Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар праінфармаваў заканадаўцаў ў спэцыяльна накіраваным ім лісьце, што расьсьледаваньне спэцпракурора Робэрта Мюлера ў справе падазрэньня аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША ня выявіла фактаў парушэньня закону прэзыдэнтам Дональдам Трампам. Разам з тым, у лісьце гаворыцца, што гэтая выснова не «рэабілітуе» прэзыдэнта.
Мюлер расьсьледаваў як расейскае ўмяшаньне, так і ўзаемадзеяньне расейскіх афіцыйных асоб і з асобамі, зьвязанымі з Дональдам Трампам.
У датаваным 24 сакавіка лісьце Міністэрства юстыцыі таксама адзначаецца, што сьведчаньні, сабраныя спэцпракурорам Мюлерам, «не зьяўляюцца дастатковымі для выяўленьня» фактаў, якія б пацвярджалі, што Трамп «перашкаджаў правасудзьдзю».
У лісьце Бара адзначаецца, што Мюлер, расьсьледуючы расейскае ўмяшаньне ў прэзыдэнцкую кампанію 2016 году, расьсьледаваў і падазрэньні, што супрацоўнікі выбарчага штабу Трампа і іншыя зьвязаныя з штабам асобы, удзельнічалі ў змове з урадам Расеі.