калі амэрыканская дэмакратыя будзе разбураная, то не расейцамі ці кітайцамі, а самімі амэрыканцамі, і фрагмэнт прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор ЗША: Расея ўмешвалася ў выбары, але змовы з кампаніяй Трампа не былоУ дакладзе сьцьвярджаецца, што з 2016 году толькі ў чатырох буйных расейскіх СМІ выйшлі больш за 8000 публікацый аб умяшаньні Расеі ў выбары. Пасольства лічыць, што расьсьледаваньне Мюлера не знайшло доказаў умяшаньня Расеі (на самай справе гэта не так — РС) і заклікала амэрыканскіх партнэраў аднавіць адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой. «Мы спадзяемся ня толькі на нармалізацыю адносін, але і на вылячэньне палітычнага дыскурсу ў самой Амэрыцы», — гаворыцца ў тэксьце.